Беларуску ў Швейцарыі судзілі за бойку са сваімі 11‑гадовымі дзецьмі. Дзяцей забралі
47‑гадовая праграмістка сказала дзецям прыбраць талеркі. Дачка адказала: «Заткніся!» І пачалося — дачка атрымала папкай па шчацэ, а сама маці — поўху і кулаком у нос ад сына.

Апеляцыйны суд кантона Жэнева 24 сакавіка 2026 года вынес рашэнне ў справе беларускі, якую абвінавачвалі ў гвалце над двума ўласнымі дзецьмі. Першая інстанцыя прызнала яе вінаватай па двух эпізодах. Апеляцыя пакінула толькі адзін — некалькі ўдараў кардоннай папкай па твары дачкі. Па эпізодзе з сынам яе апраўдалі. Але галоўнае, што можна ўбачыць з матэрыялаў, — гэта гісторыя, хутчэй, не пра жорсткую маці, а пра дзяцей, якіх зацягнулі ў бацькоўскую вайну за апеку.
Хто яна
Жанчына (у рашэнні яе імя схаванае) нарадзілася ў 1979 годзе ў Беларусі, у Швейцарыю пераехала ў 2009-м. Цяпер мае пастаянны від на жыхарства, працуе інжынеркай-праграмісткай. Судзімасцей не мела. У яе трое дзяцей: старэйшы сын ад іншага шлюбу, які жыве з ёй, і двайняты — дачка і сын 2011 года нараджэння — ад шлюбу з мужам, з якім яна разводзіцца.
Што адбылося
Інцыдэнт здарыўся 20 кастрычніка 2022 года падчас абеду ў сямейным доме пад Жэневай. Маці папрасіла дзяцей прыбраць талеркі. Адзінаццацігадовая дачка ў адказ кінула ёй «ta gueule» («заткніся») — і паўтарыла гэта груба. Маці падышла, выхапіла ў дачкі кардонную папку, якой тая размахвала, і некалькі разоў ляпнула ёй па шчацэ.
На крык прыбег сын, які быў на другім паверсе. Ён даў маці поўху (сама яна казала, што кулаком), а потым паспрабаваў уцячы. Маці схапіла яго — спачатку за футболку, парваўшы яе, потым за шыю, адной рукой, каб утрымаць. У адказ хлопчык ударыў яе кулаком у нос да крыві. Пасля гэтага яна паднялася наверх, патэлефанавала мужу, а калі вярнулася — разбіла аб стол вазу.
Менавіта бацька, якога ў той момант дома не было, выклікаў паліцыю. Калі патруль прыехаў, дзеці плакалі на вуліцы разам з ім. Арыштавалі і павезлі ў пастарунак менавіта маці; ноч у затрыманні ёй потым залічаць у пакаранне. На фотаздымках з пастарунка ў сына — пачырваненне на шыі і руцэ, у маці — след ад удару на носе.
Вайна за апеку
З матэрыялаў вынікае, што за інцыдэнтам стаіць працяглы сямейны канфлікт. Жанчына падала на развод, муж быў супраць. Яна з 2021 года звярталася ў цэнтр дапамогі ахвярам гвалту — праз фізічны, але найперш псіхалагічны гвалт з боку мужа.
Швейцарская служба аховы непаўналетніх (SPMi) назвала сямейны клімат «надзвычай шкодным» для развіцця дзяцей. Школьная лекарка пісала, што бацька «вампірызуе дзяцей», а самі двайняты схільныя ачарняць маці і ідэалізаваць бацьку. Суд гаворыць пра «канфлікт лаяльнасці», у які трапілі дзеці пасля разрыву бацькоў.
Гэты кантэкст аказаўся ключавым для ацэнкі сведчанняў. Першыя, спантанныя словы дзяцей паліцыі (маці білася папкай; схапіла за шыю) суд палічыў праўдзівымі. Але больш цяжкія абвінавачанні — нібыта маці «душыла» сына, «сціскала шыю дзвюма рукамі», «ціснула паступова» — з'явіліся ўжо пасля таго, як дзеці ехалі з бацькам у пастарунак.
Суд палічыў верагодным, што бацька паспеў паўплываць на іх аповед, і гэтым пазнейшым словам не паверыў. Не пераканалі суд і пазнейшыя заявы (праз апекуна), быццам маці гадамі білася з імі — устаўляла пазногці ў шыю, цягала за рукі, кідала на падлогу: яны супярэчылі першапачатковым паказанням.
Што вырашыў суд
Апеляцыйны суд раздзяліў два эпізоды.
Хапанне сына за футболку і шыю суд палічыў спробай утаймаваць дзіця, якое толькі што ўдарыла маці і спрабавала ўцячы, — гэта дзеянне ў выхаваўчых, а не агрэсіўных мэтах. Тут жанчыну апраўдалі.
А вось удары кардоннай папкай па твары дачкі прызналі недапушчальнымі: удары прадметам па твары могуць успрымацца дзіцем як прыніжэнне, і «правам на пакаранне» гэта не апраўдваецца. Тут — віна.
Але і за гэта яе вызвалілі ад пакарання: суд палічыў віну нязначнай, наступстваў для дзіцяці не ўбачыў (псіхолагі не знайшлі ў дзяўчынкі разладаў), а раней жанчына гвалту да дзяцей не ўжывала. Цывільныя пазовы дзяцей — прыкладна па 1100 еўра кожнаму за маральную шкоду — суд адхіліў. Абвінавачанне ў пагрозах (кінутая ваза) спынілі яшчэ раней, бо заяву ніхто не падаваў.
Што далей
Пасля той гісторыі маці больш не бачыла дзяцей — апеку аддалі бацьку.
Маці паказала даведку псіхатэрапеўта: з мая 2024 года ў цяжкім псіхалагічным стане праз сямейную сітуацыю, вельмі хоча зноў убачыць дзяцей.
Каментары
1. “ Яна з 2021 года звярталася ў цэнтр дапамогі ахвярам гвалту — праз фізічны, але найперш псіхалагічны гвалт з боку мужа.” Пытанне- што паказала разбіральніцтва? Ці быді факты гвалту? Калі былі, то хутчэй за ўсё мужчыну б значна абмежавалі ў правах, як мінімум.
2. А ён скарыстаўся новай сітуацыяй каб паказаць- вось хто гвалт робіць, яна! І ён жа не думае аб інтарэсах дзяцей.
Ну і людзі