У лясах Беларусі пачалі масава ставіць новыя інфармацыйныя стэнды. Міністэрства лясной гаспадаркі паведаміла, што праводзіць такую працу ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Стэнды вырабляюць паводле адзінага стандарту. Іх галоўная асаблівасць — убудаваныя QR-коды, праз якія са смартфона можна атрымаць доступ да розных лічбавых сэрвісаў.
Непасрэдна ў лесе можна даведацца, якія лесагаспадарчыя работы або высечкі праводзяцца на канкрэтным участку, праверыць актуальную карту забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў у залежнасці ад пажарнай небяспекі, аформіць заказ на куплю дроў праз інтэрнэт, а таксама азнаёміцца з інструкцыяй, як дзейнічаць у выпадку, калі чалавек заблукаў у лесе.
У Міністэрстве лясной гаспадаркі адзначаюць, што такая сістэма павінна зрабіць інфармацыю пра вядзенне лясной гаспадаркі больш даступнай і празрыстай. Акрамя таго, стэнды могуць служыць дадатковымі арыенцірамі для турыстаў і грыбнікоў.
Падобныя інфармацыйныя элементы ўжо выкарыстоўваюцца ў некаторых рэгіёнах Беларусі, у тым ліку ў ландшафтным заказніку «Азёры» пад Гроднам і на інклюзіўнай экалагічнай сцежцы «Падарожжа ў прыроду без перашкод» у Расонскім раёне.
Каментары
"ЗДЕСЬ ВЫ МОЖЕТЕ ЗАКАЗАТЬ ДРОВА (ОНЛАЙН)"
(І агульная (не пра канкрэтны участак) інфармацыя з сайта.)
Вось для таго і прыдумалі тыя плакаты, для дадатковай рэкламы.
А навошта яшчэ той лес, калі не для дроў? (горкі сарказм)
І з QR-кодамі людзі яшчэ не найграліся, не разумеюць уразлівасці.
Спасылку могуць замяніць на сайт наркагандлю, фішынг з крадзяжом даных або нават сайт "экстрэмісцкага" выдання. І яна будзе вісець доўга, пакуль нехта адказны не заўважыць. Квадрацікі і квадрацікі.