Ежа1818

Самыя агідныя стравы ў свеце: што трапіла ў рэйтынг і ці ёсць там беларускае

Партал Taste Atlas склаў спіс 100 самых агідных страў народаў свету. У ім ёсць нават некаторыя сэндвічы.

Традыцыйная кухня нярэдка фармавалася з улікам самых надзённых патрэб: сытна накарміць тым, што ёсць у наяўнасці. Стравы былі разлічаныя на звыклых тутэйшых спажыўцоў і мясцовае разуменне смачнага, а не на цікаўных турыстаў, і тым больш не на сучасныя ўяўленні пра здаровае харчаванне і этыку.

Вось якія стравы трапілі ў суб'ектыўны топ-10 найгоршых.

1. Хаўкарль (Hákarl) 

Фота: Pam Susemiehl / Getty Images

Нацыянальны далікатэс Ісландыі. Уяўляе сабой напаўзгнілую, а пасля вяленую грэнландскую або іншую палярную акулу. Акула атрутная з-за вялікай колькасці мачавіны і аміяку ў мясе, і таму шлях да стала ў яе даволі доўгі і пакутны. Мяса спачатку ферментуюць каля трох месяцаў, каб выцекла мачавіна, пасля вяляць яшчэ чатыры-пяць месяцаў. 

2. Рамэн-бургер (Ramen burger)

Фота: Lauri Patterson / Getty Images

Разнавіднасць амерыканскага гамбургера, складаецца з дзвюх смажаных «булачак», зробленых з локшыны рамэн, паміж якімі заціснутая смажаная мясная катлета з соусам сею і пялёсткі зеляніны. Для прыгатавання звычайна ўжываюць локшыну хуткага прыгатавання з супавога пакеціка. Макарона ў якасці інгрэдыенту для бургера можа здацца даволі сумнеўным рашэннем.

3. Ерушалмі кугель (Yerushalmi kugel)

Даволі цвёрдая запяканка з тонкай варанай локшыны, змешанай з яйкамі, аліўкавым алеем, пакрытая карамелізаваным цукрам. Страва родам з Іерусаліма, яе часта падаюць на Шабат і іншыя яўрэйскія святы. Такая надзвычай салодкая рэч добра захоўваецца ў спякотным клімаце, але пасля порцыі хуткіх вугляводаў і тлушчу варта прабегчы паўмарафон. 

4. Калвсілта (Kalvsylta)

Фота: wikimedia.org

Заліўная тушаная цяляціна, страва шведскай традыцыйнай кухні, якую часта падаюць на Каляды. Яе звычайна наразаюць лустачкамі і падаюць з бураком, крэкерамі, бруснічным варэннем, хрэнам, марынаванымі агуркамі або гарчыцай. Для нашай харчовай культуры — звычайны халадзец. Але для большасці едакоў у свеце жэле — гэта салодкі дэсерт, а салёнае жэле — нешта нечаканае і ў дрэнным сэнсе неверагоднае.

5. Скландраўсіс (Sklandrausis)

Фота: AZemdega / Getty Images

Латвійскі халодны жытні пірог з прэснага цеста, начынены бульбай і морквай, зверху прамазаны крэмам і пасыпаны карыцай або кменам. Пірог, які выпякаецца з XVI стагоддзя, атрымаў статус TSG (гарантаванай традыцыйнай стравы ЕС). Суровая аўтэнтычная старажытная ежа. Але спалучэнне халоднага тонкага жытняга хлеба з начыннем не заўсёды прыходзіцца даспадобы сучаснікам.

6. Чапалеле (Chapalele)

Фота: wikimedia.org / Lin linao 

Чылійскія традыцыйныя клёцкі з бульбяной кашы і мукі, якія гатуюць на пары, вараць або тушаць і ўжываюць у якасці хлеба. Здавалася б, зразумелая для нашай культуры страва з бульбы і мукі. А вось камусьці такое нагадвае ліпкі без смаку глей.

7. Карлскроў (Karlskrove)

Такую гіганцкую квінтэсэнцыю фастфуду прыдумалі ў рэстаране Tre Kronor у шведскім горадзе Шэлефтэа. Гэта скрутак з піцы кальцонэ, у якую загорнуты гамбургер (а таксама хлеб, начынні і запраўкі) і бульба фры. Лічыцца, што мегакаларыйная страва першапачаткова была прыдуманая для людзей, якія не маглі вырашыць, што менавіта яны хочуць з’есці пасля ночы, праведзенай у запоі.

8. Бакадзілья дэ карнэ дэ кабалья (Bocadillo de carne de caballo)

Традыцыйны іспанскі сэндвіч з канінай. Уяўляе сабой іспанскі багет, разрэзаны ўздоўж і начынены смажанай канінай з іншымі інгрэдыентамі — маладым часнаком, цыбуляй, сырам, смажаным беконам і фасоляй. Верагодна, калі б на месцы конскага барбекю ў хлеб паклалі больш этычна прымальнае для многіх мяса, сэндвіч не трапіў бы ў гэты спіс.

 9. Сэндвіч з мармайтам і чыпсамі (Marmite and Chip Sandwich) 

Вельмі сытны аўстралійскі фастфуд. Здобны хлеб, намазаны пастай мармайт з храбусткімі бульбянымі чыпсамі ў якасці начыння. Мармайт — вельмі салёная дражджавая паста з Вялікабрытаніі, папулярная таксама ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. Мармайт прыдумалі ў XIX стагоддзі з адкідаў броварства як ежу для беднякоў. Камусьці густая, шакаладнага колеру паста нагадвае соевы соус з пахам грылю і грыбоў. А хтосьці называе яе «паносам д’ябла» са смуродам цвілі і ненавідзіць усімі смакавымі рэцэптарамі.

10. Рунімакара (Ryynimakkara)

Фота: wikimedia.org / Joonas Suominen

Дзясятку замыкае смажаная фінская каўбаска з ячменнай кашы. Сучасныя версіі часта ўключаюць у сябе таксама мяса, але першапачаткова рунімакара гатавалася толькі з варанымі ячменнымі крупамі, тлушчам і рознымі спецыямі. Традыцыйна яе дапаўняюць гароднінай і бруснічным варэннем у якасці гарніру. У нязвыклага дэгустатара, відаць, вялікая колькасць пярлоўкі, што месціцца пад выглядам каўбасы, можа ўскалыхнуць супярэчлівыя адчуванні.

Што яшчэ з кухні нашых суседзяў трапіла ў 100 самых агідных страў?

Які ўжо раз не пашанцавала чарніне (Czernina) — рэгіянальнаму польскаму супу з качынай ці гусінай крывёй, сухой садавіной, клёцкамі і спецыямі, які апынуўся на 11-м месцы. Не ацанілі таксама іншы традыцыйны польскі суп (Zupa truskawkowa) — салодкі, з клубніцамі, локшынай, цукрам, смятанай і мятай (19-е месца). Суп не павінен быць салодкім і садавіны ў ім таксама не павінна быць — відаць, мяркуюць катэгарычныя едакі.

І на 30-м месцы штодзённая польская Kiełbasa parówkowa — каўбаса гарачага вэнджання са свінога мяса, тлушчу і шчок са спецыямі, якую вараць перад падачай.

Неганаровае 66-е месца заняў пазначаны як руская страва халадзец. Відавочна, трапіў у няміласць з тых жа прычын, што і шведскі брат, — салёнае жэле.

Літоўскія і ўкраінскія стравы ў спісе не прадстаўленыя, як і беларускія. 

Хаця бураковы халаднік многім замежнікам здаецца нязвыклым. Мяркуючы па водгуках, шмат хто з іх або ветліва адмаўляецца, або, пакаштаваўшы, прымае рашэнне: больш ніколі. У халадніку замежнікаў палохае ярка-ружовы колер. А таксама тое, што суп халодны, непразрысты, і таму невядома, што ў ім намяшана. А кроп, які там плавае ў вялікай колькасці, як выявілася, на аматара.

Каментары18

  • 1
    18.12.2023
    Халодзец дзе.
  • Palihłot
    18.12.2023
    Zdajecca, ŭsio całkam prymalnaje. Asabista dla mianie, miarkuju, ciažka było b źjeści truskałkavy sup, prabačcie.
  • Дональд
    18.12.2023
    Салат Аліўе ? Рэдкая гадасць

Цяпер чытаюць

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў

Усе навіны →
Усе навіны

У Асіповіцкім раёне прызналі «дармаедамі» людзей з псіхічнымі захворваннямі1

Фэйсбук-старонку Лявона Вольскага прызналі «экстрэмісцкай»2

$5000 за метр. У Мінску з'явіўся прэміяльны дом, які па цане пераплюне нават Depo5

Што IT-бізнэс думае пра Ганну Рабаву, новую кіраўніцу Парка высокіх тэхналогій?8

Расія прапанавала прыпыніць агонь на асобных участках фронту на 2—3 дні8

Прапагандыст Салаўёў заклікаў расстраляць салдата, які запосціў відэа пра атаку дронаў20

У Стамбуле дамовіліся толькі пра новы абмен палоннымі

У Мінску знайшлі беларускія клубніцы па 10 рублёў за кілаграм

Мікалай Шарснёў перастае кіраваць беларускім футболам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць