Свет55

У Арменіі праходзяць парламенцкія выбары. Галоўным пытаннем на іх сталі адносіны з Расіяй

У Арменіі пачалося галасаванне на парламенцкіх выбарах, у выніку якіх павінны сфармаваць новы ўрад краіны. Цяперашні прэм’ер-міністр Нікол Пашынян разлічвае застацца пры ўладзе і атрымаць трэцюю перамогу запар. Галоўным пытаннем падчас перадвыбарчай кампаніі сталі адносіны Арменіі з Расіяй і намер краіны зблізіцца з Еўрапейскім саюзам, піша ВВС.

Фота: AP Photo / Anthony Pizzoferrato

Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 08:00 па мясцовым часе (7 гадзін па Мінску), яны будуць працаваць да 20:00. Цэнтрвыбаркам мае намер абвясціць папярэднія вынікі на наступны дзень пасля галасавання, а канчатковыя стануць вядомыя не пазней чым на сёмы дзень.

Як тлумачыць карэспандэнт ВВС Грыгор Атанесян,

цяперашнія выбары могуць вызначыць курс Арменіі на дзесяцігоддзі наперад.

За восем гадоў прэм’ерства Пашыняна Арменія пацярпела паразу ў вайне вакол Нагорнага Карабаха і перажыла цяжкія ўзрушэнні, але крытыкі ўлады так і не змаглі прапанаваць грамадству годную альтэрнатыву. Фінансавымі і ідэалагічнымі цэнтрамі апазіцыі заставаліся непапулярныя былыя прэзідэнты, якія ў народнай свядомасці звязаны з карупцыяй.

Цяперашні ўрад на чале з Пашынянам заяўляе пра жаданне зблізіцца з Еўропай. Расія, у сваю чаргу, папярэджвала Арменію пра небяспеку такога рашэння і пачала супраць краіны гандлёвую вайну.

У маі ў Ерэване адбыўся маштабны саміт ЕС — Арменія, у якім узялі ўдзел лідары многіх еўрапейскіх краін і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

На ім прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон запэўніваў, што «Арменія рашуча рухаецца ў бок Еўропы», а кіраўніца еўрадыпламатыі Кая Калас давала зразумець, што для Ерэвана можа быць адкрыта сяброўства ў Еўрасаюзе.

Насамрэч, пакуль што гаворка не ідзе нават пра статус краіны-кандыдата ў ЕС. Абмяркоўваюцца толькі бязвізавыя паездкі ў Еўропу для грамадзян Арменіі.

Пагрозы Пуціна і гандлёвая вайна

Але рыторыка Ерэвана зліць Крэмль, і там часта нагадваюць, што ўступленне ў ЕС несумяшчальнае з сяброўствам у Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) — мытным блоку пад кіраўніцтвам Масквы, з удзелу ў якім Арменія атрымлівае значныя выгады.

Пасля параду з нагоды 9 мая ў Маскве прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна папрасілі пракаментаваць адсутнасць на Краснай плошчы Пашыняна і іншых прадстаўнікоў армянскага кіраўніцтва.

Спачатку расійскі прэзідэнт сказаў, што Масква «не бачыць нічога асаблівага» ў планах Арменіі збліжацца з ЕС і падтрымае ўсё, што «выгадна армянскаму народу». Але затым Пуцін пачаў пералічваць выгоды, якія Арменія атрымлівае ад удзелу ў ЕАЭС, і прапанаваў Ерэвану «вызначыцца» — аж да рэферэндуму.

Далей ён прамовіў фразу, якую некаторыя расцанілі як прамую пагрозу: ён правёў паралель паміж Арменіяй і Украінай, вайну супраць якой вядзе Расія.

«А з чаго пачалося? З уступлення ці спробы ўступлення Украіны ў ЕС!» — сказаў Пуцін і пачаў пераказваць сваю звычайную версію развіцця падзей 2013‑14 гадоў ва Украіне. Затым ён вярнуўся да Арменіі: «Таму не трэба даводзіць да крайнасці».

З канца мая Расія пачала паслядоўна ўводзіць санкцыі супраць розных армянскіх тавараў. 22 мая яна забараніла пастаўкі кветак з Арменіі, 23 і 25 мая — мінеральнай вады, армянскага каньяку і віна, 30 мая — памідораў, агуркоў, перцу, спецый і клубніц, 2 чэрвеня — вінаграду, абрыкосаў, чарэшні і персікаў (гэта адбылося за некалькі дзён да пачатку збору ўраджаю).

Расія застаецца самым важным гандлёвым партнёрам Арменіі, у 2025 годзе на яе прыпадала 36% знешняга гандлёвага абароту.

«Масква спрабуе неяк паўплываць на канчатковы вынік галасавання 7 чэрвеня, — сказаў карэспандэнту ВВС эканаміст Айказ Фанян. — Мы ў Арменіі лічым, што гэта вельмі шчыльна звязана з цяперашнімі палітычнымі працэсамі».

Пры гэтым Фанян адзначае, што залежнасць Арменіі ад расійскай зброі рэзка ўпала: 95% ваенных паставак ідзе ў краіну з Індыі, Францыі, Кітая і іншых краін.

Блізкая да Расіі апазіцыя

Многія апазіцыйныя партыі ў Арменіі лічацца значна больш блізкімі да Масквы, чым цяперашні ўрад краіны.

Задоўга до цяперашніх выбараў Пашынян пачаў маштабную кампанію супраць кіраўніцтва Армянскай апостальскай царквы.

Пашынян і яго атачэнне абвінавачваюць біскупаў у працы на Крэмль, а таксама ў амаральных паводзінах. Ні тое, ні другое не было даказана ў судзе. У царкве гэтыя атакі называюць барацьбой супраць хрысціянства.

Калі ў абарону царквы выступіў яе галоўны мецэнат, расійска-армянскі мільярдэр Самвэл Карапецян, ён быў арыштаваны і абвінавачаны ў закліках да захопу ўлады. «Электрасеткі Арменіі», якія належалі яму, былі перададзены пад кантроль дзяржавы.

Пашынян абвінавачвае апанента ў сувязях з Крамлём і расійскімі спецслужбамі (Карапецян гэта адмаўляе) і называе яго «калужскім алігархам», паколькі той доўга жыў і працаваў у Калузе.

Да свайго арышту Карапецян адкрыта не ўдзельнічаў у армянскай палітыцы, але пасля ён стварыў апазіцыйную партыю. Сам ён браць удзел у выбарах не можа, паколькі, акрамя армянскага, таксама мае грамадзянства Расіі і Кіпра.

Абвінавачанні ў падаўленні апазіцыі

Праціўнікі Пашыняна абвінавачваюць яго ў пераследзе палітычных апанентаў.

Хаця еўрапейскія палітыкі, як і сам прэм’ер-міністр, гавораць пра моцныя дэмакратычныя інстытуты, за апошнія гады фігурантамі крымінальных спраў сталі апазіцыянеры, блогеры і грамадскія дзеячы, якія крытыкуюць уладу, а таксама кіраўнік Армянской апостальскай царквы і яе біскупы. Часта гэтаму папярэднічала крытыка з боку Пашыняна.

У сярэдзіне мая адбыўся адзін з найбуйнейшых скандалаў падчас перадвыбарчай кампаніі, калі ўцякач з Карабаха Артур Асіпян паспрачаўся на мітынгу з прэм’ер-міністрам пра лёс гэтай тэрыторыі. У выніку Асіпяна адцягнула ахова Пашыняна, кіраўнік урада абрынуўся на яго з абразамі, а затым гэтага чалавека арыштавалі і адправілі ў СІЗА.

Праваабарончыя групы назвалі абвінавачанні супраць Асіпяна «незаконнымі, беспадстаўнымі і палітычна матываванымі».

У суботу ўлады Арменіі арыштавалі пецярых кандыдатаў ад блока Карапецяна (а сам ён застаецца пад хатнім арыштам). Пра сутнасць абвінавачанняў, якія выстаўляюцца гэтым людзям, не паведамляецца.

Як працуе выбарчая сістэма ў Арменіі

У спісы выбаршчыкаў уключаны 2 млн 485 тыс. чалавек, галасавання на замежных участках не будзе.

Выбары праходзяць паводле прапарцыйнай сістэмы. Каб патрапіць у парламент, партыям трэба набраць 4% галасоў; блокам, якія складаюцца з дзвюх або трох партый, — 8%, а больш шырокім кааліцыям (з чатырох і больш партый) — 10%.

Чатыры месцы ў Нацыянальным сходзе рэзервуюцца для прадстаўнікоў чатырох найбуйнейшых грамад — езідаў, рускіх, асірыйцаў і курдаў.

У выніку выбараў для стварэння ўрада павінна быць сфармавана большасць (адной партыі ці кааліцыі) з дэпутатаў, якія складаюць 54% месцаў у парламенце.

Калі гэтага зрабіць не ўдаецца, можа адбыцца другі тур галасавання, у якім бяруць удзел дзве лідзіруючыя палітычныя сілы (партыі ці блокі).

Каментары5

  • цмак
    07.06.2026
    Таталітарная Памыйка, не волнуйся Ваня - тебе в нароссии дэмакратычные «выбары» не грозят
  • .
    07.06.2026
    Таталітарная Памыйка, пішы хоць па-руску, калі не ўмееш па-беларуску. Не зразумела нічога.
  • Ўршуля Вакцынаўна
    07.06.2026
    Пасварыцца ў натоўпе і загадаць пахолкам зьняволіць апанэнтаў?!
    Ласкава запрашаю, такія рамесныя ў Эўразьвязе!

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей5

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна: Расіяне павялічылі колькасць дронаў, якія запускаюцца з Беларусі6

Расіяне атакавалі два ўкраінскія пошукава-выратавальныя судны

У Кеніі зноў пабачылі «прывіда лесу», які баяліся, што ўжо знік

Пасля дажджу над Мінскам паднялася незвычайная вясёлка ФОТАФАКТ1

У Арменіі ЦВК адмовілася здымаць з выбараў галоўны прарасійскі блок8

«Навошта нам вёскі па тры чалавекі?» Пётра Пятроўскі прапануе звозіць пенсіянераў з малых вёсак у аграгарадкі20

«Цуды апакаліптычнага свету». На Данбасе птушкі віюць гнёзды з дронавага оптавалакна4

Дзмітрый Калдун паказаў сваё лецішча пад Мінскам. Ён змагаецца за свой газон з градкамі жонкі9

«За год можна зарабіць на кватэру ў Мінску». Беларуска расказала, як паехала працаваць у горад будучыні17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей5

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць