Таццяна Зарэцкая збіралася выступаць на буйной канферэнцыі ў Саудаўскай Аравіі, а пасля знікла з раскладу
Пры гэтым запэўнівае, што бярэ ўдзел у канферэнцыі.

Адна з найбуйнейшых тэхналагічных канферэнцый свету LEAP 2026 праходзіць з 31 жніўня па 3 верасня ў Саудаўскай Аравіі, у выставачным цэнтры ў Малхаме непадалёк ад Эр-Рыяда. На сайце мерапрыемства заяўлены больш за тысячу спікераў, 1800 тэхналагічных брэндаў і каля 200 тысяч удзельнікаў.
Зарэцкая была прадстаўленая там як заснавальніца і генеральная партнёрка венчурнага фонду Terra Cognita Ventures. Яна павінна была выступіць у дзвюх інвестыцыйных сесіях.

Першая — «Capital Meets Climate: Scaling the Energy Transition» — была прызначаная на 31 жніўня. Інвестары мелі абмеркаваць, у якія кліматычныя тэхналогіі сёння ідуць грошы і як Саудаўская Аравія можа стаць пляцоўкай для развіцця такіх праектаў.
Другая сесія, «LP-GP Quickfire», павінна прайсці 1 верасня. На ёй кіраўнікам венчурных фондаў дадуць па пяць хвілін, каб прадставіць сваю інвестыцыйную стратэгію.
Зарэцкая першапачаткова сапраўды была ў праграме. Яе персанальная старонка дагэтуль захавалася ў пошукавай выдачы, дзе яна пазначаная як спікерка LEAP і прадстаўніца Terra Cognita Ventures. Пошукавік таксама захаваў згадкі пра яе ўдзел у абедзвюх сесіях.

Цяпер персанальная старонка Зарэцкай на канферэнцыі выдае памылку 404. А ў дыскусіі пра кліматычныя інвестыцыі заяўленыя толькі чатыры ўдзельнікі, яе імя адсутнічае. Няма Зарэцкай і ў абноўленым складзе LP-GP Quickfire.
Беларуская актывістка на Кіпры Алеся Пархоменка расказала, што гэтаму папярэднічаў зварот беларусаў да арганізатараў канферэнцыі. Пасля гэтага яе Зарэцкай знікла з раскладу.
«Наша Ніва» звярнулася па каментар да самой Зарэцкай.
«Калі вы пра LEAP, то я тут і бяру ўдзел. Іншых канферэнцый у мяне не запланавана», — адказала яна.
Мы ўдакладнілі, чаму яе імя знікла з сайта, ці будзе яна ўсё ж выступаць або толькі прысутнічае на мерапрыемстве як наведніца. На гэтыя пытанні Зарэцкая не адказала.
У 2022 годзе Таццяна Зарэцкая менш за два месяцы была прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета па фінансах і эканоміцы. Яна пакінула пасаду, патлумачыўшы гэта пагрозамі на адрас яе самой, сваякоў, супрацоўнікаў і партнёраў. Адстаўка супала з выхадам расследавання «Нашай Нівы», у якім былі пастаўленыя пад сумнеў яе заявы пра поспехі стартапа Laava Tech.
У 2026 годзе стала вядома, што Еўрапейская пракуратура яшчэ ў 2024‑м пачала расследаванне магчымага махлярства з еўрапейскімі субсідыямі, атрыманымі Laava Tech. Праекту выдзелілі каля 2,4 мільёна еўра на распрацоўку энергаэфектыўных тэхналогій для сельскай гаспадаркі.
Паводле матэрыялаў справы, следства ацэньвае магчымую шкоду Еўрасаюзу амаль у 450 тысяч еўра. Брусель запатрабаваў вярнуць больш за два мільёны еўра грантавых сродкаў. Эстонскі суд таксама арыштаваў грошы на рахунках Зарэцкай і абмежаваў распараджэнне яе долямі ў кампаніях.
Цяпер чытаюць
«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Каментары