Следам за 7 тонамі радыеактыўных лісічак з Беларусі ў Літву не пусцілі і 20 тон радыеактыўных чарніц
Літоўскія памежнікі не дазволілі ўвезці з Беларусі 20 тон чарніц, у якіх знайшлі перавышэнне дапушчальнага ўзроўню радыяцыі. Інцыдэнт адбыўся на памежным пункце пропуску Салечнікі 3 лістапада, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Раніцай у аўторак з Беларусі ў Літву прыбыў зарэгістраваны ў Літве аўтацягнік DAF з паўпрычэпам Krone, зарэгістраваным у Эстоніі. Калі грузавік праязджаў праз стацыянарную сістэму радыяцыйнага кантролю, так званую радыяцыйную браму, прыборы падалі сігнал аб перавышэнні натуральнага радыяцыйнага фону.
За рулём грузавіка знаходзіўся 46‑гадовы грамадзянін Беларусі, які мае літоўскі дазвол на часовае жыхарства.
Пры паўторнай праверцы з дапамогай пераноснага вымяральніка радыяцыі высветлілася, што лясныя ягады выпраменьваюць 0,07 мкЗв/г (мікразіверта за гадзіну). З дапамогай ідэнтыфікатара радыеактыўных ізатопаў памежнікі вызначылі, што крыніцай выпраменьвання з'яўляецца штучны радыенуклід цэзій-137.
Пра здарэнне неадкладна паведамілі спецыялістам Цэнтра радыяцыйнай бяспекі Літвы. Паколькі прадукты харчавання, якія ўвозяцца ў Літву і Еўрасаюз, не павінны быць забруджаныя штучнымі радыенуклідамі, спецыялісты рэкамендавалі не дапускаць гэты груз на тэрыторыю краіны.
Пасля афармлення неабходных дакументаў грузавік з 20 тонамі радыеактыўных чарніц адправілі назад у Беларусь.
За апошнія некалькі дзён гэта ўжо другі выпадак, калі літоўскія памежнікі вяртаюць у Беларусь груз з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню радыяцыі. У суботу на пункце пропуску Меднікі не дазволілі ўвезці ў Літву сем тон лісічак з павышаным узроўнем іанізуючага выпраменьвання.
Каментары