Краіны Балтыі папрасілі ў Еўракамісіі 500 мільёнаў еўра на абарону ад дронаў
Неабходнасць дадатковага фінансавання краіны абгрунтавалі «ростам пагрозы з боку Расіі».

Літва, Латвія і Эстонія запыталі ў Еўрапейскай камісіі 500 млн еўра на абарону ад беспілотнікаў. Адпаведны ліст старшыні ЕК Урсуле фон дэр Ляен накіравалі міністры абароны трох дзяржаў, паведамляе Moscow Times.
Неабходнасць дадатковага фінансавання краіны абгрунтавалі «ростам пагрозы з боку Расіі». Яны мяркуюць, што Масква можа нанесці ўдар дронамі па ўсходнім флангу НАТА, каб праверыць гатоўнасць альянсу задзейнічаць 5‑ы артыкул Паўночнаатлантычнай дамовы.
Балтыйскія краіны чакаюць, што адказ ад кіраўніцы ЕК паступіць на працягу некалькіх тыдняў і будзе станоўчым. У Вільнюсе, Рызе і Таліне таксама спадзяюцца, што сродкі ўдасца атрымаць да канца гэтага года, адзначылі суразмоўцы Iltalehti.
Раней краіны Балтыі неаднаразова сутыкаліся з парушэннем сваёй паветранай прасторы беспілотнікамі. Аднак падобныя выпадкі пачасціліся за апошнія два гады. Як падлічвала «Новая Еўропа», са студзеня 2025 года да мая 2026 года адбылося не менш за 24 такія інцыдэнты. За мінулае лета авіяцыя НАТА збіла два дроны ў небе над Латвіяй, а таксама адзін — над Літвой.
На гэтым фоне міністр абароны Літвы Робертас Каўнас заклікаў краіны Балтыі падрыхтавацца да рэгулярных уварванняў беспілотнікаў. У прыватнасці, ён падкрэсліў важнасць узмацнення сістэм супрацьпаветранай абароны і паведаміў пра новыя інвестыцыі ў радары і абарону паветранай прасторы.
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ раней называў рэакцыю альянсу на інцыдэнты з дронамі ў балтыйскіх рэспубліках «спакойнай, рашучай і суразмернай».
У сярэдзіне верасня прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Расія можа рыхтаваць у найбліжэйшы час «гібрыдныя атакі» з дапамогай ракет і беспілотнікаў супраць дзяржаў, якія падтрымліваюць Украіну.
Да гэтага расійскія ўлады неаднаразова пагражалі краінам Балтыі, абвінавачваючы іх у дапамозе Украіне з запускам дронаў. Уладзімір Пуцін адкрыта заяўляў, што Расія нанясе ўдары ў адказ па тых дзяржавах Еўропы, якія дазволяць запускаць са сваёй тэрыторыі ўкраінскія беспілотнікі для ўдараў па расійскіх аб'ектах.
Каментары
Зарабляць не пробавалі, дармаеды? Ці толькі могуць кантрабанднымі цыгарэтамі на скандынаўскія паромы гандляваць?