Польская «Лялька» стала сусветным хітом Netflix. Што гэта за серыял і чаму вакол яго спрачаюцца
Новая экранізацыя польскай класікі ўсяго за некалькі дзён уварвалася ў сусветны топ Netflix. «Ляльку» глядзяць у дзясятках краін, а ў самой Польшчы серыял выклікаў гарачыя спрэчкі.

Серыял «Лялька» (па-польску Lalka, у міжнародным пракаце The Doll) з'явіўся на Netflix 16 верасня і амаль адразу стаў міжнародным хітом. На наступны дзень пасля прэм'еры ён займаў восьмае месца сярод серыялаў Netflix ва ўсім свеце і трапіў у дзясятку самых папулярных у 41‑й краіне.
Серыял зняты паводле аднайменнага рамана Баляслава Пруса, аднаго з найважнейшых твораў польскай літаратуры XIX стагоддзя. У Польшчы «Ляльку» вывучаюць у школе, а яе героі даўно сталі часткай нацыянальнай культуры. Таму новая экранізацыя яшчэ да выхаду была асуджаная на пільную ўвагу і спрэчкі.
Раман спачатку друкаваўся па частках у газеце ў 1887‑1889 гадах, а асобнай кнігай выйшаў у 1890-м.
Пра што раман
Галоўны герой Станіслаў Вакульскі, багаты варшаўскі купец, закаханы ў маладую арыстакратку Ізабэлу Лэнцкую і спрабуе ўвайсці ў яе свет.

Сітуацыя парадаксальная. Сям'я Ізабэлы слаўнага роду і займае высокае становішча ў грамадстве, але амаль не мае грошай. Вакульскі, наадварот, вельмі багаты, але арыстакраты ўсё роўна глядзяць на купца звысоку. Ён гатовы на многае, каб заваяваць Ізабэлу, але яна зусім не ўпэўненая, што хоча быць заваяванай.
Сам Вакульскі таксама далёка не звычайны купец. У маладосці ён цікавіўся навукай, удзельнічаў у паўстанні 1863 года, за што быў сасланы ў Сібір, а пасля вяртання заняўся гандлем і разбагацеў. Але нават вялікія грошы не зрабілі яго сваім у асяроддзі арыстакратыі.
Праз гісторыю Вакульскага і Лэнцкай Прус паказвае Варшаву канца XIX стагоддзя з яе багатымі і беднымі, арыстакратамі і купцамі, вялікімі грашыма, амбіцыямі і забабонамі. У рамане ёсць і іншыя важныя для таго часу тэмы: становішча жанчын, адносіны палякаў і яўрэяў, рост антысемітызму, навука і вера ў прагрэс.
Стваральнікі серыяла, аднак, вырашылі не прытрымлівацца арыгінала ва ўсім.
Як стваральнікі Netflix змянілі герояў Пруса
Шасцісерыйную «Ляльку» паставіў Павел Маслёна (Paweł Maślona), рэжысёр вядомага польскага фільма «Kos» («Касцюшка»). Сцэнар ён напісаў разам з Паўлам Дэмірскім (Paweł Demirski) і Ягадай Дуткевіч (Jagoda Dutkiewicz).

Аўтары адразу папярэджвалі, што робяць не ілюстрацыю да рамана, а ўласную версію гісторыі. Сам Маслёна параўнаў свой падыход з тым, як у амерыканскай культуры абыходзяцца з Бэтмэнам: ёсць вядомыя героі і асноўны міф, але гісторыю можна расказваць нанова.
Таму асноўныя героі і канфлікт Пруса засталіся, але многія сюжэтныя лініі змяніліся, а некаторыя былі прыдуманыя нанова. Да касцюмнай драмы дадаліся элементы дэтэктыва і трылера, крымінальныя інтрыгі і сямейныя таямніцы.
Асабліва моцна перапісалі Ізабэлу Лэнцкую, якую грае Сандра Джымальска (Sandra Drzymalska). У традыцыйным успрыманні рамана яна часта паўстае распешчанай і павярхоўнай арыстакраткай, не здольнай ацаніць каханне Вакульскага. Новы серыял прапануе паглядзець на яе як на маладую жанчыну, жыццё якой вызначаюць яе пол, паходжанне і чаканні сям'і і якая спрабуе вырвацца з адведзенай ёй ролі.
У серыяле ў Ізабэлы з'яўляюцца ўласныя прафесійныя амбіцыі: яна хоча пісаць і імкнецца трапіць у прагрэсіўны жаночы часопіс. У гэтай сюжэтнай лініі з'яўляецца і рэальная гістарычная асоба — Эліза Ажэшка, ураджэнка цяперашняй Беларусі, адна з найважнейшых польскіх пісьменніц XIX стагоддзя і прыхільніца жаночай эмансіпацыі.
Інакш паглядзелі аўтары і на самога Вакульскага ў выкананні Томаша Шухарта (Tomasz Schuchardt). Яго пачуццё да Ізабэлы выглядае ўжо не толькі як вялікае рамантычнае каханне. Багаты купец метадычна стварае вакол жанчыны сістэму фінансавай залежнасці, каб наблізіцца да яе.
Як піша Culture.pl, «сцэнарысты серыяла ператвараюць варшаўскага купца ў… сталкера, які ахоплівае каханую жанчыну сваімі таксічнымі пачуццямі».
Пры гэтым крытык адзначае, што Шухарту ўдаецца не ператварыць героя ў простага злыдня: Вакульскі застаецца адначасова ўразлівым чалавекам, які сам пакутуе ад класавых бар'ераў, і цынічным гульцом, калі справа тычыцца Ізабэлы.
Водгукі на Netflix-аўскі серыял «Лялька»
Яшчэ да прэм'еры свабоднае абыходжанне з класікай паспела раззлаваць частку польскай публікі. Пасля выхаду трэйлера ў сацсетках абураліся: у Пруса не было такіх сэксуальных сцэн, героі не лаяліся, а многіх падзей серыяла ў кнізе ўвогуле няма.
Culture.pl адказвае на гэтыя прэтэнзіі проста: так, у Пруса гэтага сапраўды не было. Але, на думку выдання, серыял і не варта разглядаць як «відэаілюстрацыю» да рамана. Маслёна ўзяў герояў і свет «Лялькі», каб зрабіць сучасную гісторыю для гледача XXI стагоддзя. Крытык хваліць смеласць гэтай задумы і акцёраў, хоць адзначае, што шасцісерыйнаму серыялу часам бракуе тэмпу.
Значна больш крытычна «Ляльку» ацаніў партал Onet.pl. На думку рэцэнзента, аўтары хацелі адначасова зрабіць сучаснае і іранічнае прачытанне Пруса, касцюмную камедыю, дэтэктыў і постмадэрнісцкую гульню з класікай — і ў выніку часткова страцілі тое, што было моцным у арыгінале.
Асабліва Onet крытыкуе новыя сюжэтныя лініі, якія называе павярхоўнымі. Знікла і частка важнага гістарычнага кантэксту рамана: у прыватнасці, тэмы нарастання антысемітызму і палітычных канфліктаў эпохі. Замест складанай карціны грамадства Пруса, піша рэцэнзент, серыял часам прапануе эфектныя, але слаба звязаныя паміж сабой сцэны.

За межамі Польшчы стаўленне да «Лялькі» пакуль зычлівае. Амерыканскі партал Decider, які спецыялізуецца на стрымінгавых навінках, рэкамендуе серыял да прагляду. Першую гадзіну рэцэнзент палічыў маруднай, але адзначыў, што пасля гісторыя становіцца значна больш непрадказальнай. Асобна ён пахваліў Сандру Джымальскую: яе Ізабэла — не проста капрызная арыстакратка, а жанчына, якая спрабуе сама вызначаць свой лёс.
The New York Times звяртае ўвагу на тое, што Netflix пакінуў усё, чаго чакаюць ад дарагой гістарычнай драмы: балі, дуэлі, гарсэты і палацы. Але за шэсць серый немагчыма змясціць усю складанасць амаль 700‑старонкавага рамана. У Пруса значна больш месца займаюць заняпад польскай арыстакратыі, нацыянальнае пытанне і спрэчкі пра ролю навукі і прагрэсу. Экранізацыя ж канцэнтруецца найперш на адносінах Вакульскага і Ізабэлы.

Сам Маслёна прызнаўся The New York Times, што нечаканы паварот, які ўрэшце робіць серыял, «крыху здзівіў нават нас саміх».
Пакуль такая вольнасць Netflix класіцы не нашкодзіла прынамсі ў адным — у папулярнасці. За мінулыя выхадныя «Лялька» ўвайшла ў топ-10 Netflix у 62 краінах і паднялася на шостае месца сярод серыялаў ва ўсім свеце.
Меган Маркл можа вярнуцца ў кіно: герцагіня вядзе перамовы пра здымкі ў «Джэнтльменах» Гая Рычы
Беларускі мужчынскі хор «Касары» зняўся ў трэцім сезоне папулярнага польскага серыяла «1670»
Выйшаў трэці сезон любімага беларусамі серыяла пра шляхту — вось чым здзіўляе «1670». Там зняліся і беларусы
Чаму гэтую пісьменніцу ХІХ стагоддзя так часта экранізуюць? У чым яе феномен?
Каментары