Трамп і кіраўнікі IT-кампаній падпісалі пагадненне аб кантролі за штучным інтэлектам
Прэзідэнт ЗША сустрэўся з кіраўнікамі найбуйнейшых кампаній — распрацоўшчыкаў штучнага інтэлекту — Google, Anthropic, Meta, OpenAI і xAI. Па выніках сустрэчы было падпісана сумеснае пагадненне аб кантролі за развіццём ШІ, піша DW.

Прэзідэнт ЗША ў аўторак сустрэўся ў Белым доме ў Вашынгтоне з кіраўнікамі найбуйнейшых кампаній, якія займаюцца распрацоўкамі ў галіне штучнага інтэлекту, у тым ліку Google, Anthropic, Meta, OpenAI, Nvidia і кампаніі Ілана Маска xAI, якая ў пачатку года аб’ядналася з іншай яго кампаніяй — касмічнай SpaceX. Па выніках сустрэчы было падпісана пагадненне аб узмацненні кантролю за развіццём ШІ. Трамп апублікаваў дакумент у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
Згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі, кожная кампанія павінна будзе стварыць у сябе «надзейныя ўнутраныя механізмы» для маніторынгу магчымасцяў сваіх ШІ-мадэляў і іх адпаведнасці стандартам бяспекі на этапах навучання і ўкаранення ў такіх сферах, як кібербяспека, біялагічная і хімічная бяспека. Выяўленыя рызыкі і праблемы павінны ліквідавацца.
Ад IT-кампаній таксама чакаецца супрацоўніцтва з незалежнымі аўдытарамі і рэгулярны ўдзел у сумесных сустрэчах, прысвечаных выпрацоўцы стандартаў і метадаў павышэння бяспекі сістэм штучнага інтэлекту.
Трамп заявіў, што пагадненне мае «маральную сілу» і не падлягае прымусоваму выкананню ў судовым парадку. Аднак у дакуменце прапісана, што «з цягам часу можа ўзнікнуць неабходнасць замацаваць гэтыя меры ў законах або нарматыўных актах».
19 верасня прэзідэнт ЗША абвясціў аб хуткім стварэнні спецыяльных «сіл штучнага інтэлекту» — структуры, якая будзе займацца пытаннямі ШІ.
Пры гэтым Трамп паведаміў, што не збіраецца перашкаджаць развіццю гэтай тэхналогіі, укараненне якой ён назваў «наступнай прамысловай рэвалюцыяй». Кіраўнік Белага дома падкрэсліў, што хоча, каб ЗША працягвалі апярэджваць Кітай у сферы ШІ.
Цяпер чытаюць
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары