Культура

Украіну будзе прадстаўляць на «Еўрабачанні» група Tvorchi са спеваком з Нігерыі. Адбор прайшоў у кіеўскім метро

На песенным конкурсе «Еўрабачанне», які пройдзе ў наступным годзе ў Ліверпулі, ад Украіны выступіць група Tvorchi. Адзін з яе салістаў прыехаў ва Украіну з Нігерыі, піша Бі-бі-сі.

Фінал адбору ў суботу трансляваўся ў прамым эфіры ўкраінскага тэлебачання. Пераможца быў вызначаны паводле ацэнак журы і гледачоў, якія галасавалі ў мабільным дадатку.

Фінал Украінскага нацыянальнага адбору праходзіў на адной са станцый кіеўскага метро: гэта было неабходна дзеля бяспекі прысутных у выпадку паветранай трывогі. Cтанцыя часта служыць бамбасховішчам, але ў суботу там абсталявалі тэлестудыю.

«Мы зрабілі ўсё магчымае, каб правесці гэты адбор як след — і зноў аб'яднаць украінцаў вакол выбару тых, хто выйдзе на самую вялікую музычную сцэну Еўропы, — сказала «Бі-бі-сі» перад галасаваннем кіраўніца ўкраінскай дэлегацыі на «Еўрабачанні» Аксана Скібінская. — Нашым першым рашэннем было адправіцца ў метро. Так мы маглі быць упэўненыя, што шоу пройдзе без перапынкаў. Незалежна ад таго, ці будзе ў нас паветраная трывога, мы зможам працаваць».

Падчас трансляцыі гледачы перыядычна чулі, як на станцыі праходзілі цягнікі метро, аднак у астатнім тое, што адбывалася, нічым не адрознівалася ад шоу у звычайнай тэлестудыі.

«Мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб годна выступіць за Украіну», — пракаментаваў сваю перамогу адзін з членаў і саўнд-прадзюсар групы Андрэй Гуцуляк.

Песня Heart Of Steel («Сталёвае сэрца»), з якой гурт адправіцца ў Ліверпуль, стала пятым зарэгістраваным музычным нумарам на «Еўрабачанні-2023».

Гурт Tvorchi выйшаў на сцэну ў суправаджэнні танцораў у процівагазах, а на экранах у студыі з'яўляліся радкі вершаў песні — напрыклад, «не бойся казаць тое, што ты думаеш».

«Я хачу сказаць: Дзякуй, Украіна!» — звярнуўся да тых, хто галасаваў за групу, вакаліст Джэфры Кені.

Tvorchi грае электронную музыку. Гурт быў заснаваны ў Тэрнопалі ў 2018 годзе саўнд-прадзюсарам Андрэем Гуцулякам і вакалістам Джэфры Кені. У яго ўжо ёсць чатыры альбомы.

Джэфры Кені нарадзіўся ў Нігерыі і прыехаў ва Украіну як студэнт Медыцынскага універсітэта.

«Еўрабачанне-2023» пройдзе ў Ліверпулі. Конкурс мусіў прайсці ў Украіне, бо летась на ім перамагла ўкраінская група Kalush Orchestra з песняй «Стефанія». У гутарцы з «Бі-бі-сі» ўдзельнікі Kalush Orchestra сказалі, што не сумняваюцца ў перамозе Украіны ў 2023 годзе.

Нягледзячы на вайну, Кіеў гатовы быў правесці конкурс ва Украіне, але Еўрапейскі вяшчальны саюз у гэтым адмовіў з меркаванняў бяспекі.

Большую частку канкурэнтаў Tvorchi складалі лірычныя балады з вершамі пра вайну. Самай верагоднай пераможцай нацыянальнага фіналу букмекеры называлі Jerry Heil (сапраўднае імя якой Яна Шамаева) з песняй When God Shut The Door («Калі Бог зачыніў дзверы»). Гэтая песня, па словах самой спявачкі, была напісана ў першыя месяцы пачатку поўнамаштабнай вайны, калі шокавы стан ад нападу быў вельмі моцным. «Сёння наша перамога — гэта не проста вера, а ўпэўненасць, пытанне часу», — распавядала Jerry Heil. У песні аб'яднаная англамоўная і ўкраінамоўная лірыка.

Украіна ўпершыню пачала прымаць удзел у «Еўрабачанні» ў 2003 годзе, і з тых часоў тры разы перамагала (Руслана, Джамала і Kalush) і ўсяго шэсць разоў не ўвайшла ў першую дзясятку.

Сёлета Украінскі вяшчальны саюз атрымаў 400 песень ад 299 музыкаў, якія спадзяваліся прыняць удзел у суботнім адборы.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Усе навіны →
Усе навіны

У вёсцы пад Мінскам прадаюць катэдж з лазняй, падобнай на гасцінічны нумар1

У манастыр Наталля Пяткевіч падабрала да хустачкі французскае паліто17

У Падмаскоўі загінуў кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка кампазітных матэрыялаў для МС-21 і паранены будаўнік касмічнага цэнтра, адкрытага Пуціным3

Кібератака паралізавала працу аэрапортаў па ўсёй Еўропе2

У Траецкім прадмесці Мінска прадаецца кватэра плошчай 118 квадратаў1

Як склалася ў эміграцыі жыццё 22‑гадовай «тэрарысткі» Дануты Перадні, якую вызвалілі па памілаванні6

Саудаўская Аравія ў рамках абароннага саюза з Пакістанам можа атрымаць доступ да ядзернай зброі

Моніка Белучы і Цім Бёртан разарвалі адносіны1

Каскадзёры скакалі з самага высокага будынка Мінска2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць