Грамадства22

«Ён спалохаўся так, што не мог расціснуць пальчыкі, якімі трымаў лыжку». Гісторыі палітвязняў — мам і дзяцей, разлучаных калоніяй

«Пачуццё віны за тое, што здарылася, цяпер заўсёды са мной, я заўсёды да гэтага вяртаюся», — кажа экс-палітвязень Ірына Шчасная. Амаль чатыры гады яна не бачылася з сынам — іх разлучыла калонія. Тое ж самае адбылося і ў сем'ях Вольгі Філатчанкавай, Вольгі Такарчук, Алесі Буневіч. Пакуль мамы былі ў калоніі, на волі іх чакалі дзеці. «Медыязона» запісала іх гісторыі.

Вольга Такарчук з дзецьмі. Фота: асабісты архіў

Па маму прыйшлі

Лістапад 2020 года. Сын Ірыны Шчаснай, чацвёртакласнік Герман абедаў перад школай — мама прыгатавала клёцкі са смятанай — калі ў кватэру ўварваліся супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

«Ён спалохаўся так, што не мог расціснуць пальчыкі, якімі трымаў лыжку. Я папрасіла дазволу, падышла да яго і забрала гэтую лыжку, бо ён здранцвеў.

Калі мяне выводзілі з кватэры, я не плакала і старалася не паказваць, што мне страшна.

Абняла яго, сказала: «Герман, не хвалюйся, усё будзе добра». Хоць я разумела, што сыходжу надоўга, і нічога добрага не будзе. Наступны раз я абняла сына амаль праз чатыры гады», — успамінае Ірына.

Алесю Буневіч затрымалі ў красавіку 2022 года на беларуска-літоўскай мяжы. Гэта была цэлая спецаперацыя: лес, людзі ў балаклавах, спецтранспарт, пагрозы, удары электрашокерам. Яе сын Кастусь, якому праз паўгода было 10 гадоў, быў у бяспецы — з татам у Вільні.

«Думаю, як добра, што яго з сабой не ўзяла: не будзе магчымасці на мяне ціснуць. А яны потым вядома спрабавалі».

Увосень 2020 прыйшлі да Вольгі Філатчанкавай — выкладчыцы, пазней асуджанай па «справе студэнтаў». Яна спачатку нават адмаўлялася пускаць міліцыянтаў. Падчас ператрусу і затрымання Вольгі дома быў старэйшы сын Ваня, а 7-гадовая дачка — у школе.

«Маша ўсё перажыла адносна лёгка, а вось у старэйшага былі крыўды праз тое, што здарылася. Ужо пасля ўсяго мы з ім размаўлялі пра гэта, і ён мне сказаў — ты ж ведала, на што ішла, ты нас кінула. … Антыдэпрэсанты піў».

Калі забіралі Вольгу Такарчук, 3-гадовай Анюты і 7-гадовага Мацвея дома не было. «Пашанцавала, бо гэта быў жах, нам разнеслі кватэру ў хлам».

Дзе мама?

Адразу пасля затрымання Ірыны Шчаснай яе муж з сынам пакінулі Беларусь. 10-гадоваму Герману сказалі, што мама ў турме.

Кастусю, сыну Алесі Буневіч, спачатку казалі, што мама спазняецца з паездкі.

«Спачатку было незразумела, куды я знікла. Таму казалі, што я затрымліваюся ў Беларусі. Калі стала ясна, што здарылася, у чым мяне абвінавачваюць, то сыну распавялі, што мама ў СІЗА».

Падобная сітуацыя была і з Машай — дачкой Вольгі Філатчанкавай. Пасля затрымання яе павезлі з Беларусі, але калі справа ўжо была перададзеная ў суд — распавялі, што здарылася з мамай.

«Яна ў мяне такая, ёй сказалі, што мяне затрымалі, а яна кажа — ой, а не маглі раней сказаць? Я наогул так і думала».

Ані і Мацвею, дзецям Вольгі Такарчук, да суда не казалі пра тое, што мама затрыманая. Была надзея, што дадуць хатнюю хімію. Дзецям сказалі, што мама захварэла на каранавірус і знаходзіцца ў каранціне.

«Першы час гэта ўсё пракатвала, але потым у іх паўстала пытанне — а чаму мама не тэлефануе. У іх сталі ўзнікаць думкі, што я іх кінула, памерла. Гэта мне мама мая распавядала. Хоць я і паштоўкі ім пісала, і лісты. Але яны не разумелі, чаму нельга патэлефанаваць».

Мама ў СІЗА

Вользе Такарчук у СІЗА часта сніліся дзеці. Адзін сон перыядычна паўтараўся.

«Часцей за ўсё мне снілася, як я забіраю дачку з дзіцячага садка, адчыняю дзверы, а яна бяжыць да мяне і крычыць: «Я ж казала, у мяне ёсць мама, а вы не верылі!».

Я потым калі па малую прыходзіла, гэтая карціна са сну ў мяне перад вачыма стаяла».

Як толькі справа Вольгі Філатчанкавай была перададзеная ў суд, ёй дазволілі спатканні. Спачатку яна бачылася з роднымі і старэйшым Ванем, аднойчы вырашана было ўзяць на спатканне і Машу.

Вольга Філатчанкава з дачкой. Фота: асабісты архіў

«На Валадарцы (у памяшканні для спатканняў) няма кратаў, проста шкло. І па тэлефоне кажаш. Нічога. Машка спачатку пазірала дзіўна, а потым асвоілася. Я яе пытаюся — Маша, ты як?

А яна кажа, нармальна, я ж у фільмах такое бачыла. Не страшна».

Ліст ад мамы

Алеся, Ірына і Вольга Філатчанкава з дзецьмі ў СІЗА не бачыліся. Але, вядома, пісалі ім лісты.

Ірына Шчасная ўспамінае: «Пісала сыну праз маму і свякроў, пра тое, як я яго вельмі люблю, што ён самы дарагі для мяне чалавек. Пасылала яму паштоўкі на дзень нараджэння, на Новы год. Пісала, што ён мне вельмі патрэбны, што я турбуюся пра яго. Але, вядома, адлегласць грае сваю ролю. Ён ужо ў эміграцыі, у яго пачалося новае жыццё. Мне было зразумела, што такіх адносін, як у нас былі раней, больш не будзе. Ён патроху пачаў ад мяне адгароджвацца».

Алеся Буневіч малявала сыну трусікаў і пісала, каб ён не «заліпаў» падоўгу ў тэлефоне.

«У нашым звычайным жыцці я сына называла «Трусік», і вось я яму малявала трусікаў. А ён мяне называў Вожык, і маляваў мне вожыкаў. Я такая, строгая мама, таму яшчэ палову ліста займалі ў мяне інструкцыі — паводзь сябе добра, гэта рабі, гэта не рабі».

Калі Вольга Такарчук апынулася ў СІЗА, яе дачка не ўмела пісаць, сын толькі-толькі вучыўся гэтаму. Часцей яны адпраўлялі маме малюнкі, напрыклад — свае абведзеныя далонькі. А мама ў адказ пісала ім, што вельмі іх любіць, што яны хутка сустрэнуцца і больш ніколі не будуць расставацца, што абавязкова адзначаць усе прапушчаныя святы.

«Пішаш, і думкі ў галаве круцяцца: а хто ім там будзе дарыць падарункі, хто іх расчэсвае, хто ім стрыжэ пазногцікі, такія простыя рэчы, якіх ты наогул не заўважаеш, пакуль ты побач з дзецьмі».

Вольга Філатчанкава кажа, што маляваць ніколі не ўмела. Але ў СІЗА навучылася, і каб парадаваць сваіх блізкіх, пачала маляваць іх партрэты з фота.

«Я на дзень нараджэння намалявала Машкін партрэт. А яна там настолькі падобная атрымалася! Для мяне гэта было такім натхненнем, я думала, ну вось чаго я ў жыцці дакладна не ўмею, дык гэта маляваць. А аказалася, што і маляваць магу. Калі ты малюеш партрэт, ты здымак вельмі ўважліва разглядаеш, літаральна ў драбнюткіх дэталях. Вось тут вочкі, а тут вось вугалок вейка ўверх пайшоў».

Лісты ад старэйшага сына Вользе не даходзілі, беларуска лічыць гэта формай ціску сілавікоў на яе. Ваню яна пісала наўпрост і праз родных, але адказаў не атрымлівала.

Мама ў калоніі, мама тэлефануе

Калі Вольгу Такарчук асудзілі, а яе саму этапавалі ў калонію, дзецям усё ж распавялі пра тое, дзе мама і што з ёй. З лістоў яна даведалася, што дзеці прынялі гэта нармальна.

«Калі Мацвею сказалі, што мама ў турме, ён, як мне напісалі, узрадаваўся, сказаў: «Дзякуй богу што яна не памерла, мая мама герой!»

Яна не пісала заяў на доўгае спатканне, бо ў калоніі ёй заставалася адбыць 2,5 месяца, і яна не хацела «займаць нічыю чаргу». Але ў яе было тры відэазванкі.

«У першы раз я іх убачыла ў скайпе роўна праз год пасля таго затрымання. Я думала, я буду плакаць. А я была ў шоку таго, як яны выраслі. Дзякуй богу, што мне дазволілі зняць гэтую хустку дурную, каб іх не палохаць. Падчас першай размовы мы стушаваліся, як іх пытацца, пра што — незразумела».

Лісты ад бацькоў і дзяцей Вользе ў калонію даходзілі. Але аднойчы ёй не аддалі малюнкі да яе дня нараджэння. Гэта стала зразумела пазней, па нумарацыі (усе лісты Вольга з роднымі нумаравала). Яшчэ ў адным лісце дзеці аднойчы напісалі Вользе, што зрабілі каляндар і закрэсліваюць у ім дні да вяртання мамы.

На званках сыну ў Ірыны Шчаснай (як і ў іншых «палітычных») прысутнічаў аператыўны супрацоўнік. Часам ён садзіўся так, што быў бачны ў кадры. Затрыманне мамы вельмі моцна траўмавала Германа, таму пры мужчыну ў форме размова часта не клеілася.

«Пра што там казаць — я пыталася ў яго пра ацэнкі, пра тое, куды з татам ён хадзілі. Але яму цяжка было, вядома, сядзіць дзядзька чужы, усё слухае. Я назірала, як ён расце — па званках, па фота, якія мне дасылалі. Ён спачатку быў такі пухленькі, калі быў маленькі. Потым выцягнуўся. Вырашыў адпусціць доўгія валасы. Цікава назіраць, як дзіця расце, мяняецца. Але калі гэта адбываецца без твайго ўдзелу — гэта вельмі балюча».

Ірына выйшла на волю ў 2024 годзе, адбыўшы 4 гады паводле артыкула аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў. Да гэтага моманту яе сын быў ужо 14-гадовым падлеткам.

«А пазней ужо прыйшло ўсведамленне, што трэба прывыкаць да такой рэальнасці, бо нічога не зробіш. Я плакала, калі лісты пісала, плакала па начах, калі ўспамінала яго дзяцінства. Але трэба было трымацца, каб сябе захаваць, і для яго ў тым ліку».

У Вольгі Філатчанкавай было два працяглыя спатканні за час у калоніі, прычым першае — на двое сутак. Вольга называе гэта вялікім шанцаваннем, бо звычайна калі палітычным і даюць такое спатканне, то толькі на суткі.

«Першы дзень [працяглага спаткання] быў неверагодна шчаслівы, а на другі ўжо становіцца сумна, таму што разумееш — хутка вяртацца. Другое спатканне было толькі на суткі, і гэта яшчэ цяжэй — яны вось толькі прыехалі, а ўжо расставацца. У першы дзень пасля спаткання ты ходзіш проста як прышыблены, хочацца кудысьці схавацца, каб цябе ніхто не чапаў».

Алеся Буневіч некалькі разоў тэлефанавала сыну з калоніі па відэа, а потым свядома адмовілася ад такіх званкоў — таксама з-за аператыўніка, з якім у Алесі былі «нацягнутыя адносіны».

Алеся Буневіч з сям'ёй. Фота: асабісты архіў

«Першы відэазванок праз 10 месяцаў пасля майго затрымання. Я нарэшце ўбачыла сваё дзіця. Якасць была вельмі дрэннае, і ў нас было ўсяго хвілін пяць.

Ён вельмі расхваляваўся, сеў за фартэпіяна, пачаў мне нешта граць. Я расплакалася, сын паказаў мне сэрцайка рукамі, як Маша Калеснікава паказвала. У гэты момант нам сказалі, што такія знакі паказваць нельга, і адключылі нас.

Потым я адмовілася хадзіць на званкі, каб чужы чалавек не слухаў нашы з сынам размовы, не лез у асабістае».

Мама вярнулася

Ірына Шчасная выйшла на волю ў канцы чэрвеня, але праз адсутнасць візы пабачылася з сынам у Польшчы толькі ў верасні.

«Прыляцела ў Варшаву, дзве гадзіны да Беластока, тэлефаную. Адчыняюцца дзверы — стаіць мой Герман, такі вялікі, ужо ростам амаль з мяне. Не такі пухлы як быў, худзенькі. Юнак ужо. Абняліся».

Алеся Буневіч, адседзеўшы тры з паловай за дапамогу рэйкавым партызанам, таксама не адразу сустрэлася з сынам. Пасля свайго вызвалення ў маі 2024 года яна яшчэ нейкі час заставалася ў Беларусі і нават думала, што сын зможа прыехаць у ёй і заадно пабачыцца з дзядулем, якога даўно не бачыў. Але аднойчы Алесі намякнулі, што ёю «зноў могуць зацікавіцца следчыя» і давялося аператыўна з'язджаць.

«Мы не казалі яму нічога, гэта было сюрпрызам. Такая радасная сустрэча! Кажуць, бывае, пра некаторых мам, што яны да апошняга дзяцей на руках носяць.

Вось у мяне так і было — на мяне літаральна ўскочыў мой 12-гадовы сын, а я з такім шчасцем трымала яго на руках!»

Маміна віна?

Вользе Філатчанкавай пасля вызвалення давялося зноўку знаёміцца з дачкой.

«З аднаго боку ўсё было нармальна, мы як быццам і не расставаліся. А з іншага, трэба было зноўку з ёй знаёміцца. Вось яна нібы любіла ружовы колер — а зараз ужо не любіць. Ну і вырасла яна за два гады, ёй ужо дзевяць, яна ўжо амаль падлетак».

Час ад часу Маша распытвае Вольгу пра тое, як і што было ў калоніі.

«Ёй цікава бывае, як мы там мыліся, што мы там насілі. Я ёй усё распавядаю. Калі сябры прыходзяць і нешта пра калонію пытаюцца, яна таксама заўсёды побач «вушы грэе», ёй цікава».

Дзеці Вольгі Такарчук падпісаныя на маму ў ютубе і глядзяць яе выпускі пра калонію. Аднойчы Вольга з дзецьмі і сябрамі была ў музеі КДБ у Вільні.

«Мы там былі з сябрам, які таксама адседзеў. І вось мы ідзём усе разам па гэтых камерах — «глядзіце, вось гэта дзючка (унітаз), вось гэта кармушка, а вось тут баландзёры баланду разносяць». Яшчэ адзін наш сябар нават абурыўся — у вас жа, кажа, прынцэса, вы ёй павінны пра кветачкі, пра сукенкі, а ты ёй пра баланду».

Ірына Шчасная амаль не размаўляе з Германам пра калонію, яна лічыць, што яму гэта пакуль не трэба. Яна патроху імкнецца вярнуцца ў жыццё пасталелага сына.

«Мы ўвечары бывае гуляем, размаўляем, і ён патроху пачынае раскрывацца зноўку, дзяліцца са мной розным. Шмат выпушчана за гэты час, пакуль мяне не было — школа, сям'я, ацэнкі, ён вывучыў дзве мовы, пакуль я сядзела. Добра, што я зараз магу яго распытаць, як гэта адбывалася. Пачуццё віны заўсёды са мной. Спачатку я дапусціла памылку, што ў 2020 годзе вярнулася з Кіева ў Мінск.

Мая памылка ў тым, што мяне схапілі на яго вачах. Я ўпэўнена ў тым, што гэта мая віна, і яна са мной назаўжды, немагчыма з гэтым неяк змагацца. Усё роўна да гэтага ўвесь час вяртаюся».

Ірына Шчасная. Фота: асабісты архіў

Пра пачуццё віны кажа і Алеся Буневіч:

«Пачуццё віны ёсць, ад яго напэўна нікуды не дзецца. Я шмат чаго пераасэнсавала ў калоніі, і думаю цяпер, наколькі ж важна ставіць на першае месца блізкіх і родных людзей. Вайна ва Украіне для мяне зацямніла ўсё, мне здавалася, трэба нешта рабіць толькі ў гэтым кірунку.

А ў выніку важныя моманты ў жыцці маёй сям'і былі выпушчаныя. Памятаю пра гэта, але ні пра што не шкадую.

Нам трэба быць салідарнымі і адзін аднаму дапамагаць, бо нам спадзявацца няма на каго. А час, праведзены ў калоніі — гэта час, адняты ў першую чаргу ў нашых дзяцей, гэта яны недаатрымалі ад нас у гэты час любові і падтрымкі».

Каментары2

  • Гигин
    28.12.2024
    Очень тяжело это читать. Дай Бог здоровья и сил мамам и деткам...
  • Тэкля
    28.12.2024
    Балюча...

Цяпер чытаюць

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан6

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускіх школьнікаў будуць вучыць кіраваць дронамі13

Беларускія ўлады летась даслалі запыт на выдаленне 50 відэа з YouTube. Ім адмовілі3

Джулі Дэвіс, якую некалі прызначалі паслом ЗША ў Беларусі, узначаліць дыпмісію ў Кіеве

Топ-3 карумпаваныя прэзідэнты Усходняй Еўропы — новы фэйк 1

«Мы зрабілі больш за любую іншую дзяржаву». Трамп абвясціў 8 мая Днём Перамогі ў ЗША30

Мінчанка папрасіла Кухарава памяняць ёй кватэру праз інфрагук ад суседскага камп'ютара3

Гігін атакуе Эйдэльман за лекцыю пра БНР: Пустое месца, поўны чайнік39

Расійскія ўлады ў 2024 годзе запатрабавалі ад Google выдаліць рэкордную колькасць кантэнту3

Інсайдар расказаў, што Хатаба атруцілі «Навічком». Памёр і куплены агент, які перадаў яму ліст13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан6

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць