Вайна44

Абараняць Славянск і Краматорск даручана легендарным генералам Білецкаму і Пракапенку. Які план Украіны?

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра стварэнне дзвюх новых груповак войскаў, якія будуць адказваць за абарону Данецкай вобласці. Імі будуць камандаваць брыгадныя генералы Андрэй Білецкі і Дзяніс Пракапенка, піша ВВС.

Генералы Дзяніс Пракапенка (на пярэднім плане) і Андрэй Білецкі будуць адказваць за абарону Данецкай вобласці. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

У паведамленні Офіса прэзідэнта Украіны адзначаецца, што адпаведныя прапановы кіраўніку дзяржавы прадставіў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Міхайла Драпаты падчас нарады па пытаннях бяспекі 26 жніўня.

«Для павышэння эфектыўнасці абароны Данеччыны галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны ўнёс прапановы аб стварэнні дзвюх груповак. Імі будуць камандаваць Героі Украіны Андрэй Білецкі і Дзяніс Пракапенка», — гаворыцца ў паведамленні Офіса прэзідэнта Украіны.

«За абарону Данеччыны будуць адказваць камандзіры-лідары, якія здольныя гэта рабіць, якім вераць і за якімі ідуць», — пракаментаваў гэтае рашэнне намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Павел Паліса.

Кіраўнік Сіл беспілотных сістэм Роберт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» станоўча ацаніў рашэнне аб стварэнні новых груповак на Данеччыне.

«Гэта і ёсць Smart War. Новаствораныя групоўкі войскаў Рэдзіса (пазыўны Дзяніса Пракапенкі. — Рэд.) і Білецкага. Час сеткацэнтрычнай вайны. Поўная сінхранізацыя з групоўкай СБС, найкарацейшы ланцужок «Сэнсар — Стралец», — адзначыў ён.

Цяпер Пракапенка камандуе 1‑м корпусам Нацыянальнай гвардыі «Азоў», а Білецкі — 3‑м армейскім корпусам. Зонай адказнасці 3‑га армейскага корпуса з'яўляецца ўчастак фронту паміж Ліманам у Данецкай вобласці і Баравой у Харкаўскай вобласці.

«Азоў» адказвае за ўчастак фронту ў раёне Дабраполля і Дружкаўкі ў Данецкай вобласці.

Пад кіраванне новых груповак, верагодна, трапяць армейскія карпусы, якія ваююць на суседніх участках. Так, побач з 3‑м армейскім корпусам на славянска-краматорскім напрамку ваюе 11‑ы армейскі корпус. Нядаўна яго камандзірам стаў дасведчаны палкоўнік Эміль Ішкулаў.

За абарону суседніх Дружкаўкі і Канстанцінаўкі адказвае 19‑ы армейскі корпус. Тут таксама змяніўся камандзір — у жніўні корпус узначаліў генерал Валер Скрэд.

Побач з Дабраполлем і на поўдзень ад Пакроўска ў Данецкай вобласці ваююць 7‑ы корпус Дэсантна-штурмавых войскаў і 20‑ы армейскі корпус.

Мабыць, новыя групоўкі, якія будуць абараняць Данеччыну, будуць дзейнічаць у фармаце аператыўна-стратэгічных груповак войскаў — звяна, якое было ліквідавана ў 2025 годзе падчас корпуснай рэформы ва Узброеных сілах Украіны.

Ваенны аналітык Мікалай Бялескаў таксама лічыць, што стварэнне дзвюх груповак на аснове пэўнай колькасці карпусоў — гэта спроба вырашыць праблему аператыўна-стратэгічнага ўзроўню кіравання.

Гаворка ідзе пра фактычную адсутнасць ва Украіне належнай сістэмы кіравання «сярэдняга звяна», гэта значыць аператыўна-стратэгічнага, на полі бою. Гэта прывяло да таго, што гэтыя функцыі працяглы час быў вымушаны браць на сябе галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны.

На думку Бялескава, Украіне неабходна «тэрмінова навесці парадак» як з раздваеннем функцый галоўнакамандуючага, так і з адсутнасцю сярэдняга звяна кіравання.

«Бо калі не вырашыць другую праблему, то адначасова будзе і спакуса, і неабходнасць галоўнакамандуючаму часцей, чым трэба, спускацца на адпаведны ўзровень і менш займацца стратэгічным кіраваннем», — лічыць ён.

У прэс-службе 1‑га армейскага корпуса адмовіліся каментаваць Бі-бі-сі падрабязнасці стварэння новай групоўкі на чале з камандуючым Пракапенкам. У прэс-службе 3‑га армейскага корпуса запыт Бі-бі-сі ўсё яшчэ разглядаюць і пакуль не далі на яго адказу.

Абарона Данецкай вобласці была падзелена паміж двума камандзірамі

Якая сітуацыя на Данеччыне

Рэарганізацыя войскаў адбываецца ў даволі складанай сітуацыі з бяспекай на Данеччыне.

Напрыканцы вясны і летам 2026 года Расія абрала менавіта гэты ўчастак фронту прыярытэтным для свайго наступлення. Менавіта тут дзейнічае найбольш шматлікая і найбольш баяздольная расійская групоўка.

«У Пуціна нязменная першачарговая мэта на фронце — Канстанцінаўка — Славянск. Апошні тэрмін, які ён даў сваім генералам, — да канца года завяршыць акупацыю Данецкай і Луганскай абласцей. Гэта немагчыма. Такі наш адказ», — заявіў 22 жніўня прэзідэнт Зяленскі журналістам.

Станам на 26 жніўня расійскім войскам удалося наблізіцца прыкладна на 6 кіламетраў да ўскраін Славянска і прыкладна на 8 кіламетраў — да Краматорска. Асноўныя баі ідуць каля пасёлкаў Рай-Аляксандраўка, Мікалаеўка, Арыхуватка, Васюцінскае і Малінаўка.

Пра акупацыю суседняга горада — Канстанцінаўкі — кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін заявіў яшчэ 3 ліпеня. Украінскія ўлады адмаўляюць страту населенага пункта.

Замежныя OSINT-аналітыкі, напрыклад амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW), таксама паказваюць на тое, што ў паўночнай частцы Канстанцінаўкі, верагодна, яшчэ застаюцца ўкраінскія пазіцыі.

Таксама паведамляецца, што расійскія вайскоўцы ўжо наблізіліся да ўскраін Дабраполля і Лімана і спрабуюць прарвацца ў жылую забудову гэтых населеных пунктаў.

Украінскі аналітычны OSINT-праект DeepState заяўляе, што станам на 26 жніўня расійскія вайскоўцы актыўна пранікаюць у жылыя кварталы Канстанцінаўкі, а таксама абыходзяць яе з заходняга і ўсходняга флангаў.

«Аднак у найбольшай небяспецы цяпер знаходзіцца Часаў Яр, які праціўнік ахоплівае кантролем над навакольнай мясцовасцю. У самім горадзе ўдаецца ўтрымліваць пазіцыі, але калі ўпадуць флангі, у прыватнасці на ўчастку вышэй, то групоўцы ў населеным пункце Часаў Яр давядзецца вельмі цяжка», — гаворыцца ў паведамленні.

Што датычыць славянскага кірунку, то, паводле даных DeepState, расійскія вайскоўцы ўжо пачалі пранікаць у Мікалаеўку, што за 6 кіламетраў ад горада, а таксама спрабуюць замацавацца ў Рай-Аляксандраўцы.

«Праціўнік стварае падмурак для развіцця наступальных дзеянняў на Славянск і Краматорск… У прыватнасці, адбываецца знішчэнне гарадоў і агламерацыі пастаяннымі абстрэламі», — падсумоўваюць аналітыкі DeepState.

Міністэрства абароны Расіі цягам жніўня заявіла пра захоп 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці, у тым ліку Ганніўкі, якая знаходзіцца за 2 кіламетры ад Дабраполля, Пятроўкі — за 6 кіламетраў ад Дружкаўкі, Арыхуваткі — за 8 кіламетраў ад Славянска і Першамар’еўкі — за 6 кіламетраў ад Краматорска.

Імаверна, штурм гэтых гарадоў Расія паспрабуе арганізаваць ужо падчас найбліжэйшай восеньска-зімовай кампаніі. Чым больш стратаў панясуць расійскія войскі пры штурме гэтых гарадоў, тым большая імавернасць таго, што расійскі захопніцкі парыў выгасне і тады вайна спыніцца.

Каментары4

  • гэтыя структуры
    27.08.2026
    называюцца франты і іх камандуючыя.
    але тое гучыць надта па савецку, таму губашлепы мудрагеляць нейкія эўфемізмы.
  • Приходите завтра
    27.08.2026
    Суповой пакетик, у него есть дела поважнее
  • 1
    27.08.2026
    Слава Україні Слава ОУН УПА Слава ЗСУ Героям Слава!!!!!

Цяпер чытаюць

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць32

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць

Усе навіны →
Усе навіны

У Крыме загінула пяцігадовая Багдана з Беларусі5

«Кватэру зняць цяпер — без шанцаў». Як студэнты засяляюцца ў мінскія інтэрнаты2

Старонку пасла Украіны па беларускіх пытаннях прызналі «экстрэмісцкай»1

Meta заплаціць 18 мільярдаў даляраў праз абвінавачанні ў шкодзе сацсетак для дзяцей3

У Беларусі з 1 верасня ў школах пачнуць надглядаць вучняў, бацькоў і настаўнікаў12

У Мінску ладзяць вялікі жаночы форум з Хакамадай — квіткі ад 250 рублёў, сярод спікераў псеўданавукоўка12

Курыца стала самым спажываным мясам на планеце1

Абараняць Славянск і Краматорск даручана легендарным генералам Білецкаму і Пракапенку. Які план Украіны?4

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць32

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць