ЗША і Іран восьмую ноч запар абменьваліся ўдарамі пасля гібелі двух амерыканскіх вайскоўцаў у Іарданіі
Амерыканскія вайскоўцы заявілі, што завяршылі чарговую серыю ўдараў па Іране.
На восьмы дзень атак яны звязалі іх, у тым ліку, з гібеллю двух вайскоўцаў ЗША ў Іарданіі падчас іранскіх удараў у пятніцу. Яшчэ адзін амерыканскі вайсковец лічыцца зніклым без вестак, піша Бі-бі-сі.
У нядзелю Цэнтральнае камандаванне ЗША (CENTCOM) паведаміла, што ў суботу на поўначы Ірака загінуў амерыканскі вайсковец. Паводле паведамлення, гэта адбылося падчас «кантраляванага падрыву неразарванага боепрыпасу» іранскага беспілотніка. Яшчэ адзін вайсковец атрымаў раненні.
ЗША і Іран абменьваюцца ўдарамі ўжо восьмы дзень пасля таго, як было сарвана часовае пагадненне аб спыненні агню, падпісанае месяц таму прэзідэнтамі дзвюх краін.
Іранскае агенцтва Mehr паведаміла, што ЗША нанеслі ўдар паблізу горада Сірык на поўдні Ірана. Ахвяр і пашкоджанняў інфраструктуры не зафіксавана. Агенцтва Tasnim заявіла, што амерыканскія вайскоўцы таксама нанеслі ўдар па аб'екце каля горада Шадэган непадалёк ад мяжы з Іракам.
У адказ на апошнія ўдары іранскія вайскоўцы зноў атакавалі беспілотнікамі амерыканскія ваенныя аб'екты і тэхніку ў Кувейце — лагер Аль-Адзіры і авіябазу Алі Аль-Салем, паведаміла дзяржаўнае тэлебачанне Ірана раніцай у нядзелю са спасылкай на заяву войска.
Каментары