Грамадства11

Беларуска праектавала метро ў Мінску, а зараз адказвае за станцыі ў Нью-Ёрку

Калі вы ездзілі па Зялёналужскай лініі сталічнага метро, то амаль што завочна знаёмыя з гераіняй гэтага тэксту — яна была ў камандзе, якая праектавала новыя станцыі. Цяпер Вера жыве ў Нью-Ёрку і ўжо два гады працуе ў мясцовым метрапалітэне як архітэктурны лід. 

Злева — першы выезд Веры на будоўлі метро як архітэктаркі ў 2016 годзе, справа — выезд на будоўлі ў Нью-Ёрку, ЗША, 2026 год. Фота: асабісты архіў

Беларуска расказала «Люстэрку» пра сваю працу, офіс на Манхэтэне, тое, ці шмат пацукоў на станцыях метро і чаму яе калегі ў захапленні ад мінскага метрапалітэна.

«Мала якія кампаніі ў Нью-Ёрку могуць тое, што мы рабілі ў Мінску»

Гісторыя Веры як архітэктаркі пачалася, калі ў 17 гадоў яна паступіла ў БНТУ на архітэктуру і пераехала ў Мінск. Пра выбар прафесіі 29‑гадовая беларуска згадвае з усмешкай: у падлеткавым узросце ўвогуле хацела стаць вялікай харэографкай.

— Але мяне маці спыніла і сказала: «Вера, я не хачу спансаваць усё тваё жыццё, таму выберы сабе якую-небудзь больш сур’ёзную спецыяльнасць», — расказвае яна. — А ў мяне мама вельмі крэатыўны чалавек, дызайнерка-мадэльерка жаночага адзення. Таму я з дзяцінства любіла працаваць з лякаламі, маці мяне вучыла гэтаму. Праз гэта крэатыўны і тэхнічны бакі пачыналі разам працаваць у галаве — і так я выбрала архітэктуру, бо там таксама спалучаецца і мастацтва, і тэхнічнасць.

Вучоба ў БНТУ падабалася, але хацелася большага — на трэцім курсе беларуска паспрабавала ўладкавацца ў «Мінскметрапраект». На той момант яе навыкі былі больш тэарэтычнымі, таму студэнтка шукала практыку.

— Яны тады сказалі: «Дзетачка, ты такая юная, ідзі яшчэ вучыся, мы ніколі не бралі студэнтаў на працу». І я пайшла — працавала ў архітэктурнай майстэрні на Крамарэнку (Віктар Крамарэнка — беларускі архітэктар, аўтар праекта Нацыянальнай бібліятэкі, кінатэатра «Масква» ў Мінску, станцыі метро «Трактарны завод» і не толькі), — успамінае суразмоўца. — На апошнім курсе, калі трэба было думаць пра размеркаванне, я зноў прыйшла ў «Мінскметрапраект»: «Памятаеце мяне?» І яны мяне ўзялі на вучэбную практыку, а потым узялі і на размеркаванне — так пачаўся мой шлях у сферы метро, транспартнай архітэктуры.

Злева — Вера ў офісе «Мінскметрапраекта» ў 2016 годзе, калі яшчэ спалучала працу з вучобай. Справа — ужо дыпламаваная архітэктарка, 2018 год. Фота: асабісты архіў

Так у 21 год Вера пачала працаваць у досыць вузкай і нішавай архітэктурнай сферы, якая вельмі падабалася: у тунэлях і метро яна бачыла нешта таямнічае. Паглыбляцца ў сферу было цікава, натхняла праектаванне новых станцый, якім тады якраз займаўся «Метрапраект».

— Мы распрацоўвалі новую лінію: я была ў камандзе, якая працавала над станцыямі «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Юбілейная плошча», «Багушэвіча», «Аэрадромная», — расказвае беларуска. — Больш за ўсё я працавала над «Аэрадромнай». Там мы рабілі класны BIM-праект, калі ўся станцыя зроблена як інфармацыйная мадэль у 3D, усе сістэмы, усе камунікацыі пераплятаюцца. Гэта вельмі высокі ўзровень праектавання. Тады я гэтага не разумела, не цаніла, наколькі мы крутыя рэчы там рабілі. Забягаючы наперад: у Нью-Ёрку я пабачыла, што мала якія мясцовыя кампаніі могуць тое, што мы рабілі ў Мінску дзесяць гадоў таму. Хаця тут вельмі круты ўзровень.

За шэсць гадоў працы на «Мінскметрапраекце» Вера вырасла да архітэктара другой катэгорыі — і ў 2021 годзе атрымала запрашэнне ад маскоўскай кампаніі «Масінжпраект».

— Гэта было як павышэнне: і ў сэнсе заробку, і ў плане больш цікавых праектаў, — расказвае яна. — Там быў вялікі транспартны хаб, вузел з некалькіх станцый, і мы пачалі над ім працаваць. Але там я заставалася толькі да 2022-га.

«Вось так у шэсць вечара я выйшла на вуліцу ўжо без працы»

У 2022 годзе Вера задумалася пра пераезд — а ў ЗША якраз жылі родныя, і таму выбар паў на гэтую краіну. Так беларуска перабралася ў Нью-Ёрк — і пачала новы этап свайго жыцця.

— Напачатку было няпроста. Я вучыла мову, бо прыехала не вельмі падрыхтаваная, не размаўляла свабодна на англійскай. Першыя паўгады ў мяне было па тры школы англійскай на дзень: як фултайм. Паралельна я рабіла дакументы, паперкі — і праз паўгады знайшла працу дызайнеркай інтэр'ера і мэблі, — успамінае суразмоўца.

Але да метро тады яшчэ было далёка: не хапала прафесійнай лексікі, не было звычкі да мясцовай сістэмы вылічэнняў (у ЗША не карыстаюцца звыклай нам метрычнай сістэмай).

— Гэта было самае складанае, бо я працую з сістэмай вымярэнняў. І таму першая праца мне з гэтым вельмі дапамагла. Мы працавалі з італьянскай мэбляй, якая праектуецца і робіцца ў сантыметрах, метрах, міліметрах, а я з ёй рабіла інтэр'еры на амерыканскі рынак. Таму мне трэба было гэтую еўрапейскую кухню, кабінецікі, шафкі, шуфлядачкі — усё гэта перавесці ў цалі (адна цаля — 2,54 см), — расказвае яна. — За год там вывучыла, як афармляюцца чарцяжы ў Штатах, чым адрозніваюцца. Паколькі ў мяне ўжо быў вялікі багаж ведаў, прыходзілася перавучваць сябе, перанесці ўсё на новыя правілы, новую мову, новую сістэму вымярэння. 

Вера падчас працы дызайнеркай інтэр'ераў і кухань, 2023 год, Нью-Ёрк, ЗША. Злева — выезд на замеры ў Манхэтэне, справа — праца ў офісе. Фота: асабісты архіў

Праз год на першай працы здарылася нечаканае. Усё было як у кіно, згадвае Вера. У звычайны працоўны дзень супрацоўнікаў запрасілі ў канферэнц-залу за гадзіну да канца працоўнага дня — і больш нічога не патлумачылі.

— І тут гаспадары кампаніі кажуць: «Мы банкроты, з заўтрашняга дня вы беспрацоўныя, а ўвесь будынак і ўсё, што ў ім, належыць банку», — успамінае яна. — Я стаю і не разумею, што гэта за прыкол. Больш за 100 чалавек у кампаніі! Не толькі мы дызайнеры, там была вытворчасць, ІТ-сектар, прадажнікі. Адны істэрычна пачынаюць смяяцца, другія пачынаюць плакаць, бо ў людзей крэдыты на дом, дзеці. І вось так у шэсць вечара я выйшла на вуліцу ўжо без працы.

