Навукоўцы высветлілі, дзе на Зямлі найбольшыя шанцы перажыць глабальную катастрофу
Ядзерная вайна, разбуральная пандэмія, падзенне астэроіда ці крах энергасістэм могуць закрануць увесь свет. Але наступствы будуць не ўсюды аднолькавымі. Навукоўцы прааналізавалі больш за 150 даследаванняў, каб высветліць, якія краіны лепш падрыхтаваныя да такіх сцэнарыяў.

Міжнародная група навукоўцаў сабрала даследаванні пра тое, што дапамагае краінам і рэгіёнам вытрымліваць маштабныя катастрофы і захоўваць асноўныя функцыі грамадства.
Усяго аўтары прааналізавалі 152 навуковыя працы і справаздачы. Вынікі агляду апублікаваныя ў часопісе Global Challenges. Пра даследаванне таксама расказаў адзін з яго аўтараў Фларыян Ульрых Ен у сваёй навукова-папулярнай рассылцы Existential Crunch, прысвечанай глабальным катастрафічным рызыкам.
Ад ядзернай зімы да пандэміі
Аўтары падзялілі магчымыя катастрофы на тры вялікія групы. Да першай групы аднеслі сцэнарыі, пры якіх рэзка скарачаецца колькасць сонечнага святла. Гэта можа адбыцца ў выніку ядзернай вайны, буйнога вывяржэння вулкана або падзення астэроіда.
У другую ўвайшлі катастрофы, здольныя прывесці да маштабнага парушэння працы інфраструктуры. Сярод іх буйныя кібератакі, геамагнітныя буры і электрамагнітныя імпульсы.
Трэцяя група ахоплівае глабальныя біялагічныя пагрозы, у тым ліку асабліва небяспечныя пандэміі.
Але пад устойлівасцю аўтары разумелі не проста шанцы людзей фізічна выжыць. Іх цікавіла, ці зможа грамадства падчас цяжкага крызісу працягваць выконваць асноўныя функцыі і забяспечваць патрэбы людзей, а пасля аднавіцца і прыстасавацца да новых умоў.
Прааналізаваўшы даследаванні, аўтары вылучылі шэраг фактараў, ад якіх залежыць такая ўстойлівасць.
Адзін з галоўных — эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне. Нават калі краіна мае дастаткова рэсурсаў, без працуючых дзяржаўных структур іх будзе цяжка мабілізаваць і размеркаваць. З большай устойлівасцю таксама звязаныя дэмакратычныя працэсы, дэцэнтралізацыя, грамадская згуртаванасць, давер да ўлады і нізкая няроўнасць.
Важная і ўласная вытворчасць. Развітая прамысловасць дае больш магчымасцяў перабудаваць прадпрыемствы пад новыя патрэбы. Напрыклад, некаторыя папяровыя камбінаты, біяперапрацоўчыя заводы або бровары тэарэтычна можна прыстасаваць для вытворчасці альтэрнатыўных прадуктаў харчавання. Але магчымасці такой перабудовы не бязмежныя.
Але для розных катастроф патрэбныя і розныя перавагі. Пры пандэміі асабліва важныя моцная сістэма аховы здароўя, эпідэміялагічны нагляд і магчымасць кантраляваць межы. Пры маштабным збоі інфраструктуры лепш могуць справіцца рэгіёны, менш залежныя ад складаных тэхналогій, сельскагаспадарчых рэсурсаў з-за мяжы і доўгіх ланцужкоў паставак.
У выпадку ядзернай зімы або іншага рэзкага скарачэння сонечнага святла перавагі маюць астравы Паўднёвага паўшар'я. Тут менш буйных вулканаў, няма дзяржаў з ядзернай зброяй, а большая плошча акіянаў змякчае ваганні тэмпературы. Дапамагаюць таксама працяглы сезон вырошчвання сельскагаспадарчых культур, разнастайнасць кліматычных зон, лясы і магчымасці для вытворчасці альтэрнатыўнай ежы.

Найбольш вылучылася Аўстралія
Найбольшыя шанцы вытрымаць розныя глабальныя катастрофы, паводле агляду, мае Аўстралія. Акрамя яе, прыкметы ўстойлівасці да ўсіх трох тыпаў пагроз маюць Новая Зеландыя і Японія. Аднак толькі Аўстралію даследаванні непасрэдна называлі ўстойлівай у кожным з гэтых выпадкаў.
Але нават у найбольш устойлівых краін ёсць свае слабыя месцы. Доўгія берагавыя лініі робяць іх уразлівымі перад цунамі, якое можа выклікаць падзенне буйнога касмічнага цела. Пагрозай можа стаць і надзвычай магутнае вывяржэнне вулкана ў Паўднёва-Усходняй Азіі або Паўднёвай Амерыцы. Акрамя таго, усе тры залежаць ад міжнароднага гандлю.
Універсальнага набору пераваг увогуле не існуе. Геаграфічная ізаляцыя дапамагае стрымліваць пандэмію, але пры глабальным краху інфраструктуры ўскладняе атрыманне дапамогі. Развітая прамысловасць дае больш магчымасцяў наладзіць вытворчасць альтэрнатыўнай ежы, але разам з тым павялічвае залежнасць ад лічбавай інфраструктуры. Невялікія гаспадаркі менш залежаць ад яе, затое вырабляюць менш харчавання.
Менавіта праз такія супярэчнасці аўтары не сталі складаць просты рэйтынг краін. Для гэтага давялося б вызначыць, што важней, напрыклад, нізкая няроўнасць ці ўласная вытворчасць угнаенняў. А гэта ўжо часткова пытанне каштоўнасцей, а не толькі разлікаў.
Што можа зменшыць рызыку
Не ўсе фактары можна змяніць. Краіна не можа перамясціцца ў Паўднёвае паўшар'е або ператварыцца ў востраў. Але значная частка ўстойлівасці залежыць ад таго, як арганізавана грамадства і наколькі яно падрыхтаванае.
Асабліва перспектыўнымі аўтары лічаць паляпшэнне дзяржаўнага кіравання і дэцэнтралізацыю. Сярод іншых мер яны называюць зніжэнне няроўнасці, умацаванне дзяржаўных інстытутаў, даследаванне альтэрнатыўных крыніц харчавання, уключэнне глабальных катастрафічных рызык у нацыянальныя планы, захаванне сельскагаспадарчай і генетычнай разнастайнасці і стварэнне запасаў крытычна важных рэсурсаў.
Патрэбныя і міжнародныя дамоўленасці на выпадак, калі глабальная катастрофа парушыць звычайны гандаль і супрацоўніцтва. А такія адносна ўстойлівыя краіны, як Аўстралія і Новая Зеландыя, маглі б захоўваць запасы ежы і банкі насення і стаць апорнымі пунктамі міжнароднай дапамогі.
Да прыходу еўрапейцаў у Аўстраліі магло жыць нашмат больш людзей, чым лічылася. Потым зніклі 93%
Гэты архітэктар праектуе падземныя гарады для самых багатых на выпадак Трэцяй сусветнай вайны
Як выглядаюць капсулы для выжывання падчас войнаў і стыхійных бедстваў
Цукерберг рыхтуецца сустрэць канец свету на Гаваях
Каментары