Вольга Такарчук падзялілася драматычнымі падрабязнасцямі сваіх уцёкаў з Беларусі
«У Шарамеццева прыходзіць нейкая цётка і пачынае пры мне новую нейкую крымінальную справу заводзіць».

Да падзей 2020 года Вольга Такарчук працавала дызайнеркай. У жніўні таго года яна пачала выходзіць на пратэсты, актыўна вяла свой блог, дзе выказвалася пра сітуацыю ў краіне. На яе старонку былі падпісаныя каля 37 тысяч чалавек.
Па Вольгу прыйшлі 19 мая 2021 года. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах, абразе суддзі і паклёпе. На волю Вольга выйшла ў чэрвені 2022 года, цалкам адбыўшы прызначаны тэрмін — паўтара года калоніі. Пасля вызвалення яна вырашыла застацца ў Беларусі.
23 студзеня 2024 года да яе прыйшлі супрацоўнікі КДБ і забралі на допыт па справе INeedHelp. У той жа дзень арыштавалі і маці блогеркі. Зразумеўшы, што яе таксама могуць арыштаваць, 27 студзеня 2024 года разам з двума дзецьмі і бацькам Такарчук пакінула Беларусь.
Падрабязнасцямі сваіх уцёкаў Вольга падзялілася ў праграме «Мне толькі спытаць» на Белсаце.
Па словах Вольгі, напярэдадні ўцёкаў яна з дзецьмі была ў знаёмага, бо лічыла, што заставацца дома небяспечна. З дому ёй перадалі толькі самае неабходнае, якое змясцілася ў некалькіх заплечніках.
Да іх далучыўся і тата Вольгі. Сям'я разумела, што пасля затрымання жонкі і яму можа пагражаць пераслед, таму ён таксама пакінуў сваю кватэру, узяўшы з сабой толькі адну сумку.
Увесь гэты час Вольга падтрымлівала сувязь з прадстаўнікамі «Байсола», якія арганізоўвалі эвакуацыю. Як згадвае жанчына, інструкцыі ёй давалі пакрокава і толькі ў апошні момант. Ніякіх падрабязнасцяў загадзя не паведамлялі дзеля бяспекі. Калі яна выконвала адно заданне, атрымлівала наступнае.
«Мы замовілі білеты да Масквы, селі ў маршрутку і паехалі ў Маскву. Спыніліся ў нейкай кватэры, потым пераехалі ў нейкую іншую кватэру. Мы не спалі тады, я памятаю, ноч. Тата быў наогул у шокавым стане, і ён быў як дзіця. Наогул нічога не разумеў, што адбываецца. Яму нешта кажаш, а ён: «А…», і ўсё.
Ён у сваіх думках, а я разумею, што мне трэба накарміць дзяцей, накарміць тату, і я ўвесь час на сувязі, у мяне куча гэтых інструкцый. І ты разумееш, што за цябе ніхто не зробіць, табе ніхто не дапаможа, тата для цябе не памочнік, тата — трэцяе дзіця», — расказвае Вольга.
Першапачатковы план прадугледжваў, што бацька разам з дзецьмі вылеціць у Грузію, а сама Вольга пакіне Расію іншым маршрутам.
Аднак узнікла праблема: яна знаходзілася ў спісе невыязных грамадзян Беларусі.
Пагрозы ў Шарамеццева
У аэрапорце Шарамеццева Вольгу затрымалі. Паводле яе слоў, першапачаткова супрацоўнікі ФСБ адвялі яе ў службовы кабінет і на працягу ўсёй ночы дапытвалі. Што менавіта іх цікавіла, Такарчук у інтэрв'ю падрабязна не расказвала, аднак адзначала, што пасля шматгадзіннага допыту на яе склалі адміністрацыйны пратакол за спробу незаконнага перасячэння мяжы. Штраф за яе адразу аплаціў «Байсол», але на гэтым праблемы не скончыліся.
Пасля гэтага Вольга яшчэ доўгі час заставалася фактычна затрыманай у аэрапорце, не маючы магчымасці выйсці зоны чакання перад пасадкай. У нейкі момант ёй паведамілі, што супраць яе могуць распачаць крымінальную справу.
Па словах жанчыны, бацька з дзецьмі вярнуўся на кватэру ў Маскве і чакаў далейшых указанняў.
Праз некаторы час Вользе нечакана паведамілі, што крымінальнай справы не будзе і паабяцалі вярнуць пашпарт.
«Гадзіна праходзіць, дзве, тры, пяць гадзін — пашпарт не аддаюць. І я пачынаю крычаць. Кажу: «Вы мяне незаконна ўтрымліваеце! На мне няма нічога. Вы крымінальную [справу] не завялі. Адміністрацыйную я аплаціла. З гэтага моманту вы на якой падставе ўтрымліваеце ў сябе мой пашпарт? Ну на якой? Вы проста ў мяне скралі пашпарт, а мяне тут узялі ў Шарамеццеве ў закладнікі. Пры гэтым вы ўшчамляеце мае правы. Я не ела суткі, не спала суткі. Адзінае, што я магу, гэта хадзіць у туалет і курыць у гэтым туалеце». (…) Са мной на сувязі яшчэ нейкі адвакат, я з ім яшчэ кансультуюся», — эмацыйна расказвае Вольга.
У пэўны момант сітуацыя зноў абвастрылася:
«Прыходзіць нейкая цётка і пачынае пры мне новую нейкую крымінальную справу заводзіць. Я нават не памятаю, з-за чаго. Я проста на яе гляджу, кажу: «Вы здзекуецеся? Вы проста прыдумляеце зараз гэтую крымінальную справу. Вы зараз парушаеце закон. (…) Дзе наогул мой пашпарт, дзе што?» Яна да мяне паварочваецца і кажа: «Ты куды хочаш ляцець?» Я кажу: «У такую краіну». Яна такая: «Окей, купляй білеты і паляціш».
Пакуль чакалі афармленне дакументаў, Вольгу пад канвоем адвялі паесці. Мужчына, які суправаджаў яе, зацікавіўся беларускай сітуацыяй. Па словах Вольгі, яна расказала пра свой арышт і затрыманне маці. Суразмоўца, паводле яе слоў, паставіўся да яе з разуменнем.
Вяртанне ў Мінск
Аднак неўзабаве ўсё зноў змянілася. Падчас размовы канваір атрымаў тэлефонны званок і пасля паведаміў, што замест іншай краіны Вольга паляціць у Мінск.
«Цэлага злоснага злачынцу Олю Такарчук, якая хацела надурыць цэлае Шарамеццева, садзяць у машыну, вязуць у самалёт. Там ён са мной, гэты чувак, падымаецца, каб, не дай бог, я з трапа не ўцякла.
А сцюардэсы вырашылі, што я нейкі вельмі важны госць. Ну калі мяне на асобнай машыне [прывезлі]. Толькі ўжо ў самалёце, калі было сказана не выпускаць мяне, мне аддалі пашпарт.
Сцюардэсы перада мной сцелюцца: «Вам чай, кава, бутэрброды. У нас усё бясплатна, што вы хочаце?» А я нічога не хачу. Я гляджу ў акно, перад вачыма дзеці. І я так разрыдалася», — расказвае Вольга.
Па словах Такарчук, супрацоўнік аэрапорта, які суправаджаў яе перад вылетам, запэўніў, што ніякай інфармацыі ў Мінск не перадавалі, бо здарэнне лічыцца ўнутранай справай Шарамеццева. Але цалкам паверыць гэтым словам яна не магла.
«Я на сувязі з роднымі, якія мяне там сустракаюць з сябрам. І яны павінны былі мне напісаць, калі там ёсць сілавікі — адна эсэмэска, калі няма — іншая. (…) Тады нам здалося, што гэта нечым мне дапаможа. (…)
Я атрымліваю эсэмэску, калі мы ўжо прызямліліся, што нікога няма, што ўсё пуста. Я супакойваюся, проста выбягаю. Гэта, ведаеш, як былі ў дэтэктыўных фільмах моманты, калі проста пад’язджае знаёмая, адкрывае машыну, я на ляту проста ў яе».
Пасля прымусовага вяртання, па словах Такарчук, яна яшчэ суткі прабыла ў Мінску. Бацька з дзецьмі ў гэты час ужо былі ў Грузіі. Вольга знайшла сілу зайсці ў сваю кватэру, спакойна сабраць рэчы і развітацца з катом, які пражыў з ёю 20 гадоў. Жывёла памерла ўжо пасля яе ад'езду — летам 2025 года.
Наступнай ноччу Такарчук зноў накіравалася ў Маскву. Вылет быў праз іншы аэрапорт. Якім чынам яна дабралася да Літвы, блогерка не расказвае.
Каментары