Потым беларуска падалася на дапамогу па беспрацоўі, якую ёй плацілі шэсць месяцаў, бо Вера страціла працу не па сваёй віне. Сума не кампенсавала ўсе выдаткі, асабліва для Нью-Ёрка, але стала добрай падтрымкай, дадае беларуска. А таксама дазволіла ёй нарэшце пачаць шукаць працу, блізкую да архітэктуры і метро, — так суразмоўца стала адпраўляць рэзюмэ, партфоліа ў розныя архітэктурныя кампаніі.

— Было цікава, можа, я буду хмарачосы праектаваць, у Нью-Ёрку ж усё ў шкле, у бетоне, — расказвае Вера. — А паралельна вучылася ў нью-ёркскім прыватным каледжы, які рыхтуе архітэктараў і інжынераў. У іх ёсць бясплатная праграма для эмігрантаў з профільнымі дыпломамі іншых краін. Ты сам выбіраеш класы, знаёмішся, табе дапамагаюць рыхтавацца да гутарак. Былі нават класы пра тое, як працаваць з сіндромам самазванца, бо гэта самая вялікая праблема ва ўсіх, хто сфармаваўся як спецыяліст у сваёй краіне і пераехаў у новую, — расказвае беларуска.

Вера ў Нью-Ёрку падчас пошукаў працы. Фота: асабісты архіў

Праўда, першы досвед гутарак быў не вельмі станоўчы, кажа Вера. Справа ў тым, што ў ЗША, каб працаваць архітэктарам, трэба ліцэнзія — без яе чалавек можа быць асістэнтам архітэктара, дызайнерам ці архітэктурным лідам, але з прыпіскай, што ён неліцэнзаваны. У суразмоўцы такога пасведчання пакуль няма, у тым ліку праз бюракратычныя цяжкасці: каб пацвердзіць сваю адукацыю, ёй трэба, каб БНТУ даслаў напрамую ў Міністэрства адукацыі штата Нью-Ёрк пацвярджэнне. Але беларуская ВНУ зрабіць гэта не можа праз уласныя правілы.

Хаця Вера можа атрымаць ліцэнзію ў іншым штаце, дзе іншыя пратаколы, для гэтага таксама трэба адпрацаваць мінімум два гады пад ліцэнзаваным архітэктарам і здаць некалькі экзаменаў. Усё гэта адтэрміноўвае атрыманне запаветнага дакумента.

Без яго ж выходзіць дзіўная сітуацыя: досвед беларускі багаты і цікавы, але прэтэндаваць яна можа на пасады, для якіх ён празмерны. Таму напачатку і было шмат адмоў: беларусцы пісалі, што яна «занадта овэркваліфайд».

«Сядзелі і разглядалі маё партфоліа з адкрытымі ратамі»

Нягледзячы на гэта, Вера працягвала пошукі — і пабачыла вакансіі ў MTA (Metropolitan Transportation Authority, дзяржаўнае транспартнае агенцтва, якое кіруе метро, аўтобусамі і прыгараднымі цягнікамі ў Нью-Ёрку і яго ваколіцах). Там набіралі групу архітэктараў, ад асістэнта да ліцэнзаваных спецыялістаў розных узроўняў. Даслала рэзюмэ адразу на ўсе вакансіі і нават паспела забыць — а праз два месяцы атрымала на пошту ліст.

— Чытаю: «Выбачайце, вас не выбралі на такую-та пазіцыю ад МТА». Думаю: «Дзякуй, хоць адказалі», бо шмат якія кампаніі ігнораць. На наступны дзень прыходзіць другі ліст — прыслалі афіцыйную прапанову прыйсці на гутарку! То бок на адну пазіцыю адмовілі, на іншую — запрасілі, — тлумачыць беларуска. — Я пачала хуценька рыхтавацца са сваім рэпетытарам. У мяне быў адзін дзень і ноч, каб паспрабаваць уразіць на не сваёй мове такую буйную кампанію.

Пачатак працы Веры ў МТА: злева — першы месяц на новым месцы, справа — першая інспекцыя, 2024 год. Фота: асабісты архіў

На той момант, згадвае Вера, яна нават дакладна не ведала, што будзе рабіць. Падалася, бо пабачыла словы «архітэктар» і «метро». І падумала: «Давайце паспрабуем».

— Прыходжу ў будынак у цэнтры Манхэтэна, на Уол-стрыт. Маё першае ўражанне, нібыта Міністэрства магіі ў «Гары Потэры», дзе ўсе з чамаданчыкамі забягаюць. Усе сур’ёзныя, у гальштуках, кашулях. І я, такая самазванка, прыйшла, — дзеліцца яна думкамі ў той момант. — Мяне прапусцілі, сфатаграфавалі, аформілі. Прыходжу на інтэрв'ю, паказваю рэзюмэ і партфоліа. Яны бачаць, што гэта паўнавартасная спецыялістка, якая столькі ўсяго праектавала, станцыі ў Мінску, Маскве — да іх яшчэ ніколі не прыходзілі людзі з досведам працы з метро. Плюс я разбіралася ў самых новых праграмах, як Revit (прафесійная праграма для інфармацыйнага мадэлявання будынкаў. — Заўв. рэд.). Яны былі вельмі здзіўленыя, калі паказвала мінскае метро, чарцяжы, сядзелі і разглядалі маё партфоліа з адкрытымі ратамі. А мяне такі гонар распіраў за мінскую каманду праекціроўшчыкаў у «Мінскметрапраекце»! Яны сказалі, што гэта вельмі класна, «мы хочам гэты новы подых, новы погляд, новыя ідэі, каб зрабіць станцыі Нью-Ёрка лепшымі».

Калі Вера дадала, што яшчэ праходзіць праграму перападрыхтоўкі ў мясцовым каледжы, сумневаў на яе конт не засталося. Падчас гутаркі ёй адразу далі зразумець, што ўсё добра і з ёй звяжуцца, хаця сама беларуска верыла ў гэта не да канца.

— Выйшла адтуль і адразу пайшла ў бар, бо быў такі стрэс, усё калацілася. Мне трэба было адсвяткаваць сам факт, што я справілася, здолела прайсці інтэрв'ю. Я яшчэ не ведала, ці мяне выберуць, але я годна прайшла яго. Праз два дні мне патэлефанаваў HR і сказаў: «Віншуем, вас выбралі», — дзеліцца яна. — Я проста скакала і вішчэла! Я вельмі хацела працаваць з метро, бо метро — гэта мая любоў і страсць. Гэта было рэальна шчасце. А потым мяне накрыў страх: гэта памылка, не ведаю, чаму мяне выбралі, зараз яны патэлефануюць і скажуць, што насамрэч не бяруць. Былі такія эмацыйныя амерыканскія горкі.

Вера падчас інспекцый у нью-ёркскім метро, 2025 год. Фота: асабісты архіў

На моманце ўладкавання (гэта было два гады таму) зноў узнікла пытанне ліцэнзіі: без яе Веры прапанавалі толькі пазіцыю асістэнткі архітэктара. Беларуска без ваганняў пагадзілася і гатовая была выйсці хоць заўтра. На справе атрымалася не так хутка — спачатку былі ўнутраныя праверкі.

— Мне здавалася, нібыта я ўладкоўваюся ў ФБР, а не ў МТА. Пыталіся шмат усяго, усе дакументы трэба падрыхтаваць, хто ты, што ты, які бэкграўнд, дзе праектавала. Збіралі шмат інфармацыі пра маю прафесійную дзейнасць. Правяралі мой дыплом. Дарэчы, мой дыплом бакалаўра ў БНТУ ацанілі тут як магістратуру ў сферы архітэктуры па крытэрыях Амерыкі, бо мы вучыліся тады шэсць гадоў, — расказвае яна.

