Дарадца Пуціна лічыць, што СССР «юрыдычна недзе існуе». Але што тады ў Крамлі робіць Пуцін?
Дарадца прэзідэнта Расіі Антон Кабякоў на нядаўнім міжнародным юрыдычным форуме ў Санкт-Пецярбургу выказаўся, што СССР, які распаўся ў 1991 годзе на 15 незалежных дзяржаў, нібыта «юрыдычна ж недзе існуе», і пра гэта нібыта гавораць нібыта не толькі расійскія ўлады, але і нейкія не названыя «спецыялісты па канстытуцыйным праве, у тым ліку на Захадзе».

«А чаму яны так гавораць? Яны гавораць так таму, што была парушаная працэдура так званага роспуску СССР. Калі З'езд народных дэпутатаў, ён жа З'езд Саветаў у 1922 годзе ствараў СССР, то і распускаць трэба было яго па рашэнні З'езда гэтых самых дэпутатаў», — адзначыў Кабякоў.
Паводле ягоных слоў, падпісанне Белавежскіх пагадненняў 8 снежня 1991 года выглядае «зусім дзіўным» з прававога пункту гледжання.
«Гэтыя акты пазней ратыфікавалі Вярхоўныя Саветы РСФСР, УССР, БССР, а гэта наогул не ў іх кампетэнцыі», — сцвярджае ён.
Вядзе ж чыноўнік да таго, што, маўляў, і цяперашні «ўкраінскі крызіс», як ён называе развязаную Расіяй вайну ва Украіне — нібыта не міжнародны, а «ўнутраны працэс», і ўсе гэтыя пытанні, маўляў, будуць узнікаць, пакуль юрыдычныя пытанні з распадам СССР не будуць вырашаныя.
Такія звароты да юрыдычнай казуістыкі ў справе распаду СССР — зусім не новыя, і яны гучаць на розных узроўнях ужо не першае дзесяцігоддзе. Дарадца расійскага прэзідэнта праз зварот да гэтай рыторыкі відавочна спрабуе апраўдаць права маскоўскіх уладаў рабіць на тэрыторыях, якія калісьці ўваходзілі ў склад СССР, усё, што ім уздумаецца, як законныя гаспадары.
Аднак жа, калі кіравацца гэтай самай логікай, то тады і цяперашнія расійскія ўлады таксама не маюць ніякіх юрыдычных правоў дзейнічаць ад імя і ў імя Савецкага Саюза, бо яны самі вядуць свой радавод не ад кіраўніцтва СССР, а ад кіраўніцтва РСФСР. А Уладзімір Пуцін — пераемнік не першага і апошняга прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова, а прэзідэнта РСФСР (пасля Расійскай Федэрацыі) Барыса Ельцына, які быў падпісантам і натхняльнікам тых самых Белавежскіх пагадненняў менавіта ў рамках змагання з саюзным цэнтрам. Але чамусьці, калі быў яшчэ жывы Міхаіл Гарбачоў (ён памёр толькі 30 жніўня 2022 года), той жа Антон Кабякоў не ставіў пытання аб перадачы яму назад «незаконна» адабранай некалі ўлады.
Каментары
але ўспомніць пра права, дакументы і інш - святое! але толькі там, дзе гэта зручна для іх