Грамадства

Палітзняволеную Зарэцкую пасля комы зноў адправілі за краты — былы турэмны медык каментуе сітуацыю

Як стала вядома праваабаронцам, палітзняволеная Аксана Зарэцкая ў сакавіку трапіла не менш чым на тры дні ў кому. Пасля свайго суда жанчына была шпіталізаваная, але неўзабаве яе вярнулі на Валадарку. Цяпер жанчына ў калоніі. «Наша Ніва» спытала ў праваабаронцы і былога турэмнага медыка Васіля Завадскага пра тое, як мусілі ёй аказаць дапамогу і ці ёсць для гэтага ўмовы за кратамі.

Завадскі пачынае з таго, што кома — гэта вельмі шырокае паняцце: «Яно азначае страту прытомнасці, але чалавек пры гэтым знаходзіцца ў даволі цяжкім стане. Адна справа — кароткатэрміновая страта прытомнасці, якую можа выклікаць нават эмацыйны стрэс. Тады чалавек можа прыйсці ў сябе проста ад таго, што яму пад нос падсунуць ватку з нашатырным спіртам.

Але наяўнасць комы прадугледжвае больш сур’ёзную паталогію, якая ў любым разе звязаная з парушэннем дзейнасці галаўнога мозгу. Прычын у гэтага можа быць вельмі шмат, і мы не маем дастаткова інфармацыі, каб зразумець, што папраўдзе адбылося з Аксанай Зарэцкай».

Страта прытомнасці — гэта вельмі сур’ёзны сімптом, які вымагае экстраннай медыцынскай дапамогі.

Калі казаць пра доўгатэрміновую кому, як у гэтым выпадку, то яна патрабуе стацыянарнага лячэння і знаходжання чалавека ва ўмовах аддзялення рэанімацыі. Ні ў адным беларускім следчым ізалятары, адзначае Васіль, належных умоў для гэтага няма.

У СІЗА-1 месціцца рэспубліканская бальніца для падследных і асуджаных, і там ёсць аддзяленне рэанімацыі і анестэзіялогіі, хаця і ў вельмі ўсечаным выглядзе. З пункту гледжання Завадскага, зняволены ў такім стане павінен знаходзіцца там, атрымліваць неабходнае лячэнне і назіранне. На жаль, мы не ведаем, як і што было ў выпадку Аксаны.

Ні ў адной іншай беларускай пенітэнцыярнай установе больш няма аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі. Таму, калі гаворка ідзе пра такія ўстановы, чалавек у стане комы павінен знаходзіцца ў вольнай грамадзянскай бальніцы, упэўнены Васіль.

Завадскі таксама апісвае, якім павінен быць алгарытм дзеяння дактароў, калі яны маюць справу з чалавекам у коме: «Крытычна істотная задача — высветліць прычыну, праз якую развілася кома, і прызначыць лячэнне асноўнага захворвання, якое яе выклікала. Для гэтага патрэбна правесці адпаведнае абследаванне. У рэанімацыі чалавек праходзіць экстраннае лячэнне, потым яго абследуюць і прызначаюць лячэнне ад асноўнай хваробы. Калі ўсё гэта праходзіць нармальна, чалавек можа вярнуцца да свайго звычайнага жыцця, прымаць лекі і знаходзіцца пад назіраннем дактароў. Так гэта звычайна павінна адбывацца.

Вядома, месца пазбаўлення волі — гэта зусім не лячэбная ўстанова, і для арганізма чалавека знаходжанне ў тых умовах вельмі складанае. Калі чалавеку прызначылі лячэнне і лекі ёсць, ён можа іх прымаць і такім чынам атрымліваць лячэнне і за кратамі, але яму таксама патрэбны медыцынскі кантроль і назіранне, трэба выконваць рэкамендацыі па жыцці з яго дыягназам».

Стрэсавыя ўмовы накшталт камеры СІЗА самі па сабе могуць правакаваць пагоршанне стану. Гэта залежыць і ад прычынаў комы, але любы стрэс азначае парушэнне імунітэту і іншых сістэм арганізму, ён зусім не спрыяе здароўю, кажа Васіль.

Існуе інструкцыя, дзе пералічаныя захворванні, пры якіх перад судом ставіцца пытанне аб вызваленні вязня па стане здароўя, але гэта актуальна для ўжо асуджаных людзей. Завадскі расказвае, што ў той час, калі ён працаваў у турэмнай медыцыне, такія выпадкі мелі месца рэгулярна — гаворка ішла пра некалькі дзясяткаў вызваленых вязняў штогод.

Што датычыцца тых, хто яшчэ не трапіў пад суд, то ў выпадку з імі сапраўды не існуе распрацаваных нормаў, на аснове якіх чалавека маглі б вызваліць праз ягоны стан.

Што датычна таго спісу, на аснове якога вызваляюць вязняў, то Завадскі ўдакладняе, што патрапіць пад яго зусім няпроста: «Там пералічаныя вельмі цяжкія хваробы, напрыклад: анкалагічныя захворванні ў чацвёртай стадыі ці сардэчна-судзінная недастатковасць у трэцяй стадыі. Такія людзі вызваляюцца ў дужа цяжкім стане, але ўсё роўна лепш, калі яны знаходзяцца не за кратамі. Тады ў чалавека з’яўляецца больш магчымасцяў атрымаць лячэнне».

У паведамленні пра стан здароўя Зарэцкай адзначалася, што на Валадарцы нават не прынялі для яе валяр’яну ў перадачы. Але Васіль заўважае: калі жанчына была ў такім сур’ёзным стане, што ў яе развілася кома, наўрад ці ёй дапамагла б валяр’яна. У дадатак, гэты прэпарат звычайна ёсць у медыцынскіх частках у месцах пазбаўлення волі. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Недахоп асвятлення і кальцыю, а таксама псіхалагічныя праблемы ў інтэлігентных людзей. Былыя беларускія турэмныя медыкі расказалі, якія праблемы назіралі ў вязняў

Як вяртаюцца да нармальнага жыцця пасля турмы і дзе шукаць дапамогу? Гісторыі экс-зняволеных

Былая палітзняволеная расказала, што дапамагло ёй аднавіцца

Каментары

Цяпер чытаюць

У СІЗА КДБ апынуўся Мікалай Цырто, фігурант старой справы Беларусбанка. Другі раз — за палітыку1

У СІЗА КДБ апынуўся Мікалай Цырто, фігурант старой справы Беларусбанка. Другі раз — за палітыку

Усе навіны →
Усе навіны

«Увесь час застаецца чорны асадак». У «Мінск-Свеце» скардзяцца на жудасную ваду8

Амерыканскі авіяносец «Аўраам Лінкальн» прыбыў на Блізкі Усход на фоне іранскага крызісу

80% Харкава і вобласці засталіся без электрычнасці пасля расійскай атакі3

Архітэктары заклікаюць падрыхтавацца да масавага будаўніцтва з бамбуку2

Тэмпы прасоўвання расійскай арміі ва Украіне ўпалі да мінімуму з вясны мінулага года14

За апошнія два тыдні іміграцыйныя службы ЗША затрымалі не менш за 7 беларусаў3

Герхард Шродэр зноў заклікаў не «дэманізаваць» Расію. Яму рэзка адказалі9

На «залатым паўвостраве» ў цэнтры Мінска хочуць знесці велізарны завод і пабудаваць жыллё7

Цімох Акудовіч запусціў свой падкаст. Першы выпуск — пра малы ледавіковы перыяд і тое, як пахаладанне змяніла ход гісторыі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У СІЗА КДБ апынуўся Мікалай Цырто, фігурант старой справы Беларусбанка. Другі раз — за палітыку1

У СІЗА КДБ апынуўся Мікалай Цырто, фігурант старой справы Беларусбанка. Другі раз — за палітыку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць