«Пакаштаваў беларускі рамэн — макарона ў мачы». Японец у Мінску вядзе дзіўны тыкток
Хлопец з Японіі, які прыехаў жыць у Беларусь, вядзе тыкток-акаўнт. Час ад часу ён спрабуе размаўляць на беларускай мове. Кажа, што першая фраза, якую ён тут вывучыў, гэта: «Наступны прыпынак: Лабанка. Асцярожна, дзверы зачыняюцца!». А таксама дзеліцца, што яго ўразіла.

Мяркуючы па тыктоку, японец прыехаў у Беларусь у верасні. Яго спробы (хлопец вядзе акаўнт пад нікам Patrick Blyatman) гаварыць на не роднай для сябе мове звычайна выклікаюць замілаванне ў каментатараў. Нехта выпраўляе яго памылкі, нехта піша кампліменты, а нехта з беларусаў шчыра захапляецца: «Ён размаўляе на беларускай лепей, чым я». Здаецца, японцу гэта падабаецца: «ДзяУй усім, хто напісаў мне мілы каментарый на беларускай» (арфаграфія захавана).
Ёсць сярод каментатараў і тыя, хто шчыра здзіўляецца таму, што японец можа пачаць размаўляць на беларускай, а самі беларусы — не: «Цікава, што адкажуць беларусы, якім усё жыццё нешта перашкаджае, каб вучыць беларускую», «І якое ў цябе апраўданне на сёння, каб не размаўляць на роднай? Хлопча больш беларус, чым будзь які мясцовы».
На пытанне пра тое, што ён робіць у Беларусі, хлопец не вельмі хоча расказваць. Але ў адным з відэа ён пачаў гаварыць, што ў дзяцінстве ў школьнай бібліятэцы пабачыў кніжку пра расійскага імператара Пятра Вялікага: «Яна была настолькі простая, што нават падлетак з мурашыным мозгам змог яе зразумець». Чамусьці менавіта гэту падзею хлопец называе пачаткам свайго доўгага шляху ў Беларусь.

Перыядычна японец дзеліцца сваімі ўражаннямі ад нашай краіны. Першае, што яго здзівіла, калі ён прыехаў, — што ў метро можна сустрэць шмат людзей у камуфляжы, а на вуліцы табе могуць паліць проста ў твар. Вось яшчэ яго тыповыя «асабістыя навіны японца ў Беларусі»: «пачаставаў така-сэт за 25 рублёў, знайшоў нумар тэлефона, каб замовіць бульбу (убачыў аб'яву на пад'ездзе. — «НН»), пабачыў воблака ў выглядзе карты Беларусі (захапіўся патрыятычным небам. — «НН»), усталяваў «танчыкі» на мабільны — зараз я магу ліквідаваць фашыстаў колькі захачу».
Беларускія варыянты страў японскай кухні яму, шчыра кажучы, не спадабаліся: «Пакаштаваў беларускі рамэн (японскі суп з пшанічнай локшынай. — «НН»): я бы хутчэй назваў гэта макаронай у мачы». Мабыць, таму хлопец пачаў здымаць відэа, у якіх тлумачыць, як правільна гатаваць японскія стравы — пачынаючы з таго, якія інгрэдыенты можна купіць у «Гіпа», а што трэба заказваць на «Вайлдберыз».
Японца вельмі ўразілі беларускія азёры: «У раёне Токіа азёры, у якіх можна купацца, сустракаюцца не часта. Калі я ўбачыў гэта ў першы раз, то падумаў: «Нічога сабе! Гэта як у Skyrim (камп'ютарная гульня. — «НН»)». Для чалавека, які ўсё жыццё пражыў у японскім горадзе, гэта выглядала фантастычна».
Пакуль у хлопца мала падпісчыкаў — усяго 635. Гэта можа здавацца дзіўным, бо звычайна блогі замежнікаў у Беларусі з цікавасцю глядзяць. Для параўнання: Кайла Пінэда з Венесуэлы, пра якую раней пісала «Наша Ніва», мае амаль 19 тысяч падпісчыкаў у тыктоку. Але ж хлопец толькі некалькі месяцаў як пачаў весці акаўнт.
Пачуццё гумару ў японца даволі спецыфічнае.
Ён спрабаваў рабіць нейкія мемы, выкарыстоўваючы беларускі кантэкст, але атрымлівалася даволі крынджова — напрыклад, відэа з Лукашэнкам, які быццам бы гаворыць на французскай мове. Жартаваў японец і з таго, як ён змяніўся пасля прыезду ў Беларусь: стылёвы хлопец чамусьці пачынае насіць шапку-вушанку са значком СССР.
Але, здаецца, зараз ён зразумеў, які кантэнт больш цікавы для мясцовай аўдыторыі.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары