У Польшчы знайшлі нелегальную вытворчасць вайсковых дронаў. Большасць абвінавачаных — беларусы
У Польшчы знайшлі нелегальную вытворчасць вайсковых беспілотнікаў. Пракуратура накіравала ў Акруговы суд Варшавы абвінаваўчае заключэнне па справе аб вырабе і продажы такіх дронаў без неабходных дазволаў і ліцэнзій, піша выданне Most.

Сярод абвінавачаных — трое грамадзян Беларусі, жанчына з падвойным грамадзянствам Польшчы і Украіны, а таксама грамадзянін Польшчы.
Усім пяці фігурантам справы інкрымінуюць удзел у арганізаванай злачыннай групе. Двух з іх дадаткова абвінавачваюць у стварэнні гэтай групы і кіраўніцтве ёю. Мяркуецца, што яе ўдзельнікі зараблялі на вытворчасці і экспарце беспілотнікаў вайсковага прызначэння без адпаведных дазволаў і ліцэнзій.
Па інфармацыі следства, група дзейнічала як мінімум з 16 лістапада 2022 года да 13 лютага 2025 года.
Падчас расследавання высветлілася, што ў вытворчым цэху на розных этапах вырабу знаходзіліся не менш за 176 беспілотнікаў. Іх аднеслі да прадукцыі вайсковага прызначэння.
Следства лічыць, што вытворчасць маскіравалі пад законную гаспадарчую дзейнасць, а затым беспілотнікі незаконна прапаноўвалі да продажу за межамі Польшчы.
Двух абвінавачаных узялі пад варту. Да астатніх ужылі меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. На маёмасць фігурантаў наклалі арышт на агульную суму больш за 3 мільёны злотых (каля 760 тысяч даляраў).
За злачынствы, у якіх абвінавачваюць удзельнікаў групы, ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, а яе кіраўнікам — да 15 гадоў.
Каментары
Група з 5 чалавек. 3 грамадзяніна Беларусі, 2 грамадзяніна Польшчы.
Загаловак: "Большасць абвінавачаных — беларусы".
Ну 3 ў параўнанні з 2 гэта сапраўды большасць.