Шаблярогая антылопа была ўжо знікла з дзікай прыроды, але цяпер зноў скача па сахельскіх саванах
Шаблярогі орыкс, які калісьці лічыўся зніклым у дзікай прыродзе, дзякуючы праграме па аднаўленні папуляцыі зноў вярнуўся ў натуральнае асяроддзе. Цяпер у запаведніку ў Чадзе жыве ўжо больш за 600 гэтых антылоп, піша выданне The Times of India.

Калісьці шаблярогія орыксы былі шырока распаўсюджаныя ў Паўночнай Афрыцы. Яны жылі ў саванах і паўпустынях і добра прыстасаваліся да спякотнага і сухога клімату. Аднак у XX стагоддзі іх колькасць рэзка скарацілася праз некантраляванае паляванне і знішчэнне прыродных месцаў для жыцця.
Да канца стагоддзя від амаль знік. Апошнюю вядомую фатаграфію дзікага шаблярогага орыкса зрабілі ў 1980 годзе ў гарах Аір у Нігеры.
У 2000 годзе від афіцыйна аднеслі да катэгорыі зніклых у дзікай прыродзе. Гэта азначала, што жывёл больш не бачылі ў натуральным асяроддзі, хоць яны працягвалі жыць у заапарках і прыватных экалагічных парках.
Пасля гэтага міжнародныя спецыялісты па ахове прыроды пачалі фармаваць папуляцыю, якая магла б стаць асновай для вяртання віду ў прыроду. Важную ролю адыграла стварэнне ў Абу-Дабі генетычна разнастайнага «сусветнага статка» з жывёл, якія паходзілі з папуляцый у ЗША, Еўропе і Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.
Праграма рэінтрадукцыі пачалася ў 2016 годзе. У сакавіку таго года 25 шаблярогіх орыксаў пераправілі самалётам з Абу-Дабі ў Чад. Іх змясцілі ў запаведніку Вадзі-Рыме — Вадзі-Ашым, дзе жывёлы павінны былі зноў адаптавацца да жыцця ў прыродзе.
Спачатку антылоп утрымлівалі ў спецыяльных вальерах, назіраючы за іх станам і паводзінамі. Пасля іх пачалі выпускаць у запаведнік. За часткай жывёл сачылі з дапамогай GPS-нашыйнікаў.
Першая група, выпушчаная ў дзікую прыроду, складалася з 23 орыксаў. Мэтай было не проста вярнуць асобных жывёл, а стварыць самастойную папуляцыю, якая зможа размнажацца без пастаяннага папаўнення з няволі. Ужо ў снежні 2016 года ў Чадзе нарадзілася першае дзіцяня.
Паступова натуральнае размнажэнне стала асноўнай крыніцай росту папуляцыі. З 2016 года ў Чад прывезлі 285 орыксаў, выгадаваных у няволі, але ў прыродзе за гэты час нарадзілася больш за 500 дзіцянят. Да канца 2023 года колькасць адноўленай папуляцыі перавысіла 600 жывёл, хоць першапачатковай мэтай праграмы было дасягнуць 500.
У лістападзе 2024 года з Абу-Дабі ў Чад прывезлі яшчэ 50 антылоп. Такім чынам, агульная колькасць рэінтрадукаваных з 2016 года жывёл дасягнула 385. У справаздачы за 2024 год паведамлялася ўжо пра 580 орыксаў, якія нарадзіліся ў дзікай прыродзе.
Аднаўленне папуляцыі сутыкнулася і з сур'ёзнымі праблемамі. У канцы сухога сезона 2024 года ў рэгіёне ўсталявалася незвычайна спякотнае надвор'е, у выніку чаго загінулі больш за 100 шаблярогіх орыксаў. Асабліва моцна пацярпелі маладыя жывёлы і тыя, якіх нядаўна выпусцілі ў прыроду.
Пасля вяртання дажджоў папуляцыя пачала аднаўляцца. У снежні 2023 года від у Чырвоным спісе ўжо перавялі з катэгорыі «зніклы ў дзікай прыродзе» ў катэгорыю «пад пагрозай знікнення».
Цяпер адноўленая папуляцыя жыве ў запаведніку Вадзі-Рыме — Вадзі-Ашым — вялікай ахоўнай тэрыторыі ў зоне сахельскіх саван Чада. За жывёламі працягваюць сачыць з дапамогай спадарожнікавых сістэм і падчас палявых даследаванняў. Спецыялісты вывучаюць іх перамяшчэнні, размнажэнне, распаўсюджванне і выжывальнасць.
Жонка Ігара Шуневіча падстрэліла ў Зімбабвэ імпалу, ватэрбока і бабуіна
Што, калі б у прыродзе не было драпежнікаў? Прыклад аднаго вострава паказаў, што гэта зусім не рай
У Кеніі зноў пабачылі «прывіда лесу», які баяліся, што ўжо знік
У ЗША паспрабуюць адрадзіць зведзеную са свету блакітную антылопу
У Афрыцы сланы затапталі амерыканскага мільянера, які прыехаў паляваць на антылоп
Каментары