Гледачы павалілі ў кінатэатры праверыць, «наколькі ўсё дрэнна».

86‑хвілінны мультфільм Niu Lai выйшаў у пракат кінатэатраў Кітая ў пачатку жніўня. Яго стваральнікі — маці і сын з паўночнакітайскага горада Далянь. Галоўным героем стужкі з'яўляецца маладое цяля, якое пераадольвае выпрабаванні і ўрэшце становіцца адважным воінам, гатовым браць на сябе адказнасць і не баяцца смерці, расказвае Financial Times.
Візуальна Niu Lai рэзка адрозніваецца ад сучаснай студыйнай анімацыі: у ім вельмі простая анімацыя, прымітыўныя гукавыя эфекты, а дзеянне суправаджае немудрагелістая фартэпіянная музыка. Менавіта гэтая амаль аматарская якасць у выніку і стала галоўнай адметнасцю мультфільма.
Спачатку, аднак, нішто не прадказвала яму поспеху. За першы тыдзень пракату Niu Lai зарабіў менш за тысячу даляраў, і, здавалася, на гэтым яго гісторыя павінна была скончыцца.
Але здарылася наадварот.
Карыстальнікі сацсетак пачалі абмяркоўваць незвычайна нізкую якасць мультфільма — пераважна з іроніяй. Гэта толькі падагрэла цікаўнасць: людзі пайшлі ў кінатэатры, каб на свае вочы пабачыць, ці сапраўды ўсё настолькі кепска.
У выніку зборы Niu Lai выраслі да 29 мільёнаў юаняў — каля 4,3 мільёна даляраў. Паводле кітайскай білетнай платформы Maoyan, мультфільм нават трапляў у штодзённую дзясятку самых касавых фільмаў краіны — услед за такімі галівудскімі блокбастарамі, як «Адысея» і «Чалавек-павук: Новы дзень».
«Ён добры менавіта таму, што дрэнны»
Financial Times параўноўвае феномен Niu Lai з амерыканскім фільмам The Room («Пакой») 2003 года. Крытыкі яго разграмілі, але з часам карціна атрымала культавы статус: гледачы пачалі атрымліваць задавальненне менавіта ад яе няўдалых дыялогаў, акцёрскай гульні і рэжысуры.
Нешта падобнае цяпер адбываецца і з кітайскім мультфільмам, тэхнічная недасканаласць якога асабліва вылучаецца на фоне сучаснай анімацыі з дарагой камп'ютарнай графікай і імклівага развіцця штучнага інтэлекту. Тое, што пры іншых абставінах выглядала б проста недахопам, частка гледачоў успрыняла як вяртанне да чагосьці простага і непасрэднага.
Гледачы, падобна, успрымаюць тэхнічныя недахопы як частку забавы. Падчас сеансу ў Шанхаі, на якім пабываў карэспандэнт FT, у зале раз-пораз смяяліся.
Аднак феномен Niu Lai, відаць, не зводзіцца толькі да жартаў з кепскай анімацыі. За іранічнай папулярнасцю мультфільма можна ўбачыць і больш шырокую з'яву.
Дацэнт кінематографа Ганконгскага баптысцкага ўніверсітэта Кені Нг (Kenny Ng) лічыць, што ў папулярнасці Niu Lai ёсць элемент пратэсту супраць сучаснага кінамэйнстрыму. Паводле яго, феномен мультфільма прымушае яго студэнтаў задумацца пра цяперашні стан кінематографа.
Ёсць і яшчэ адзін матыў — падтрымка айчыннага кіно.
«Нам, кітайцам, варта яго падтрымаць. Нават калі ён сапраўды дрэнны — дык што? Наколькі дрэнным ён увогуле можа быць?» — цытуе выданне словы супрацоўніка аднаго з кінатэатраў у Шанхаі.

Мультфільм тым часам пачаў жыць уласным жыццём у інтэрнэце. Вакол яго з'явілася мноства жартаў і мемаў, а карыстальнікі сталі перарабляць асобныя сцэны з дапамогай штучнага інтэлекту. Так, вірусным стаў створаны ШІ рэмейк аднаго з ключавых эпізодаў, у якім галоўны герой пераскоквае праз раку.
Вядомасць Niu Lai ужо выйшла за межы краіны. У кітайскіх сацсетках, напрыклад, анансавалі яго паказ у Лос-Анджэлесе.
Каментары
Ну как на таких не зарабатывать.
Ich bin so schlecht im Bett, das musst du mal erlebt haben!
Я так плох в постели, ты должна это хоть раз испытать!