У Варшаве пройдзе бясплатны фестываль нямога кіно — пакажуць і беларускі фільм
У Варшаве пройдзе фестываль «Нямая ліхаманка», дзе пакажуць прызнаныя шэдэўры і малавядомыя стужкі эпохі нямога кіно ў суправаджэнні жывой музыкі беларускіх і польскіх кампазітараў. Паказы адбудуцца з 1 да 17 верасня пад адкрытым небам — у дворыку камяніцы ў цэнтры Варшавы пры Музеі вольнай Беларусі і Цэнтры думкі Яна Паўла II (Foksal, 11).

У праграму ўвайшлі стужкі з ЗША, Францыі, Германіі і Беларусі. Музыку адмыслова да гэтых фільмаў напісалі беларускія кампазітары Вольга Падгайская і Канстанцін Яськоў, польская кампазітарка Александра Хмелеўска.
Фільм адкрыцця — камедыя Бастэра Кітана — будзе паказвацца ў суправаджэнні беларускага піяніста-віртуоза Канстанціна Гарачага, вядомага як сузаснавальніка джазавага гурта Apple Tea.
Праграма
1 верасня, 20.00: «Кінааператар» — ЗША (1928)
Першая камедыя легендарнага коміка Бастэра Кітана, адной з ключавых постацяў сусветнай кінакамедыі, знятая для студыі Metro-Goldwyn-Mayer. Хаця гэтая супраца сталася пачаткам абмежавання творчай свабоды Кітана, «Кінааператар» многімі лічыцца найлепшай камедыяй з ягоным удзелам. У рэчышчы «кіно пра кіно» стужка расказвае гісторыю маладога чалавека, які намагаецца ўладкавацца кінааператарам на MGM, каб быць бліжэй да дзяўчыны, у якую закаханы.
Рэжысёры: Бастэр Кітан, Эдўард Сэджўік
Тапёр (піяніст, які суправаджае нямое кіно): Канстанцін Гарачы — фартэпіяна
Працягласць: 70 хвілін
3 верасня, 20.00: «Пакуты Жанны д'Арк» — Францыя (1928)
Адзін з найвялікшых фільмаў у гісторыі нямога кіно і кінематографу агулам. Дацкі рэжысёр Карл Тэадар Дрэер паказвае ў ім апошнія дні нацыянальнай гераіні Францыі Жанны д’Арк. Фільм быў забаронены да паказу ў Вялікай Брытаніі праз некампліментарныя вобразы брытанскіх салдатаў. На фестывалі будзе паказаная версія фільма ў арыгінальным мантажы. Яна доўга лічылася страчанаю, пакуль не была знойдзеная ў 1981 годзе ў каморы псіхіятрычнай клінікі ў Осла.
Рэжысёр: Карл Тэадар Дрэер
Кампазітар: Канстанцін Яськоў
Выканаўцы: Канстанцін Яськоў — фартэпіяна, Палiна Горбач — віяланчэль
Працягласць: 80 хвілін
10 верасня, 20.00: «Кабінет доктара Калігары» — Германія (1920)
Культавы твор нямецкага экспрэсіянізму ў жанры хорару і адзін з самых уплывовых фільмаў у гісторыі сусветнага кіно. Таямнічы гіпнатызёр просіць у мэрыі дазволу паказаць на мясцовым кірмашы незвычайнага персанажа — Самнамбулу. Пазней капрызнага чыноўніка, які не надае належнай увагі і павагі візіцёру, знаходзяць забітым у ягонай спальні. Адна смерць ператвараецца ў серыю таямнічых забойстваў…
Рэжысёр: Робэрт Вінэ
Кампазітарка: Вольга Падгайская
Выканаўцы: Вольга Падгайская — арган, Кузьма Папакуль — 1‑я скрыпка, Анастасія Пятрова — 2‑я скрыпка, Віталь Эпаў — сапрана-саксафон (Five-Storey Ensemble)
Працягласць: 75 хвілін
17 верасня, 20.00: «Суд павінен працягвацца» — Беларусь (1930)
Гэта адна з серыі беларускіх стужак 1920— 1930‑х гадоў, прысвечаных праблеме жаночай эмансіпацыі. У кантэксце «Нямой ліхаманкі» яна сэнсава працягне мінулагодні паказ «Прастытуткі». Фільм распавядае пра судовы працэс над пяццю мужчынамі, якія абвінавачваюцца ў згвалтаванні лабаранткі электразавода Алены, а таксама пра вяртанне ахвяры да паўнавартаснага працоўнага жыцця.
Рэжысёры: Яфім Дзіган, Барыс Шрэйбер
Кампазітарка: Александра Хмелеўска
Выканаўцы: Александра Хмелеўска — фартэпіяна/электроніка, Філіп Спорняк — віяланчэль
Працягласць: 63 хвіліны
Уваход на паказы вольны. Усе фільмы будуць суправаджацца субцітрамі на беларускай і польскай мовах.
«Нямыя фільмы не былі сапраўды нямымі — яны гучалі дзякуючы музыцы. Сёння эпоха нямога кіно амаль цалкам выключаная з увагі публікі, і для нас асабліва каштоўна, што на нашым фестывалі мы даем гэтым стужкам новае прачытанне і новае жыццё», — кажа арганізатарка фестывалю Ірэна Кацяловіч.
Фестываль адбываецца пры фінансавай падтрымцы фонда Trzy Trąby, German Marshall Fund Злучаных Штатаў Амерыкі (GMF), Цэнтра дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага, Старамейскага дома культуры і пры ўдзеле Музея вольнай Беларусі, Цэнтра думкі Яна Паўла II.
Каментары