Свет

Саудаўская Аравія прыпыніла працу нафтаправода «Усход — Захад» пасля атакі дронаў з тэрыторыі Ірака. Па ім ідзе 5% сусветнай нафты

Саудаўская Аравія часова спыніла працу аднаго з найважнейшых у рэгіёне нафтаправодаў «Усход — Захад» пасля атакі беспілотнікаў, запушчаных з тэрыторыі Ірака. Гэты нафтаправод дазваляе Эр-Рыяду транспартаваць нафту ў абыход Армузскага праліва. Паводле ацэнак, праз яго праходзіць ад 4% да 5% сусветнага аб’ёму нафты, піша Reuters.

Спадарожнікавы здымак, на якім відаць наступствы ўдару па нафтаправодзе

Інцыдэнт адбыўся на фоне маштабнага наступлення еменскіх хусітаў, якія падтрымліваюцца Іранам, уздоўж узбярэжжа Чырвонага мора. Хусіты імкнуцца ўзяць пад кантроль Баб-эль-Мандэбскі праліў — яшчэ адзін ключавы маршрут транспартавання нафты з Блізкага Усходу.

Улады Ірака пацвердзілі, што дроны былі запушчаныя з правінцыі Майсан, якая мяжуе з Іранам. Пасля атакі ад пасады адхілілі аднаго з іракскіх вайсковых камандзіраў, які адказвае за аперацыі ў гэтай правінцыі. У Багдадзе заявілі, што расследуюць здарэнне.

Саудаўскія ўлады назвалі прыпыненне працы нафтаправода мерай засцярогі. Аднак спадарожнікавыя здымкі паказалі сляды пажару каля помпавай станцыі побач з Аль-Месбаа, а таксама густы дым у раёне іншай станцыі каля Аль-Дэкры.

Міністэрства замежных спраў Саудаўскай Аравіі паведаміла, што ў выніку атакі ёсць пацярпелыя і нанесеныя матэрыяльныя страты. Іх маштаб пакуль ацэньваецца.

Эр-Рыяд заявіў, што пакуль не плануе ўдараў у адказ і мае намер падтрымліваць намаганні Ірака, накіраваныя на недапушчэнне падобных атак у будучыні. Пры гэтым Саудаўская Аравія пакідае за сабой права прыняць неабходныя меры для абароны свайго суверэнітэту, бяспекі, нафтавай інфраструктуры і насельніцтва.

Нафтаправод «Усход — Захад» працягласцю каля 1200 км злучае нафтавае радовішча Абкайк з портам Янбу на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Ён выкарыстоўваецца як альтэрнатыўны маршрут для экспарту саудаўскай нафты, калі транспартаванне праз Армузскі праліў становіцца немагчымым.

Значэнне гэтага маршруту ўзрасло пасля таго, як праз вайну ЗША з Іранам фактычна спыніўся рух праз Армузскі праліў. Раней праз яго праходзіла каля пятай часткі сусветнага нафтавага патоку.

Атаку асудзіла і Рада супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва, у які ўваходзяць ААЭ, Бахрэйн, Аман, Катар і Кувейт. Генеральны сакратар арганізацыі Джасем Махамед Альбудайві назваў напад небяспечнай эскалацыяй і пагрозай тэрытарыяльнай цэласнасці і жыццёва важным аб’ектам Саудаўскай Аравіі.

Тым часам сітуацыя вакол Баб-эль-Мандэбскага праліва таксама абвастраецца. На гэтым тыдні хусіты ў выніку хуткага наступлення ў Емене ўзялі пад кантроль большую частку ўзбярэжжа краіны. Паводле крыніц Reuters у еменскім урадзе, 11 верасня яны дасягнулі вострава Перым — стратэгічна важнага пункта, які дазваляе кантраляваць Баб-эль-Мандэбскі праліў.

Супрацьстаянне паміж Саудаўскай Аравіяй і хусітамі абвастрылася ў ліпені. Тады Эр-Рыяд нанёс удар па аэрапорце ў сталіцы Емена, які кантралююць хусіты, каб не дапусціць пасадкі іранскага самалёта з высокапастаўленымі прадстаўнікамі хусітаў, якія вярталіся з пахавання вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе14

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе

Усе навіны →
Усе навіны

Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра28

Эдуарда Бабарыку не пераводзілі на турэмны рэжым, ён застаецца ў калоніі ў Горках

А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца9

Народны артыст Анатоль Ярмоленка стаў бізнэс-партнёрам кашалька Лукашэнкі4

Прадаецца былая рэзідэнцыя Лукашэнкі пад Віцебскам2

Мужчына піў гарбату ля ракі, убачыў, што тоне жанчына, выратаваў яе і проста сышоў. Яго знайшлі і ўзнагародзілі7

«У нас няма канкурэнтаў». Беларуска расказала, як адкрыла папулярны барбершоп у райцэнтры3

Зяленскі заявіў, што расійскія ўдары пашкодзілі ўсе электрастанцыі ў краіне1

Ціханоўскі пра Ціханоўскую: Яна кажа: «Балюча чуць». Зараз табе будзе яшчэ больш балюча85

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе14

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць