Гісторыя6767

Лукашэнка ніколі не выйграваў cправядліва – нават у 1994 і 1995

Піша Сяргей Навумчык.

На сваю старонку ў Фэйсбуку я выставіў здымак выбарчай улёткі 1995 году, заўважыўшы, што тыя выбары не былі свабоднымі. Гэта выклікала рэакцыю як ў сацыяльных сетках, так і сярод калег-журналістаў. Свае аргумэнты выклаў Віталь Цыганкоў.

Зьмяшчаю свой тэкст у тым выглядзе, як ён быў выстаўлены, зьвяртаючы ўвагу на тое, што нататкі ў гэтай сацыяльнай сетцы звычайна пішуцца імгненна, "з колаў", і маюць свае стылёвыя ды лексычныя асаблівасьці.

Так, у 1994 Лукашэнка выйграў нібыта «сумленна» — але «сумленна» у межах супрацьстаяньня паміж Лукашэнкам і Кебічам.
Гэта як дзьве банды захапілі пасёлак, і галоўныя паханы выйшлі паміж сабой «па-пацанску» «раз на раз» — і той, хто перамог, зрабіў гэта «чэсна», у межах «понятій». Ну, а для жыхароў пасёлка — ці чэсна? У 1994 годзе дзяржаўныя СМІ (большасьць газэт і цалкам тэлебачаньне) працавалі на здушэньне дэмакратыі і маладой беларускай дзяржаўнасьці, прычым пачалося гэта з 1992 года. А на «выбарах» Кебіч з Лукашэнкам спрачаліся, хто хутчэй аддасьць Беларусь Маскве («Вы обещали ввести российский рубль, Вячеслав Францевич, и преступно с этим тянете!»). Беларуская дзяржава была яшчэ на пачатку свайго фармаваньня — а на яе абрынулася імпэрская машына (і ня толькі прапагандысцкая).

Пазьняк і Лукашэнка на выбарах 1994 году былі ня ў роўных умовах

Што ж да гэтай прапагандысцкай машыны, дык у 1994 г.яна працавала цалкам у інтарэсах Лукашэнкі («демократы развалили великую державу», «разорваны экономические связи», «необходимо восстановить союз двух братских народов», «вместе мы едины и непобедимы»).
У гэтым сэнсе, усю ідэйна-агітацыйную працу ад каманды Лукашэнкі ўзялі на сябе дзяржаўныя СМІ (куды нам доступ быў вельмі абмежаваны (а з прыходам Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта і Фядуты кіраўніком інфармацыйнага ўпраўленьня ліквідаваны цалкам). Так, у СМІ гучалі рэпартажы супраць Лукашэнкі — але ягоныя ідэалягічныя пазыцыі сумневу не падвяргаліся, наадварот, пацьвярджаліся. Супраць жа Пазьняка ішлі ня толькі пэрсанальная агітацыя — але і ідэйная, прычым на той момант — некалькі гадоў (фактычна, ад 1988). Сёньняшнім маладым будзе цікава даведацца, што за ўсе гады незалежнай Беларусі Васіль Быкаў зьявіўся ў жывым эфіры БТ толькі аднойчы, ў якасьці даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Пазьняка — у чэрвені 94-га, на некалькі хвілінаў).

І таму трэба прызнаць, што Пазьняк і Лукашэнка на выбарах 1994 году былі ня ў роўных умовах — на ідэі, якія выспавядаў Лукашэнка, працавала ўся дзяржаўная інфармацыйная машына (і як потым прызнаўся сам Лукашэнка — і значная частка КГБ).

Цяпер пра выбары 1995 г. Могуць сказаць, што тады не было «ярмошынскага падыходу» — я маю на ўвазе масавыя маніпуляцыі з пратаколамі. На хвіліну пагодзімся, што — не было. Але ніхто ня будзе аспрэчваць, што дзяржаўныя СМІ былі цалкам пад кантролем Лукашэнкі, што супраць БНФ як арганізацыі і яго лідэраў пэрсанальна была разгорнутая прапагандысцкая вайна. Дастаткова прыгадаць фільм «Деті лжі», пра які вельмі красамоўна напісаў потым Васіль Быкаў. Гэтак сама, у адзін бок, на карысьць Лукашэнкі, ішла агітацыя і па пытаньнях так званага «рэфэрэндуму» (каб не прызнаваць ягоныя вынікі легітымнымі, дастаткова аднаго факту зьбіцьця дэпутатаў ВС у Авальнай залі). Той «рэфэрэндум», ягоныя вынікі былі найвялікшым — пасьля Гітлера — злачынствам супраць беларускай нацыі.

Калі нехта сур’ёзна разважае пра выбары, ён павінен пагадзіцца, што выбары — гэта ня толькі «галасаваньне», г.зн. тыя некалькі сэкундаў, калі чалавек прыходзіць у кабінку, выкрэсьлівае нешта ў бюлетэні і кідае яго ў скрынку.
І нават ня толькі падлік галасоў і складаньне пратаколаў. Гэта — значна больш шырокі працэс, неад’емнай часткай якога ёсьць і права кандыдатаў на свабодную агітацыю, якое, у сваю чаргу, ёсьць падставай свабоды выбару для выбаршчыка, выбару асэнсаванага. Парушэньне такога права ў дэмакратычных краінах разглядаецца як парушэньне выбарчага працэсу і не дазваляе прызнаць выбары свабоднымі і справядлівымі.

І гэта (нават калі ня браць пад увагу фальсыфікацыі — а яны былі) — дае магчымасьць сьцьвярджаць, што «выбары» 1995 г. — не былі выбарамі справядлівымі і свабоднымі.

Папросту, яны не былі выбарамі ў дэмакратычным разуменьні.
Як не былі такімі выбарамі і выбары 1990-га, на якіх мы былі абраныя дэпутатамі — але сьведчу, што тады, у 90-м, камуністы не выкарыстоўвалі супраць нас такіх мэтадаў, якія выкарыстоўвалі лукашэнкаўцы (там былі іншыя праблемы).

Дыктатура не ўсталёўвалася ў адно імгненьне — працэс ішоў паступова, спачатку задушылі БНФ, потым — астатніх.
Спачатку зьбілі Пазьняка і дэпутатаў БНФ, потым забілі былых паплечнікаў Лукашэнкі. Спачатку зрабілі «белыя плямы» у дзяржаўных газэтах, потым зьнішчылі незалежныя газэты. Але ні зьбіцьцё дэпутатаў, ні «белыя плямы» — нельга назваць праявай дэмакратыі толькі таму, што яны «меншае зло» на фоне, адпаведна, забойстваў ды зьнішчэньня газэт.

Па-трэцяе, з тых, каго прапусьцілі — буду казаць адкрытым тэкстам, маючы на ўвазе Карпенку ці некаторых іншых — пры ўсіх іх вартых павагі якасьцях — ніхто не валодаў якасьцямі, якія былі найбольш небясьпечныя для Лукашэнкі на тым этапе, і якімі валодалі дэпутаты БНФ, найперш Пазьняк.
Яны не былі — ну, калі хочаце, нацыянальна арыентаванымі ў той ступені, якая ўяўляла для Лукашэнкі небясьпеку. І гэта — з пазыцыі інтарэсаў Лукашэнкі — быў дакладны разьлік.

Спачатку ВС-13 парафіраваў пагадненьне паміж Расеяй і Беларусьсю (тое самае, супраць якога 24 сакавіка і 2 красавіка 96-га на вуліцах Менску пратэставалі дзесяткі тысяч людзей; а вось старшыня ВС-13 Сямён Шарэцкі заявіў, што падпісаньне пагадненьне як першы крок да аднаўленьня Саюзу — самы шчасьлівы дзень у ягоным жыцьці), ну, а потым зьнішчыў апошні шанец адвярнуць краіну ад дыктатуры — «заваліў» імпічмэнт, і зрабіў гэта менавіта пад уплывам «расейскага дэсанту» — прэм’ера Чарнамырдзіна і сьпікераў Селязьнева і Строева.

На перамовах акрамя Шарэцкага і Ціхіні былі Карпенка, Калякін (здаецца, і Краўчанка). Як яны ўспрымалі Чарнамырдзіна? Шарэцкі і Калякін — як былога свайго шэфа, функцыянэра ЦК КПСС, Карпенка — як «крупного хозяйственніка». У іх быў піетэт перад ім.
І з гэтай прычыны (ці — з таксама гэтай прычыны) НІХТО ЗЬ ІХ не запярэчыў у той момант падпісаньню фатальнага пагадненьня (яшчэ і шампанскага ці чаго там выпілі). Імпічмэнт быў сарваны.

І тут я цалкам пагаджаюся зь Лявонам Баршчэўскім, які сказаў, што калі б на той сустрэчы быў Пазьняк — ён бы падпісаньня пагадненьня не дапусьціў.

Чаму не дапусьціў? Ды па той прычыне, што для яго Чарнамырдзін — гэта расейскі акупант, які прыляцеў захапіць ягоную краіну, а ўжо прэм’ер ён ці чмо падзаборнае — справа сорак другая, і таму, як цяпер модна казаць — Віця, «давай досвіданія». Чырнамырдзін у той ролі, якую ён выконваў, быў для Пазьняка НІХТО і зваць яго НІЯК. Я быў сьведкам — у лютым 1991-га — што калі генэральны сакратар ЦК КПСС, прэзыдэнт СССР, Вярхоўны галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі СССР М, С. Гарбачоў прыйшоў у Авальную залю, Пазьняк быў адзіны з дэпутатаў, які ня ўстаў перад ім (яно, можа, і парушэньне палітэсу — але палітычна тое было правільна. І, здаецца, ня ўстаў ён, калі ў сьнежні 91-га ў Авальную залю прыйшоў Ельцын). Канешне, Чарнамырдзіна Пазьняк бы не чапаў, а вось з Шарэцкага і Ціхіні вытрас бы душу. Фізычна! У гэтым я перакананы (мы шмат потым з Пазьняком пра гэта гаварылі).

Але дзеля таго, каб апынуцца ў тую ноч у памяшканьні перамоваў, Пазьняк павінен быў быць ня проста не ў эміграцыі — ён павінен быў быць калі не намесьнікам старшыні ВС, як Карпенка, дык хаця б дэпутатам ВС
(для даведкі: толькі мне з былых дэпутатаў Апазыцыі у ВС-12 удалося здабыць (як журналісту) пропуск у Дом ураду, калі там пачаў працу ВС-13. Памятаю радасьць Майсені: цяпер вы, БНФ — ніхто).

Так што сваімі маніпуляцыямі на «выбарах» 1995 г. Лукашэнка дасягнуў галоўнай мэты — выбіў на тым этапе найбольш небясьпечныя для яго фігуры.
У дачыненьні да кандыдатаў БНФ відавочна рабіліся фальсыфікацыі і маніпуляцыі — пры маўклівай згодзе некаторых з тых, хто неўзабаве сам зрабіўся прадметам такіх жа фальсыфікацыяў і маніпуляцыяў.

Паўтараю: ні выбары 1994, ні выбары 1995 нельга лічыць свабоднымі і справядлівымі выбарамі.

Каментары67

Цяпер чытаюць

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам10

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам

Усе навіны →
Усе навіны

Перасылка рылса ў інстаграме можа вас выдаць. Гэтую функцыю нельга адключыць, але можна абараніць сябе — вось як8

Украінскія дроны атакавалі расійскую вайсковую часць, якую абвінавачваюць ва ўдары па Сумах1

Павялічваюцца цэны на бульбу, цыбулю і капусту2

У Гродне да Дня Перамогі правядуць рэканструкцыю штурму Рэйхстага18

Расіяне, набліжаныя да Крамля, сотнямі атрымліваюць сербскія пашпарты, якія даюць бязвіз у Еўрасаюз13

Ракета «Барс»: што вядома пра новую ўкраінскую распрацоўку і ў чым яе галоўная перавага2

Палітычны чат, у які пісаў Ігар Тур, прызналі экстрэмісцкім10

Цана за самую дарагую кватэру, прададзеную ў Мінску ў сакавіку, блізкая да мільёна даляраў1

Экс-муж Мельнікавай: Пра знікненне Анжалікі нікуды не звяртаўся, не бачу сэнсу29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам10

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць