Гісторыя22

Свірскі звон аказаўся жыровіцкім «Канстанціусам». Гісторык высветліў паходжанне помніка беларускага ліцця з каталіцкім гербам і кірылічнай малітвай

Гісторык і архівіст Дзяніс Лісейчыкаў адшукаў у дакументах базыльянскага ордэна звесткі пра гісторыю звона, на якім можна пабачыць як герб віленскага біскупа, так і малітву на царкоўнаславянскай мове.

Свірскі звон з выявай укрыжаванага Ісуса ў атачэнні херувімаў, пакладзены каля сцен касцёла. Фота: Вольга Дрэка

Гэтым невялікім, але важным адкрыццём ён падзяліўся на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Сёння гэты помнік беларускага ліцця мастацкага XVIII стагоддзя захоўваецца на тэрыторыі касцёла Святога Мікалая ў Свіры Мядзельскага раёна. Масіўны артэфакт вагой 900 кілаграмаў быў адліты майстрам Амброзіем Янам Патунам у 1701 годзе.

Асаблівасцю звона з'яўляецца эклектыка яго аздаблення. Цэнтральную частку ўпрыгожвае выява абраза Маці Божай Жыровіцкай, а па верхнім краі ідзе кірылічны надпіс на царкоўнаславянскай мове — малітва «Больш годную пашаны за херувімаў і без параўнання больш слаўную за серафімаў…». Акрамя кірылічнага тэксту, унізе змешчаны лацінскі подпіс майстра і герб «Стрэмя». Лацінскія ініцыялы вакол герба ўказваюць, што ён належыць Канстанціну Казіміру Бжастоўскаму, тагачаснаму віленскаму біскупу.

Свірскі звон упрыгожаны рэльефным дэкорам, у тым ліку выявай Маці Божай з дзіцем і скіпетрам, аточанай ззяннем і херувімамі. Фота: фэйсбук Лісейчыкава

Разбіты і адліты нанова з дапамогай біскупа

Тлумачэнне гісторыі артэфакта знайшлося ў дакументах базыльянскага ордэна 1710‑х гадоў. Дзяніс Лісейчыкаў адшукаў там апісанне званоў манастыра ў Жыровіцах, дзе пра стварэнне «свірскага» звона гаворыцца наступнае:

«Другі [звон] «Канстанціус», спраўлены і адліты коштам манастыра, а высілкамі тагачаснага жыровіцкага настаяцеля святой памяці айца Канстанціна Вітапольскага, у 1660 годзе. <…> Гэты звон разбіты і пераліты 14 ліпеня 1701 года <…> да яго прыклаў 50 талераў віленскі біскуп Канстанцін Бжастоўскі, таму ён зноў пад іменем «Канстанціус» і з гербам айца біскупа адліты».

Такім чынам у назве звона ўшанаваны адразу два іерархі-цёзкі, уніяцкі і каталіцкі. 

Уверсе па звоне праходзіць пояс з царкоўнаславянскім надпісам «частнейшую херувім і слаўнейшую воістіну серафім…», унізе — выявы абраза Маці Божай Жыровіцкай і герба «Стрэмя» віленскага каталіцкага біскупа Канстанціна Бжастоўскага. Фота: фэйсбук Лісейчыкава

Лёс звона-падарожніка са Свіры

Якім чынам жыровіцкі «Канстанціус» з цягам часу пакінуў родны манастыр і апынуўся далёка на поўначы, у Свіры, пакуль застаецца загадкай. У ХХ стагоддзі яго лёс склаўся драматычна. У 1982 годзе, калі савецкія ўлады па-варварску пераабсталёўвалі свірскі касцёл пад заводскі цэх, помнік атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні. Пэўны час ён захоўваўся ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі, пакуль у 1990 годзе яго не вярнулі вернікам.

Сёння масіўны артэфакт з-за атрыманых пашкоджанняў ужо не можа выконваць сваю прамую функцыю і вісець на званіцы. Цяпер ён спачывае на зямлі каля муроў касцёла.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Valadzimir
    23.06.2026
    Гэта помнік ЛІТОЎСКАГА ліцьця, а не "беларускага"! А назва "аграгарадка" - НЕ "Жыровіцы", а ЖыровіЧы!
  • "царкоўнаславянская" мова ВКЛ
    23.06.2026
    дадам : "царкоўнаславянская" мова ВКЛ адрозніваецца ад "царкоўнаславянскай" мовы маскоўскага улуса

Цяпер чытаюць

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі39

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка збіраецца на доўгі час за мяжу57

Лаўроў: Беларусь імкнуцца ўцягнуць ва ўкраінскі канфлікт11

Заробак як у айцішніка: беларускаму трактарысту прапануюць да 10 тысяч рублёў. Разабраліся, у чым сакрэт5

СК РФ назваў прозвішчы адказных і выканаўцаў, хто, па яго версіі, атакаваў аўтобус з беларускімі дзецьмі пад Бранскам17

26‑гадовы Максім з Баранавіч — новая ахвяра вайны12

«Гэта ўнікальны выпадак!» Каля «Мінск-Свету» заўважылі птушку года1

Будынак крэйдавага завода ў Белгарадскай вобласці разбураны ў выніку ўдару беспілотнікаў1

Ордэн Белага Арла, які забралі ў Зяленскага, вярнуўся ў Польшчу. Што з ім будзе цяпер?4

У Крыме здарылася маштабнае адключэнне святла6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі39

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць