Свет

Новы галаўны боль Захаду — альянс «Аль-Кайды» і хусітаў

Еменскія хусіты і самалійская «Аш-Шабаб», якіх доўгі час падзялялі рэлігійныя супярэчнасці, аб'ядналіся на аснове нянавісці да ЗША і Ізраіля. Цяпер гэтае супрацоўніцтва можа ператварыцца ў пагрозу для аднаго з ключавых маршрутаў сусветнага гандлю нафтай. З падрабязнасцямі знаёміць WSJ.

Еменскія хусіты. Фота: ohammed Hamoud / Getty Images

Адэнскі заліў — адзін з ключавых марскіх калідораў паміж Блізкім Усходам, Афрыкай і сусветнымі рынкамі. На адным яго беразе знаходзіцца Емен, дзе значную частку тэрыторыі кантралююць хусіты, на другім — Самалі, дзе дзейнічае звязаная з «Аль-Кайдай» групоўка «Аш-Шабаб». Цяпер гэтыя дзве сілы, якія раней былі рэлігійнымі праціўнікамі, наладзілі супрацоўніцтва.

Саюз з разліку

Збліжэнне тлумачыцца перадусім узаемнай выгадай. «Аш-Шабаб», якую WSJ называе найбуйнейшым і самым прыбытковым адгалінаваннем «Аль-Кайды», мае грошы, але імкнецца атрымаць сучасную зброю і тэхналогіі. Хусіты, якія гадамі атрымлівалі ўзбраенне і падрыхтоўку ад іранскага Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, могуць гэта прапанаваць. Узамен яны атрымліваюць фінансаванне і магчымасць замацавацца на афрыканскім беразе Адэнскага заліва.

Гэта асабліва важна праз становішча рэгіёна. Да вайны з Іранам праз Адэнскі заліў праходзіла 12% сусветнай нафты, якая перавозіцца морам. Калі б іранскія сілы амаль закрылі Армузскі праліў, гэты шлях мог бы стаць альтэрнатывай для паставак з Блізкага Усходу. Аднак хусіты падтрымалі Тэгеран і атакуюць ракетамі і дронамі звязаныя з Саудаўскай Аравіяй танкеры ў Чырвоным моры.

Як адзначае аўтар, яшчэ нядаўна саюз хусітаў і «Аш-Шабаб» здаваўся нечым са сферы фантастыкі: першыя пераважна шыіты, другія — суніты. Цяпер рэлігійныя супярэчнасці пераважыла супольная варожасць да ЗША і Ізраіля. Сувязі паміж групоўкамі існуюць прынамсі з 2023 года і паступова перараслі з гандлю зброяй у больш шырокае ваеннае супрацоўніцтва.

Адэнскі заліў. Фота: Wikimedia Commons

Зброя і навучанне

«Аш-Шабаб» спрабуе атрымаць у Емене ў тым ліку пераносныя зенітныя ракеты, 107‑міліметровыя «Кацюшы», снайперскія вінтоўкі Драгунава, ударныя беспілотнікі, супрацьтанкавыя ракеты і амерыканскія прыборы начнога бачання. Невядома, што менавіта з гэтага ўжо трапіла ў Самалі. Аднак у красавіку 2025 года ЗША знішчылі два судны без сцягоў, якія ішлі з Емена ў самалійскія воды з сучаснымі ўзбраеннямі.

Пастаўкі, паводле WSJ, маскуюцца пад звычайны гандаль. Падстаўныя еменскія кампаніі афармляюць зброю як мірныя тавары і дастаўляюць у парты, адкуль яе на хуткасных катарах і рыбацкіх суднах вязуць праз заліў. Грузы выгружаюць на слаба кантраляваным паўночным узбярэжжы Самалі, а затым адпраўляюць баявым падраздзяленням «Аш-Шабаб» на поўдні краіны.

Разам са зброяй групоўка атрымлівае і новыя навыкі. Не менш за 100 яе байцоў ужо ездзілі на навучанне ў Емен. ААН паведамляла пра групы прыкладна па 30 чалавек, якіх вучылі стральбе, супрацьпаветраным аперацыям і стварэнню больш смяротных мін-пастак. Сёлета адна з груп правяла тры месяцы ў Саадзе, асвойваючы зборку і кіраванне беспілотнікамі. Хусіцкія інструктары таксама самі прыязджаюць у Самалі.

Плаціць за гэта «Аш-Шабаб» можа без асаблівых праблем. Паводле амерыканскай разведкі, яна збірае не менш за $100 млн у год — галоўным чынам праз паборы з самалійскага бізнесу, людзей на блокпастах і ў порце Магадзіша. Яшчэ адной крыніцай даходаў стала саматужная здабыча золата ў гарах Кал-Мадау.

Барацьба за ўзбярэжжа Самалі

Для хусітаў жа, як піша WSJ, грошы могуць быць не галоўнай мэтай. Іх цікавіць прысутнасць у Самалі, якая дазволіла б назіраць за суднаходствам абапал Адэнскага заліва. Адна з ідэй — размясціць з дапамогай «Аш-Шабаб» радары для сачэння за караблямі.

Дадатковае значэнне гэты план атрымаў пасля таго, як у снежні Ізраіль прызнаў незалежнасць Самалілэнда — рэгіёна, які абвясціў аб аддзяленні ад Самалі ў 1991 годзе. Там знаходзіцца стратэгічны порт Бербера з вельмі доўгай узлётна-пасадачнай паласой, якую NASA калісьці нават арандавала для аварыйнай пасадкі касмічных шатлаў. Вайсковая прысутнасць там дала б Ізраілю моцную пазіцыю супраць хусітаў.

Хусіты ўжо прыгразілі атакаваць любую ізраільскую прысутнасць у Самалілэндзе. А ў чэрвені іх дэлегацыя з чатырох чалавек пераправілася ў Самалі і дабралася да Джыліба — фактычнай сталіцы тэрыторый «Аш-Шабаб». Паводле разведвальных звестак, бакі абмяркоўвалі супрацьдзеянне ізраільскай актыўнасці ў Берберы, а хусіты паабяцалі больш сучасную зброю і навучанне.

Порт Бербера. Фота: Wikimedia Commons

Ліквідацыя пасярэдніка

Адным з ключавых пасярэднікаў паміж дзвюма групоўкамі быў 38‑гадовы самаліец Джыбрыл Ях’я Алі па мянушцы «Аднарукі». Прынамсі з 2023 года ён курсіраваў паміж Самалі і Еменам, прадстаўляў інтарэсы «Аш-Шабаб» і дапамагаў арганізоўваць пастаўкі зброі. Хусіты далі яму кватэру ў Сане і падроблены еменскі пашпарт.

У 2024 годзе «Аш-Шабаб» скіравала да яго больш высокапастаўленага прадстаўніка шэйха Ахмеда Элмі Саматара, які перадаў хусітам спіс патрэбнага ўзбраення. Пасля арышту Саматара еменскімі ўладамі і яго наступнага абмену на палонных хусітаў Джыбрыл працягнуў гэтую працу.

12 лютага Джыбрыла забілі ракетным ударам каля еменскай Аль-Гайды: ракета прабіла дах яго Toyota Corolla і, не выбухнуўшы, разрэзала аўтамабіль. Яго жонка перад ударам выйшла з машыны адказаць на тэлефонны званок і выжыла.

Дзве амерыканскія крыніцы пацвердзілі WSJ, што гэта быў удар ЗША, аднак Цэнтральнае камандаванне заявіла, што аперацыю праводзілі не амерыканскія вайскоўцы, а ЦРУ не паведаміла, ці мела да яе дачыненне.

Ліквідацыя пасярэдніка, аднак, не спыніла супрацоўніцтва: «Аш-Шабаб» ужо прызначыла яму замену ў Емене. ЗША тым часам узмацняюць ціск на саму групоўку: сёлета яны нанеслі па яе мэтах у Самалі каля 40 авіяўдараў супраць 41 за ўвесь 2025 год.

У выніку, як адзначае WSJ, тое, што пачыналася як узаемавыгадны гандаль, паступова набывае стратэгічны характар. «Аш-Шабаб» атрымлівае доступ да больш сучаснай зброі і ваенных тэхналогій, а хусіты — грошы і патэнцыйны плацдарм у Афрыцы. Іх супрацоўніцтва стварае магчымасць пагражаць суднаходству з абодвух бакоў аднаго з найважнейшых марскіх калідораў свету.

Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага47

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага

Усе навіны →
Усе навіны

Самы багаты беларускі бізнэсмен закрывае сваю самую буйную кампанію

ЗША забаранілі дзяржаўным ведамствам выкарыстоўваць софт Acronis, зроблены выхадцамі з Расіі1

За адзін дзень сем авіялайнераў у Еўропе атрымалі паведамленні пра бомбу на борце1

Пашынян заявіў пра намер падаць заяўку ў Еўрасаюз у 2027 ці 2028 годзе1

«Кожнаму з тых «электрыкаў», якія тады прыходзілі да мяне і тысяч беларусаў, будзе адплата»14

У выніку вайны два ўкраінскія гарады перасталі быць мільённікамі, а адзін рыхтуецца ім стаць3

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі19

Лябедзька адказаў Гарбуновай: «Гэта гучыць вельмі па-хамску ў адносінах да памяці тых, хто аддаў жыццё дзеля перамен»18

Пальчыс сказаў, хто быў самым галоўным арганізатарам пратэстаў 2020 года34

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага47

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць