Свет1717

Амерыканка задушыла траіх сваіх дзяцей. Цяпер за судом над ёй сочыць увесь свет, а некаторыя жанчыны сталі ў яе абарону

36‑гадовая амерыканка Ліндсі Клэнсі забіла траіх сваіх дзяцей. Суд над ёй выклікаў вялікі рэзананс не толькі ў ЗША. Абарона сцвярджае, што жанчына была ў стане пасляродавага псіхозу і чула голас, які загадваў ёй забіць дзяцей і сябе. Абвінавачанне з гэтым не згоднае.

Ліндсі Клэнсі падчас судовага працэсу. 26 жніўня 2026 года. Фота: Greg Derr / The Patriot Ledger via AP, Pool

Ліндсі Клэнсі працавала медсястрой у радзільным аддзяленні. Разам з мужам Патрыкам жанчына жыла ў Даксберы, штат Масачусетс, прыкладна за 50 кіламетраў ад Бостана. У пары было трое дзяцей: пяцігадовая Кора, трохгадовы Доўсан і васьмімесячны Калан.

Увага! Гэты матэрыял утрымлівае апісанні жорсткіх сцэн.

Трагічны вечар

Увечары 24 студзеня 2023 года Ліндсі Клэнсі замовіла ежу на вынас і папрасіла мужа забраць яе, а па дарозе купіць лекі для дачкі. Каля 17:30 Патрык выехаў з дому і вярнуўся каля 18:10.

Пакуль Патрык ездзіў па лекі і ежу, Ліндсі засталася адна з дзецьмі. Яна адвяла іх у падвал і задушыла гумавымі стужкамі для фізічных практыкаванняў. А пасля спрабавала скончыць жыццё самагубстам.

Вярнуўшыся, Патрык убачыў у спальні кроў і адчыненае акно, а на зямлі каля дома знайшоў параненую жонку. Ён патэлефанаваў у 911, а затым пайшоў шукаць дзяцей і знайшоў усіх траіх без прытомнасці ў падвале.

Пяцігадовая Кора і трохгадовы Доўсан памерлі ў той жа вечар у бальніцы. Васьмімесячнага Калана даставілі ў дзіцячую бальніцу Бостана, дзе ён памёр праз тры дні. Ліндсі выжыла, але праз траўму пазваночніка засталася паралізаванай ніжэй пояса.

Клэнсі абвінавацілі ў забойстве траіх дзяцей. Яе адвакаты не аспрэчваюць, што дзяцей забіла менавіта маці. Галоўная спрэчка ў судзе — ці магла Клэнсі ў той момант усведамляць свае дзеянні і несці за іх крымінальную адказнасць. Суд над Клэнсі пачаўся 27 ліпеня 2026 года ў Плімуце, штат Масачусетс.

Пасляродавы псіхоз?

Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці Клэнсі пачала скардзіцца на дэпрэсію, трывожнасць і бессань. Яна звярталася па медыцынскую дапамогу і прымала псіхіятрычныя прэпараты. Паводле матэрыялаў суда, з верасня 2022 года да забойства дзяцей як мінімум шэсць медыцынскіх спецыялістаў выпісалі ёй 30 рэцэптаў на 13 розных прэпаратаў.

Сваякі Клэнсі таксама расказвалі пра пагаршэнне яе стану ў апошнія месяцы перад забойствамі. Маці Ліндсі Пола Масгроў сведчыла, што дачка станавілася ўсё больш трывожнай і баязлівай, а таксама выказвала суіцыідальныя думкі. Па словах сястры Ліндсі Элісан, жанчына дзялілася з ёй думкамі пра самагубства і выказвала заклапочанасць сваім псіхічным станам.

Бацькі Ліндсі Клэнсі, Пола і Майк Масгроў падчас суда над дачкой. 24 жніўня 2026 года. Фота: Greg Derr / The Patriot Ledger via AP, Pool

Свякроў Ліндсі Сьюзан Клэнсі заявіла, што тая неаднаразова звярталася па дапамогу і баялася прымаць прызначаныя ёй лекі. Незадоўга да забойстваў, паводле Сьюзан, Ліндсі казала ёй, што ёй патрэбная дапамога і што яна непакоіцца праз свой стан.

У пачатку студзеня 2023 года Клэнсі на пяць дзён легла ў псіхіятрычную бальніцу McLean Hospital. Псіхіятр Алія Гудхарт засведчыла, што Ліндсі была ў дэпрэсіі і пакутавала ад значных праблем са сном, але псіхозу не праяўляла. Гудхарт апісала Клэнсі як жанчыну, якая будавала планы на будучыню, была адданая дзецям і мела значную падтрымку сям'і. Сама Клэнсі адмаўляла, што мае намер забіць сябе або нашкодзіць іншым.

Псіхіятр Джэніфер Тафтс, якая назірала Клэнсі некалькі месяцаў, у пачатку студзеня адзначыла пагаршэнне яе стану і вырашыла змяніць лекі.

Апошняя кансультацыя адбылася 23 студзеня, за дзень да забойстваў. Паводле Тафтс, Клэнсі выглядала прыгнечанай і казала, што ёй даводзіцца прымушаць сябе ўставаць з ложка. Пры гэтым яна адмаўляла думкі пра самагубства або забойства, а прыкмет псіхозу псіхіятр не заўважыла.

Што было ў тэлефоне Клэнсі

На працэсе вывучалі таксама нататкі і гісторыю пошуку ў тэлефоне Клэнсі. У асабістых нататках яна пісала пра дэпрэсію, цяжкасці з доглядам малодшага дзіцяці, разважала пра лекі і пра тое, што хоча зноў адчуваць сябе нармальна.

У інтэрнэце Клэнсі шукала інфармацыю пра псіхоз, шызафрэнію, галюцынацыі і псіхіятрычныя прэпараты. Былі і запыты, звязаныя з самагубствам.

Разам з тым у дзень забойстваў яна займалася звычайнымі справамі. Клэнсі была з дзецьмі на вуліцы і адправіла мужу фота двух з іх са снегавіком.

Гэтыя і іншыя абставіны сталі часткай спрэчкі пра тое, у якім псіхічным стане Клэнсі знаходзілася ў момант забойстваў.

Пазіцыя абароны

Адным з галоўных сведкаў абароны стаў судовы псіхіятр Філіп Рэзнік, паведамляе The Guardian. Раней ён выступаў экспертам, у прыватнасці, у справе Андрэа Ейтс, якая ў 2001 годзе забіла сваіх пяцярых дзяцей.

Рэзнік прыйшоў да высновы, што ў дзень забойстваў Клэнсі была ў стане псіхозу. Яна расказвала яму, што чула мужчынскі голас, які загадаў ёй забіць дзяцей, а потым сябе. Клэнсі таксама апісвала адчуванне, што не кантралюе ўласнае цела.

Рэзнік назваў гэта «трызненнем уплыву». Паводле яго слоў, Клэнсі адчувала сябе «нібы марыянетка, за ніткі якой цягне нехта іншы».

Псіхолаг Пол Зейзел, які таксама выступаў на баку абароны, прыйшоў да высновы, што ў момант забойстваў Клэнсі не ўсведамляла супрацьпраўнасці сваіх дзеянняў.

Эксперты абвінавачання

Эксперты абвінавачання прыйшлі да іншай высновы.

Судовы псіхолаг Кірк Хайлбрун некалькі разоў сустракаўся з Клэнсі падчас падрыхтоўкі экспертызы і распытваў яе пра падзеі 24 студзеня. Ён не палічыў версію пра голас, які нібыта загадваў ёй забіць дзяцей, найбольш верагодным тлумачэннем таго, што адбылося.

Клэнсі расказала Хайлбруну, што, душачы кожнага з дзяцей, казала: «Ідзі да Бога, дзетка. Ідзі да Бога».

На думку Хайлбруна, Клэнсі забіла дзяцей, бо сама збіралася скончыць жыццё самагубствам і не хацела пакідаць іх без сябе. Словы пра Бога ён звязаў з яе перакананнем, што пасля смерці яна і дзеці будуць разам у раі.

Хайлбрун дыягнаставаў у Клэнсі біпалярнае расстройства II тыпу. Аднак, на яго думку, яно не пазбаўляла яе здольнасці разумець супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў.

Пры гэтым дыягназы экспертаў абвінавачання разышліся. Псіхіятр Аўрам Мак дыягнаставаў у Клэнсі цяжкую дэпрэсію, але не знайшоў дастатковых падстаў казаць пра біпалярнае расстройства або псіхоз. У галоўным Мак і Хайлбрун сышліся: абодва лічаць, што Клэнсі магла разумець, што яе дзеянні былі супрацьпраўнымі.

Апошнім экспертам, якога выклікала абвінавачанне, стаў судовы псіхіятр Грэгары Саатаф. Ён прызнаў, што ў Клэнсі былі псіхічныя праблемы, але прыйшоў да высновы, што падчас забойстваў яна разумела розніцу паміж правільным і няправільным і магла кантраляваць свае паводзіны.

Судовы псіхіятр Грэгары Саатаф. Фота: Greg Derr / The Patriot Ledger via AP, Pool

Саатаф таксама звярнуў увагу на тое, што падчас лячэння ў псіхіятрычнай бальніцы McLean у пачатку студзеня 2023 года сон Клэнсі палепшыўся. Пазней у тым жа месяцы яна пісала маці, што стала лепш спаць, адзначыў эксперт.

Ён таксама паставіў пад сумнеў аповед Клэнсі пра мужчынскі голас. Саатаф звярнуў увагу, што розным экспертам яна па-рознаму расказвала, калі менавіта пачала яго чуць. Псіхіятр таксама палічыў нетыповым, што раней Клэнсі не скардзілася на галасы, а ў дзень забойстваў голас раптоўна з'явіўся, быў пастаянным і знік пасля смерці дзяцей.

Пазіцыя мужа

Неўзабаве пасля смерці дзяцей Патрык Клэнсі публічна падтрымаў жонку. У заяве ён папрасіў дараваць Ліндсі, як дараваў яе сам. Справа Клэнсі пасля гэтага выклікала шырокую дыскусію ў ЗША пра пасляродавыя псіхічныя разлады.

Патрык Клэнсі падчас працэсу. 29 ліпеня 2026 года. Фота: David L. Ryan / The Boston Globe via AP, Pool

Многія жанчыны сталі ў абарону Ліндсі, бо самі сутыкаліся з пасляродавай дэпрэсіяй і недастатковай медыцынскай дапамогай падчас яе. Іншыя не разумеюць, як можна апраўдваць забойства дзяцей.

Адначасова ў сацыяльных сетках пачалі распаўсюджвацца канспіралагічныя версіі, паводле якіх дзяцей нібыта забіў Патрык, а віну ўсклаў на жонку. Ніякіх доказаў яго датычнасці да забойстваў няма, і такіх абвінавачанняў яму не выстаўлялі.

У студзені 2026 года Ліндсі і Патрык паасобку падалі грамадзянскія пазовы супраць некалькіх медыкаў, якія лячылі яе перад забойствамі. Яны абвінавачваюць іх у нядбайнасці і неналежным аказанні медыцынскай дапамогі.

Да гэтага часу шлюб Ліндсі і Патрыка распаўся: Патрык падаў на развод, а ў красавіку 2026 года ажаніўся з іншай жанчынай.

Што цяпер

26 жніўня ў судзе завяршыліся паказанні сведкаў. За 21 дзень працэсу 12 прысяжных выслухалі 85 чалавек. 27 жніўня абвінавачанне і абарона выступяць з заключнымі прамовамі, пасля чаго прысяжныя пачнуць абмяркоўваць вердыкт.

Клэнсі абвінавачваюць у трох забойствах першай ступені. Аднак прысяжныя могуць прызнаць яе вінаватай і па менш цяжкіх абвінавачаннях — у забойстве другой ступені або ненаўмысным забойстве.

Яны таксама могуць прызнаць Клэнсі невінаватай з прычыны адсутнасці крымінальнай адказнасці — калі вырашаць, што праз псіхічны стан яна не магла ўсведамляць супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў.

За забойства першай ступені ў Масачусетсе прадугледжана пажыццёвае зняволенне без права на датэрміновае вызваленне. Калі ж Клэнсі прызнаюць невінаватай з прычыны адсутнасці крымінальнай адказнасці, яе могуць накіраваць у дзяржаўную псіхіятрычную бальніцу.

Каментары17

  • гммм
    27.08.2026
    дзіўна, што ўсе судовыя псіхолагі — мужчыны
  • Арцём
    27.08.2026
    Не сумняваўся ў фемсупольнасці не на секунду!
  • Клір
    27.08.2026
    Усе прыкметы апанавання. Чаму да экзарцыста не зьвярнуліся?

Цяпер чытаюць

У сям'і Міронцавых за палітыку ўжо асудзілі маці і трох сясцёр. А цяпер арыштавалі і мужа адной з сясцёр3

У сям'і Міронцавых за палітыку ўжо асудзілі маці і трох сясцёр. А цяпер арыштавалі і мужа адной з сясцёр

Усе навіны →
Усе навіны

«Некаторыя так — хі-хі, ха-ха — успрынялі». Лукашэнка расказаў пра нечаканыя вынікі накіравання нядбайных сельгасработнікаў у армію8

Амерыканка задушыла траіх сваіх дзяцей. Цяпер за судом над ёй сочыць увесь свет, а некаторыя жанчыны сталі ў яе абарону17

Сталі вядомыя аб’екты ракетных удараў у Данецку ўчора: асноўны і запасны камандныя пункты групіроўкі «Цэнтр» расійскіх войскаў

У Пецярбургу ўзарвалі аўтамабіль вайсковага лётчыка. Ён загінуў13

У Крыме загінула пяцігадовая Багдана з Беларусі5

«Кватэру зняць цяпер — без шанцаў». Як студэнты засяляюцца ў мінскія інтэрнаты2

Старонку пасла Украіны па беларускіх пытаннях прызналі «экстрэмісцкай»1

Meta заплаціць 18 мільярдаў даляраў праз абвінавачанні ў шкодзе сацсетак для дзяцей3

У Беларусі з 1 верасня ў школах пачнуць надглядаць вучняў, бацькоў і настаўнікаў12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У сям'і Міронцавых за палітыку ўжо асудзілі маці і трох сясцёр. А цяпер арыштавалі і мужа адной з сясцёр3

У сям'і Міронцавых за палітыку ўжо асудзілі маці і трох сясцёр. А цяпер арыштавалі і мужа адной з сясцёр

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць