54-гадовага экс-прэм'ера працаўладкавала яго ўласная жонка.

Пасля намёку на падтрымку руху за свабодныя выбары былы прэм'ер Беларусі Сяргей Румас праслізнуў міма турмы, але страціў у грошах і абнуліў сваю наменклатурную вагу. Не знайшоўшы за чатыры гады работы, ён пераседжвае складаныя часы на фармальнай пасадзе ў клініцы жонкі.
Яго месца працы «Наша Ніва» заўважыла ў дакуменце расійскага ўрада. Там указваецца, што асноўнае месца працы Сяргея Румаса — дарадца таварыства з абмежаванай адказнасцю «ПрымаМед Груп».
«ПрымаМед Груп» — гэта бізнэс жонкі былога кіраўніка ўрада, Жанны Румас. Яна валодае ў Мінску невялікім медыцынскім цэнтрам Proud Clinic.
Сяргей Румас не мае медыцынскай адукацыі, але ён фінансіст з вялікім досведам, чыім кампетэнцыям відавочна цеснавата ў сціплым сямейным медцэнтры.
Гэта паказвае, што іншай работы Румас у Беларусі знайсці проста не можа.
Звесткі пра яго жыццё ў цэлым абрыўкавыя.
Пасля намёку на падтрымку пратэстаў у 2020-м ён трапіў у няласку. Хадзіла інфармацыя пра крымінальную справу, якая была скіраваная супраць яго. Нейкі час ён правёў не ў Беларусі, пасля вярнуўся.
Масква дала былому прэм'еру сінекуру ў назіральнай радзе расійскага «Рассельгасбанка». У чарговым распараджэнні расійскага ўрада, звязаным з фарміраваннем гэтай рады, мы і пабачылі звесткі пра «асноўную працу» прэм'ера-рэфарматара.
Чытайце таксама: Стала вядома, дзе знаходзіцца Сяргей Румас і ў чым сэнс прэтэнзій да яго
«Нашай Ніве» вядома, што Румас спрабаваў уладкавацца на пазіцыі, адпаведныя яго кампетэнцыі, у Вялікабрытаніі і Расіі, але без поспеху.
Знаходжанне Румаса ў назіральнай радзе Расійскага сельскагаспадарчага банка не варта ўспрымаць як надзейную крыніцу прыбытка.
Сябры назіральнай рады ў тэорыі пакліканы правяраць дзейнасць кіраўнікоў арганізацыі ў інтарэсах акцыянераў, аналізаваць і даваць рэкамендацыі, як гэтую дзейнасць палепшыць.
Ставак аплаты на такой пасадзе не вызначана, і грошы, як правіла, атрымліваюць тыя, у каго лепшыя адносіны з акцыянерамі — у дадзеным выпадку з расійскай дзяржавай.
Сяргей Румас — самая значная фігура, якая аказалася за мяжой і ў няласцы ў разгар супрацьстаяння Аляксандра Лукашэнкі з беларускім грамадствам. Але да апазіцыі Румас не далучыўся. Яму ўдалося дамовіцца, вярнуцца на радзіму і захаваць свабоду. Але ў сістэму ён дагэтуль не рэінтэграваўся.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
прыкідваю, што было б з маёй любімай Беларусечкай, атрымай Пал Палыч пОртфель прэм'ера, які ён так хацеў...