У Беларусі афіцыйна зарэгістраваны тры калоніі гэтай жывёлы, з іх жыццяздольная толькі адна.

Эколагі звяртаюць увагу на змену статусу рабога сусліка (Spermophilus suslicus) у Чырвонай кнізе Міжнароднага саюзу ахову прыроды (МСАП). У абнаўленні спісаў МСАП, якое адбылося ў 2024 годзе, статус гэтай жывёлы змяніўся з «блізкага да стану пагрозы» (Near Threatened) на «від, які знаходзіцца пад крытычнай пагрозай знікнення» (Critically Endangered).
Вучоныя тлумачаць змену статусу скарачэннем колькасці глабальнай папуляцыі суслікаў на 99% за апошнія 30 гадоў. Далей ідуць толькі два статусы — «выміранне ў прыродзе з захаваннем у няволі» і «поўнае выміранне».
Калі сітуацыя не зменіцца, то суслік можа знікнуць як від у бліжэйшыя 20-30 гадоў. Прычыны — разбурэнне асяроддзя пражывання ў выніку развіцця сельскай гаспадаркі, а таксама змена клімату.
У Беларусі рабы суслік пакуль захоўвае статус «уразлівага віду» (трэцяя катэгорыя Чырвонай кнігі). Акадэмія навук вырашыла не ўздымаць яго ахоўную катэгорыю, нягледзячы на глабальную тэндэнцыю.

Фота: Алег Волчак
Яшчэ ў пачатку XXI стагоддзя калоніі сусліка ў Беларусі былі ў Нясвіжскім, Стаўбцоўскім, Капыльскім, Баранавіцкім раёнах. У 2011 годзе эколагі выступалі з ініцыятывай зрабіць гэту жывёлу сімвалам Міра і Карэлічаў.
Як тлумачаць эксперты, на хуткае знікненне калоній суслікаў паўплывала скарачэнне зямель, адведзеных пад выпас жывёл. Пачынаючы з 1990-х гадоў, колькасць кароў у насельніцтва імкліва скарацілася, у сельскіх гаспадарках стала пашырацца практыка стойлавага ўтрымання кароў. У выніку землі сталі разворвацца пад пасеў сельскагаспадарчых культур, для апрацоўкі актыўна выкарыстоўваюцца розныя атруты. У выніку цэлыя калоніі суслікаў былі знішчаныя.
Яскравы прыклад — калонія суслікаў каля вёскі Сейлавічы ў Нясвіжскім раёне. У 2021 годзе мясцовае сельгаспрадпрыемства разарала поле, на якім была зафіксавана невялікая калонія суслікаў. У гаспадарцы патлумачылі, што глеба на полі ўрадлівая, і калі яе не выкарыстаць, то згубяцца мільёны.

Да 2020-га года ў Беларусі былі рэалізаваныя некалькі грамадскіх ініцыятыў, накіраваных на захаванне сусліка. Спецыялісты шукалі калоніі і афармлялі ахоўныя дакументы на месцы іх жыцця для перадачы пад ахову. Цяпер не засталося ні грамадскіх арганізацый, ці актывістаў.
У 2019-м было знойдзена дванаццаць калоній суслікаў. У 2021 годзе іх засталося пяць — у Капыльскім і Нясвіжскім раёне. На 2024 год, па інфармацыі эколагаў, засталося тры, з якіх жыццяздольная толькі адна.
Рабы суслік стаў трэцім відам жывёл у Беларусі, які мае такі высокі ахоўны статус на глабальным узроўні. Сярод іншых — еўрапейскі вугор, які працягвае здабывацца, нягледзячы на пагрозу знікнення, і звычайны хамяк, які, верагодна, ужо знік з тэрыторыі Беларусі.
Каментары