«Пацукі — гэта частка нью-ёркскай візітнай карткі»

У МТА пасада Веры фармальна гучала як «асістэнтка архітэктара», але насамрэч яе ўзялі як архітэктурнага ліда — то бок кіраўніцу праектаў з боку станцыі. Асноўнае адрозненне ад працы ў Мінску — калі тут суразмоўца стварала планы новых станцый метро, цяпер яе задача — падтрымаць працу метро.

— Яму тут больш за 100 гадоў, яно рэальна старое. І няма чаго хаваць, праблем стае. Нью-ёркскае метро — вельмі добрае сховішча для бяздомных падчас зімы, напрыклад, — кажа яна. — Пацукі — гэта частка нью-ёркскай візітнай карткі. У метро часта брудна, смурод. Не ўсе раёны аднолькава бяспечныя. Гэта таксама ўплывае: у якім раёне знаходзіцца станцыя, такое там асяроддзе. Дарэчы, чым больш яна прывабная, тым хутчэй гэта больш турыстычнае месца. Хаця, як расказваюць людзі, якія тут нарадзіліся, «гэта чыстае, ідэальнае метро ў параўнанні з тым, што было 20 гадоў таму».

Сама Вера больш звяртае ўвагу на метро як на структуру, на тое, як шмат яму гадоў, як наладжана праца. Тое, што там брудна, цікавіць беларуску ў апошнюю чаргу.

— Я хаджу з адкрытым ротам і думаю, наколькі гэта было запраектавана: мільён ліній, якія пераплятаюцца (насамрэч ліній 36, а станцый 500, «мільён» тут вобразна), цягнікі ходзяць дакладна, — адзначае яна. — Таксама праз тое, што горад складаецца з выспаў, навокал грунтавыя воды, падземныя і наземныя тунэлі пераплятаюцца. Таксама тут метро неглыбокай закладкі. У Мінску мы звыклі да глыбокіх станцый, бо было больш магчымасцяў вырыць катлаван, зрабіць станцыю і закапаць. Тут ты не можаш проста раскалупаць паў-Брадвея, нешта зрабіць. Праз гэта станцыі вельмі награваюцца летам і прамярзаюць зімой. У выніку немагчыма дыхаць, вентыляцыі недастаткова, бо станцыі старыя і пры будаванні 100 гадоў таму не было прадугледжана столькі шмат іншых галінакі такі вялікі трафік.

«Мне раяць звыкаць, бо гэта не Мінск»

Праз такую асаблівасць мясцовага метро асноўная задача супрацоўнікаў МТА — падтрымліваць станцыі ў дзейным стане і абнаўляць іх, каб дацягвацца да сучасных нормаў.

— Напрыклад, я рабіла рэв’ю (агляды. — Заўв. рэд.), правярала, пісала каментарыі, знаходзіла памылкі ў чарцяжах, якія нам дасылалі. Правярала пасажырапатокі, цыркуляцыю, як гэта ўплывае, калі мы закрываем адныя сходы, ці можам адкрыць другія, — апісвае жанчына сваю працу. — Метро Нью-Ёрка працуе 24/7, гэта жывы арганізм. Яно не можа спыніцца, мы не можам закрыць станцыю, каб яе адрамантаваць. І ты нібыта робіш аперацыю на адкрытым сэрцы. Напрыклад, шмат на якіх станцыях зараз мы спрабуем укараніць ліфты, эскалатары ці новыя сходы, каб яны адпавядалі новым нормам, каб забяспечыць людзей з дадатковымі патрэбамі.

Злева — працоўны дзень Веры ў офісе на Манхэтэне, справа — від з вокнаў офіса, 2026 год. Фота: асабісты архіў

На новым месцы прыняты і іншы падыход. Напрыклад, спачатку беларуска абуралася, чаму нельга замяніць сходы цалкам, а не рамантаваць пралёты, ці няўжо складана вырашыць пытанне аблупленай фарбы.

— Тады мне раяць звыкаць, бо гэта не Мінск (смяецца). Мне кажа калега: «Вера, гэта старое, але ўсё яшчэ функцыянальнае». Гэты адказ растлумачвае ўвесь падыход у нью-ёркскім метро, — кажа яна. — Таму і я тут пачала глядзець на функцыянальнасць, тое, што можна захаваць. Але эстэтыка для мяне ўсё яшчэ важная. У камандзе я змагарка за прыгажосць, звяртаю ўвагу на дробязі, каб усё выглядала прывабна і чыста. Я часта прапаную дадаць дэкаратыўныя рашэнні, падабраць колер, каб прастора была больш утульнай. Спрабую данесці гэты падыход.

Зараз Вера працуе над 60 рознымі праектамі. Яны бываюць розныя па тэмах і маштабах: ад адных маленькіх сходаў, якія трэба цалкам перарабіць, ці ліфта, які трэба дадаць на старую станцыю, да працы са знешнімі партнёрамі. Сярод гэтага няма праектавання новых частак метро (зараз у Нью-Ёрку будуюцца тры новыя станцыі, але на гэты праект Веру не прызначылі), але суразмоўца сумавала толькі напачатку. Потым яна атрымала знешні праект — і ён апынуўся не менш цікавым.

— Такі тып задач звязаны са знешняй забудовай. Напрыклад, на Манхэтэне шмат хмарачосаў. Калі будуецца новы і трапляе ў прастору нашых станцый, мы павінны з імі супрацоўнічаць. Яны аб’ядноўваюць выхады з нашымі станцыямі ці ставяць свае фундаменты і забіраюць нашы памяшканні. Мы пачынаем абмяркоўваць і таргавацца. Тады яны робяць новую сістэму кандыцыянавання ці даюць нам новыя памяшканні, а мы за гэта дазваляем выкарыстаць нашу прастору, — прыводзіць прыклад спецыялістка. — У такіх праектах я знаёмлюся з сучаснай архітэктурай хмарачосаў, прадстаўляю метро, абараняю станцыю, пасажыраў і персанал. Гэта цікавы мікс, дзе шмат чаму вучышся. Бачыш, як людзі вядуць перамовы, якія яны тэхнічна падкаваныя. Мне гэта вельмі цікава, і я прашу кіраўніцтва даваць мне такія праекты з вонкавымі будынкамі. Бо, хаця вельмі сумую па праектаванні, пачала рухацца ў кірунку праджэкт-менеджменту і планую развівацца туды.

Інспекцыя ў нью-ёркскім метро, ЗША, 2026 год. Фота: асабісты архіў

«Выглядаю сур’ёзна, хаджу з чарцяжамі, усё фатаграфую, запісваю, больш маўчу і слухаю»

Большую частку часу беларуска праводзіць у офісе на Манхэтэне, графік — з васьмі раніцы да чатырох вечара. Але без выездаў на станцыі не абыходзіцца: каб працаваць з метро, трэба бачыць, што ў ім адбываецца.

— Я люблю працу на выездах, бо ты лепш уяўляеш аб’ёмы. У Мінску я, бывала, рабіла памылкі ў чарцяжах, а потым на будоўлі бачыла кіламетровую балку і думала: «Як я магла яе так запраектаваць?» — успамінае яна жартаўліва. — Калі я езджу на выезды ў Нью-Ёрку, апранаю белую каску, камізэльку і спецыяльныя чаравікі. Не так шмат дзяўчат працуе на будоўлі ці ў метро, таму мяне адразу запамінаюць. Я выглядаю сур’ёзна, хаджу з чарцяжамі, усё фатаграфую, запісваю, больш маўчу і слухаю. Яны нават называлі мяне Lady Boss напачатку (смяецца). Насамрэч, як эмігрантка з сіндромам самазванца, я слухаю, бо не заўсёды ўсё разумею праз розныя акцэнты і хуткую размову. Перад тым як нешта сказаць, усё абдумваю ў галаве. Яны думаюць, што я важная і дзелавая, а я спрабую ўсё зразумець.

Пры гэтым сэксізму ў свой бок Вера не заўважала, хаця два гады таму была ў калектыве першай жанчынай-архітэктаркай сярод 15 мужчын. Пазней, праз год, прыйшлі яшчэ тры.

— Усе мы маем розны погляд, розныя рэлігіі і нацыянальнасці, і пры гэтым мы адна каманда. Гэта вельмі дапамагае і натхняе. Калегі мяне падтрымлівалі: абляпілі працоўнае месца стыкерамі з парадамі і новымі словамі, — дзеліцца суразмоўца.

Не было пытанняў і на будоўлі, працягвае яна. Ні разу спецыялістка не адчувала пэўнай паблажлівасці, нібыта яна як жанчына не здольная справіцца са сваёй задачай.

Вера падчас інспекцый у нью-ёркскім метро, 2026 год. Фота: асабісты архіў

— Беларуская працоўная школа выхавала адказных і працавітых работнікаў, і гэта тут вельмі цэніцца. Калегі кажуць, што я раблю нават больш, чым трэба, — расказвае Вера. — А вось у Беларусі на будоўлі я заўважала ўвагу сэксісцкага характару. Калі я пачала працаваць у 20 з нечым гадоў і прыходзіла на будоўлю ўказваць на памылкі, мяне не заўсёды ўспрымалі як сур’ёзную спецыялістку. Звычайныя працаўнікі маглі кідаць слоўцы ці свісцець услед.

Часам прыходзіцца працаваць ноччу, працягвае суразмоўца. Паколькі метро працуе круглыя суткі, умешвацца ў яго жыццядзейнасць можна толькі тады, калі пасажыраў менш за ўсё.

— Напрыклад, каб праверыць новы ліфт на водапранікальнасць, мы робім спрэй-тэст: распыляем ваду. Не можам гэта рабіць, калі пасажыры ходзяць, таму плануем гэта на ноч. Тады, калі закрываем частку станцыі конусамі, людзей не так шмат і няма праблем, — кажа Вера і ўдакладняе, што ўсе перапрацоўкі і выхады ноччу аплочваюцца асобна. — Ці каб праверыць край платформы, мы павінны спускацца на пуці. Спыніць цягнікі на дзесяць хвілін тут днём — гэта драма, таму таксама лепш рабіць гэта ноччу.

Праўда, такія начныя змены браць не абавязкова — але амерыканскае дасягальніцтва ім вельмі спрыяе, дадае беларуска. Да таго ж жыццё ў Нью-Ёрку дарагое, але хочацца павышаць узровень жыцця, вандраваць. Таму і бярэш звышпрацу, тлумачыць спецыялістка.

— Нью-Ёрк, напэўна, самы дарагі горад у свеце, асабліва арэнда жылля, — канстатуе Вера. — Мой заробак уваходзіць у катэгорыю сярэдняга: паколькі ў мяне не было досведу ў нью-ёркскім метро, мне прапанавалі ніжні дыяпазон заробку, і гэта справядліва. Пасля двух гадоў я магу яго павышаць. Калі атрымаю ліцэнзію і мой подпіс будзе каштаваць грошай, заробак павысіцца яшчэ больш. А пакуль я трапляю ў самую нявыгадную катэгорыю: у мяне няма бенефітаў, падаткі высокія, а заробак не такі вялікі. Тыя, хто зарабляе больш за 200 тысяч у год, таксама не маюць бенефітаў, але іх грошы дазваляюць камфортна жыць. Самае ўразлівае звяно — людзі з сярэднім заробкам ад 70 да 100 тысяч.

Вера на старэйшай і зараз закінутай станцыі нью-ёркскага метро City Hall, 2026 год. Фота: асабісты архіў

«Можа, я яшчэ змагу папрацаваць на беларускае метро?»

Праца ў метро Нью-Ёрка вельмі натхняльная і цікавая, дзеліцца Вера. Праектаваўшы метро ў Мінску, Маскве і цяпер у ЗША, яна пабачыла, наколькі розным яно можа быць.

 — Мяне вельмі натхняе, калі сістэмы складаныя. Натхняе, калі шмат спецыялістаў працуюць, і асабліва, калі ты датычны да гэтага. Тут шмат чэленджаў: трэба спалучыць усе сістэмы разам, падумаць пра прастору, інтэр'ер, пра ўсе камунікацыі, як гэта ўсё пераплятаецца ў адным месцы і стварае такі жывы арганізм, транспартны хаб, — кажа яна. — Таксама вельмі натхняе, што я магу свой беларускі бэкграўнд прымяніць і паўплываць на нейкія дробныя рэчы. Нават выраўняць рашоткі на адной сценцы ў парадак і зрабіць гэта эстэтычна — мне здаецца, гэта ўжо нейкая перамога.

Што тычыцца планаў, тут Вера не загадвае далёка. Пакуль што асноўнае — тая самая ліцэнзія. Што будзе далей — невядома. З аднаго боку, разумее, што чым даўжэй пражыве ў ЗША, тым складаней будзе потым пераязджаць: у любым месцы з часам пускаеш карані. З іншага, сум па мінскім метро нікуды не падзеўся:

— Часам лаўлю сябе на думцы: можа, я сапраўды яшчэ змагу папрацаваць на беларускае метро? У мяне ўвогуле была мара стаць аўтаркай станцыі ў мінскім метро. Я не паспела яе рэалізаваць, бо скончыла працаваць раней. І гэтая мара — яшчэ не закрыты гештальт. Можа, калісьці я вярнуся, ужо дарослай жанчынай, ці нават пенсійнага ўзросту, змагу практыкаваць архітэктуру і зрабіць гэта. Таму не хачу будаваць строгіх планаў на будучыню. Жыццё вельмі цікавае, не ведаеш, куды яно цябе завядзе.

Каментары1

  • Бгг
    23.09.2026
    Якая ж гэта беларуска?
    - У яе ёсць адукацыя i талент
    - Яна працуе
    - Размаўляе на той жа мове, што i астатнiя беларусы. Яшчэ i на замежнай.
    - Кажа добрыя рэчы пря Беларусь
    - У яе ёсць беларускi пашпарт
    Падаецца мне, у нас джэк-пот! Хуценька трэба гэтую тожабеларуску адмянiць!

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі адказаў Ціханоўскай: Чамусьці не згадваецца, што рэабілітацыя сына адбывалася ў кватэрах і дамах, якія я купіў97

Ціханоўскі адказаў Ціханоўскай: Чамусьці не згадваецца, што рэабілітацыя сына адбывалася ў кватэрах і дамах, якія я купіў

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, куды паступіў вучыцца сын Макея25

Чым небяспечныя паркавыя вавёркі і як не заразіцца ад іх хваробамі1

Вядомы расійскі рэпер ніяк не можа выступіць у Мінску — то з законамі не шчасціць, то са здароўем3

Беларусы масава скардзяцца на актывізацыю лясных крывасмокаў. І гэта не кляшчы6

Да прыходу еўрапейцаў у Аўстраліі магло жыць нашмат больш людзей, чым лічылася. Потым зніклі 93%4

«Працую, але не магу купіць ежу». У айцішніка ў Польшчы скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта — зараз ён у пастцы35

Пакуль беларуска гасцявала ў Мінску, у яе дом у Іспаніі спрабавалі залезці акупасы25

У Варшаве затрымалі 69‑гадовага паляка ў справе нападу на беларуску Марыну Нікандрыну10

Індыя рыхтуецца ўдвая скараціць закупкі расійскай нафты праз пякельныя санкцыі ЗША5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі адказаў Ціханоўскай: Чамусьці не згадваецца, што рэабілітацыя сына адбывалася ў кватэрах і дамах, якія я купіў97

Ціханоўскі адказаў Ціханоўскай: Чамусьці не згадваецца, што рэабілітацыя сына адбывалася ў кватэрах і дамах, якія я купіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць