Мова2121

Не смяшыце мае прыназоўнікі

Непрыкметныя прыназоўнікі ды злучнікі надаюць выказваньню лёгіку, а часам сьведчаць пра глыбокія цывілізацыйныя разломы. Піша Вінцук Вячорка.

Беларусы жэняцца на кім ці з кім?

Дух мовы караніцца ня толькі ў непаўторным вымаўленьні, пазнавальнай інтанацыі ды адметных словах. Словы ў розных мовах могуць быць аднолькавыя ці падобныя, але зьвязваюцца міжсобку інакш. Непрыкметныя прыназоўнікі ды злучнікі (іх называюць «службовымі словамі») надаюць выказваньню лёгіку, а часам сьведчаць пра глыбокія цывілізацыйныя разломы.

Напрыклад, па-рознаму паводзіцца ў беларускай і расейскай мовах старажытны прыназоўнік па (по).

У нас прыназоўнік па, калі паказвае на месца або прастору, лягічна патрабуе меснага склону:

блукаў па горадзе, разьехаліся па ўсім краі, лазіла па дрэвах

А ў расейскай мове тут (чамусьці!) склон давальны:

по городу, по краю, по деревьям

Такая адпаведнасьць між мовамі захоўваецца і пры іншых значэньнях выразаў. Нельга сказаць па-беларуску «чытаць па складам» або «будаваць па старому праекту» — «па чаму».

Па-беларуску можна толькі па чым? — па складах, па праекце.

Але і гэтая адметная ад расейскай канструкцыя пабывала ахвяраю русіфікацыі савецкіх часоў. Канструкцыю «па + давальны склон» пачынаючы з 1930-х гадоў навязвалі ў граматыках, слоўніках, у дзяржаўнай прэсе.

Прычым, паколькі жывая мова супраціўлялася такому гвалту, нехта з прыдворных знаўцаў прыдумаў граматычны фінт: у адзіночным ліку замацоўваем расейскі давальны склон — «па загаду», а ў множным, так і быць, пакуль што пакінем беларускі месны — «па загадах».

Выбітны руплівец культуры мовы праф. Павел Сьцяцко (Горадня) прыгадвае, як русіфікатары скарыстоўвалі адміністрацыйныя рычагі.

У 1972 годзе ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук камуністычныя ідэолягі з ЦК КПБ правялі гэтак званую «нараду па нармалізацыі беларускай мовы». Пасьля нарады Кандрат Крапіва (Атраховіч), віцэ-прэзыдэнт АН, за якім тады заставалася апошняе слова ў мовазнаўстве, надрукаваў у газэтах артыкул пад пагрозьлівай для «нацыянал-ухілістаў» назвай «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства». Гэта апалёгія розных моўных рысаў, найперш словаў, якія супадалі з расейскімі.

Крапіва, сярод іншага, легалізуе давальны склон у чужой для беларускае мовы функцыі («па гэтаму пытанню»). А заадно граміць Фёдара Янкоўскага, Алеся Каўруса і — натуральна — Паўла Сьцяцка. (І ўмацоўвае маё перакананьне: кожны, хто дбае пра культуру ўласнае мовы, мусіць грунтоўна чытаць гэтых аўтараў). Але, на шчасьце, на дварэ быў ужо не 1937 год. І мовазнаўцы засталіся жывыя, і мова ўзяла сваё.

Прыназоўнік як агрэсіўная расьліна

Бо прыназоўнік па ў дзьвюх мовах ужываецца і з рознымі склонамі, і ў розных значэньнях. І эвалюцыянуе па-рознаму.

Расейскія мовазнаўцы ўстрывожаныя. Прыназоўнік по ў іхнай мове, не раўнуючы як рыба ратан або расьліна баршчэўнік, бескантрольна распаўсюджваецца і займае чужыя «экалягічныя нішы»:

Предлог-агрессор стал вытеснять другие предлоги (для, за, о), а также заменять традиционные беспредложные конструкции. Если раньше писали: ателье ремонта, институт стандартизации, инженер-технолог, программа литературы, план сдачи молока, автомат для продажи папирос, отчёт о командировке, футбольная встреча и т. п., то теперь (особенно в газетах и в деловых документах) всё чаще применяют предлог по: ателье по ремонту, институт по стандартизации, инженер по технологии, программа по литературы, план по сдаче молока, автомат по продаже папирос, отчёт по командировке, встреча по футболу и т. п.

Кірыл Гарбачэвіч

Канцелярский характер придает высказыванию широко распространенное в настоящее время употребление предлога по вместо других предлогов; ср. примеры из периодической печати: Представители средств массовой информации получили ответы по интересующим их вопросам (вместо: …на вопросы); …Потребности по зерну не покрываются экспортом сырой нефти (вместо: потребности в…)…

А гэта піша знакаміты Дзітмар Разэнталь.

Хутчэй за ўсё, роспачная барацьба расейскіх стылістаў супраць прыназоўніка-паразіта марная. Але нам навошта пераносіць на беларускую глебу чужыя стылістычныя праблемы?

Выразы, якія абазначаюць рух у пэўным кірунку па пэўнай прасторы, у беларускай мове абыходзяцца без прыназоўнікаў і патрабуюць творнага склону. Гэта значыць, можна сказаць не па дарозе, але дарогаю. У вядомай казцы пра Муху-Пяюху кажуць:

Едзе яна дарогаю, едзе шырокаю…

Такім чынам, у Менскі аэрапорт можна даехаць аўтобусам ці таксоўкай, а чыгункай нельга — не таму, што мовазнаўцы забараняюць, а таму што яе дагэтуль туды няма.

Абыходзімся без прыназоўнікаў, калі апісваецца спосаб перадачы нечага:

По почте — поштай, по частям — часткамі.

Калі азначаем час, рэгулярнасьць падзеі:

По понедельникам — штопанядзелак, штопанядзелка. По ночам — начамі:

Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць.

Дачыненьне да пэўнай справы таксама можа і павінна перадавацца без канцылярскага прыназоўніка:

Аддзел рэгістрацыі, міністэрства падаткаў і збораў, камітэт сьвяткаваньня юбілею, Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе.

Або карыстаемся прыназоўнікам, але ж не навязлым у зубах «па», а больш лягічным — залежна ад нюансаў значэньня:

Даклад на тэму, сшытак для матэматыкі (украінскія школьнікі падпісваюць «з математики», польскія проста — «Matematyka»). «По семейным обстоятельствам» — дзеля сямейных справаў. «По происхождению» — з паходжаньня, паходжаньнем.У цывілізаванай дзяржаве ўлада паводзіцца паводле закону,а не па паняціям.

Таксама пад сакрэтам, на свой густ, у працоўныя дні, на маю думку.

Затое прыназоўнік па ў беларускай мове працьвітае ў іншых сэмантычных палёх.

Ужываем па, кали хочам нешта сабраць, забраць, узяць: перад першым верасьня зайшлі па кветкі. Па-беларуску ісьці за вадойазначае ісьці за плыньню ракі ўніз. Да калодзежа ходзяць па ваду. Гэтаксама ў касу па заробак, зьвярнуўся па афіцыйны адказ, паехаў па танную кілбасу. Слушна кажа Павел Сьцяцко:

Канструкцыя з прыназоўнікам за пры дзеясловах [пайсьці, паехаць] невыразная зьместам, двухсэнсоўная. Калі пішуць (кажуць): «Сын пайшоў за бацькам», то гэта можа азначаць, што спачатку пайшоў бацька, а затым сын (сьледам за ім).

Таму – пайшоў па бацьку, напрыклад, у гараж.

Але цікава, што дзе па-расейску скажуць по ў значэньні мэты, па-беларуску маем зноў жа адметныя варыянты: пайшла ў грыбы, у ягады.

Дыялекталягічны атляс беларускай мовы. Чорным — «у ягады, у грыбы».

Суб’ект аб’екта б’е, але ветлівенька

Непрыкметныя прыназоўнікі могуць перадаваць істотныя адрозьненьні ў сьветапоглядзе нават моўна блізкіх народаў.

Калі мужчына пабраўся шлюбам, па-беларуску пра яго скажуць:

«Міхась ажаніўся з Наталяй»,

па-расейску —

«Михаил женился на Наталье».

Тут відаць розьніца ў статусе жанчыны: па-беларуску яна раўнапраўная ўдзельніца падзеі, а па-расейску — залежны, падпарадкаваны аб’ект. Гэтая розьніца калісьці фіксавалася ў законах і наказах:

Тэж абяцуем і прыракаем, іж княгінь, паняй, удоў, княжон, панен, дзевак, шляхцянак і ўсякага інога стану ражаю жэнскага, яка людзей вольных пад вольным панаваньнем нашым гаспадарскім у тым панстве ня маем ні за кога ґвалтам даваці бяз волі іх.

(Статут Вялікага Княства Літоўскага, 1588 г. Разьдзел 3, арт. 39)

Гэта значыць — жанчына як вольны чалавек сама вырашае, з кім пабрацца. Напісана ў Вільні.

Дакумэнт з той самай эпохі, што прадпісвае мужам беражліва абыходзіцца з жонкамі:

…Ино плетью постегать по вине смотря, а побить не перед людьми, наедине (…) плетью с наказанием бережно бити (…) и за великое, и за страшное ослушание, и небрежение, ино соимя рубашку, плеткою вежливенко побить, за руки держа…

(Домострой. Сярэдзіна XVI ст. Напісана ў Маскоўскай дзяржаве.)

То трымаймася за свае прыназоўнікі.

Каментары21

Цяпер чытаюць

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць39

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць

Усе навіны →
Усе навіны

«У Егіпет з дзецьмі даражэй з’ездзіць». Брэсцкая блогерка вырашыла павялічыць грудзі, пакуль чакае мужа з калоніі20

У КР выбіраюць віцэ-спікерку. Дэбатаў не атрымалася, бо балатавалася толькі Лізавета Пракопчык7

Ціханоўская: Кожны год, 21 мая, сэрца сціскаецца ад болю13

Трамп абвясціў пра стварэнне новай супрацьракетнай абароны ЗША «Залаты купал», якая павінна стаць найлепшай у свеце5

Грузія цалкам забараніла рээкспарт аўто ў Расію і Беларусь. Што гэта азначае для беларусаў на практыцы?9

У Мінску кіроўца збіў на пераходзе сямігадовага хлопчыка на самакаце1

Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў9

Улады Іспаніі патрабуюць ад Airbnb выдаліць больш за 60 тысяч аб'яў аб арэндзе жылля1

Кіраўнік «Еўраопта» выйшаў на свабоду4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць39

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць