«Спрагназаваць немагчыма». У Belavia патлумачылі, чаму палёт у Грузію можа заняць восем гадзін
Усе выхадныя ў сацсетках абмяркоўвалі рэйс з Мінска ў Кутаісі, які 22 жніўня замест звычайных трох з паловай гадзін ляцеў восем. Прычына — закрыццё неба над расійскімі рэгіёнамі, праз што самалёт рабіў круг праз Казахстан. Апошнім часам такія сітуацыі раз-пораз здараюцца. У Belavia расказалі журналісту выдання Office Life, як дзейнічаюць у падобных выпадках і на каго кладуцца выдаткі.

У авіякампаніі прызнаюць, што працуюць у абставінах, якія пастаянна змяняюцца: штодня атрымліваюць паведамленні пра змены ў рэжыме выкарыстання паветранай прасторы ў асобных рэгіёнах Расіі праз беспілотнікі. І спрагназаваць гэты працэс па зразумелых прычынах немагчыма.
«Авіякампанія бесперапынна маніторыць сітуацыю, карэктуе маршруты і выконвае рэйсы строга па патрабаваннях бяспекі. Да прыкладу, нядаўна абмежаванні закранулі тэрыторыю маскоўскага авіявузла. У выніку мы вымушана пераглядалі план палётаў. Калі да гэтага дадаць сітуатыўныя абмежаванні іншых тэрыторый, у выніку атрымаем павелічэнне маршрутаў, а ў асобных выпадках нават неабходнасць у тэхпасадках», — каментуюць прадстаўнікі Belavia.
Праблема яшчэ і ў тым, што часта інфармацыя пра закрыццё зоны паветранай прасторы паступае экіпажу проста падчас выканання рэйса. Карэктаваць маршрут даводзіцца непасрэдна ў палёце. Падрыхтавацца і арганізаваць дадатковае харчаванне для пасажыраў у такім выпадку таксама не атрымаецца.
«Безумоўна, такая ситуацыя віякампанію не цешыць. Мы нясем фінансавыя выдаткі праз павелічэнне маршрутаў і тэхнічныя пасадкі. Але, акрамя сур'ёзных дадатковых выдаткаў, затрымка аднаго рэйса можа прывесці да затрымкі наступнага — праз высокі сезон і шчыльную расстаноўку парку. Такім чынам, па ланцужку магчымыя збоі ў раскладзе нават на тых напрамках, якія, здавалася б, да закрыцця паветранай прасторы дачынення не маюць», — тлумачаць у Belavia.
Адметна, што змены ў маршрутах не заўсёды выклікаюць затрымкі. Часам можа быць наадварот, кажуць у авіякампаніі:
Напрыклад, у суботу, 22 жніўня, праз абмежаванні і вымушаны аблёт дзённы рэйс у і з Кутаісі выконваўся з тэхпасадкай. Але дзённыя рэйсы па гэтым жа маршруце 23 і 24 жніўня прыляцелі нават раней за запланаваны час. Ва ўсіх выпадках палёты выконваліся на адным і тым жа тыпе самалётаў — Boeing. І ў цэлым пераважная большасць рэйсаў Belavia вылятае па-ранейшаму згодна з раскладам.
У кампаніі падкрэсліваюць, што ў выпадку з аблётамі прагназаваць развіццё падзей або папярэджваць пра затрымкі на перспектыву, на жаль, не атрымаецца:
«Мы разумеем, на колькі сітуацыя дыскамфортная для нашых пасажыраў, таму шукаем і знаходзім спосабы, каб выконваць абавязацельствы перад імі, гарантуючы поўную бяспеку. Калі сітуацыя патрабуе аблёту, значыць будзем аблятаць. Калі патрэбная тэхпасадка, значыць выканаем і дазаправім самалёт. Дапускаць нават мінімальную рызыку ніхто не стане».
«Палёт замест пяці гадзін заняў дзесяць». Сям’я футбаліста Аляксандра Глеба не без прыгод даляцела да Стамбула
Загадка: самалёт з Мінска ў Кутаісі вылецеў своечасова, але спазніўся на тры гадзіны. Дзе ж ён быў?
У Мінск будзе лётаць люксавая авіякампанія з Ірана на ўнікальным самалёце. Цэны куслівыя
«Белавія» карэктуе свае расклады праз сітуацыю ў Расіі
Каментары