Грамадства66

«Чаго нам сварыцца? Мы з ЗША глабальных пытанняў вырашаць не будзем. Мы ведаем сваё месца». Новая метадычка прапагандыстаў

Беларуская прапаганда малюе новую геапалітычную карціну, у якой: Трамп — надзея на розум і прагматызм, ліберальны Захад — сістэма, якая гіне, Беларусь — ціхі, стабільны, дальнабачны саюзнік, Расія і Кітай — сілы, якія фарміруюць новы сусветны парадак.

Фота: Anna Moneymaker / Getty Images

На сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва з'явіўся падкаст пад інтрыгоўнай назвай «Чаго хоча Трамп?» На дзяржаўным рэсурсе, дзе нішто не з'яўляецца выпадкова, ананімны аўтар адказвае на шэраг пытанняў, якія датычаць палітыкі ЗША. Мы паслухалі і прапануем асноўныя тэзісы новага курыкулюму беларускай прапаганды.

«Трамп — праамерыканскі прэзідэнт»

У лютым 2017 года, сцвярджае БелТА, Лукашэнка даў, як паказаў час, максімальна рэалістычную ацэнку Трампу, назваўшы яго перш за ўсё праамерыканскім прэзідэнтам, які будзе дзейнічаць у інтарэсах сваёй краіны:

«Трэба разумець, што Амерыка абрала праамерыканскага прэзідэнта, не прарасійскага і не прабеларускага. І не настолькі ён дурны, як некаторыя думаюць, хай нават ён неспрактыкаваны».

ЗША змагаюцца за дамінаванне ў свеце

Звышдзяржавы кшталту Злучаных Штатаў ніколі не здрадзяць сваёй прыродзе лідара і дамінатара. Пры гэтым для амерыканцаў дамінаванне, як правіла, суправаджаецца даволі агрэсіўным працісканнем сваіх інтарэсаў і верай ва ўласную выключнасць.

Пагрозу свайго дамінавання Злучаныя Штаты бачаць у канкурэнцыі з тымі, хто слабейшы і прызнае вядучую ролю ЗША. Замест таго, каб выбудоўваць канструктыўныя адносіны, ЗША спрабуюць прыбраць канкурэнтаў. Так, напрыклад, адбылося ў адносінах ЗША і Еўрасаюза, чыю эканоміку амерыканцы ўжо некалькі гадоў разбіраюць на запчасткі. Песціць ілюзіі адносна ЗША не варта.

У каманды Трампа новая стратэгія

Тое, што зараз робіць каманда Трампа — гэта ўжо не новы стыль, гэта новая стратэгія. Адміністрацыя Байдэна фактычна дзейнічала ў рэаліях аднапалярнага свету, у той час, як фарміруецца новы сусветны парадак, у цэнтры якога — тры ключавыя гульцы: ЗША, Расія і Кітай. Узаемадзеянне паміж імі становіцца асновай будучай архітэктуры міжнародных адносін.

Цяпер у Вашынгтоне адбылася змена эліт. І да ўлады прыйшла група людзей, якая здольная больш рэалістычна і прагматычна глядзець на свет і на тую сітуацыю, у якой апынуліся Злучаныя Штаты.

«У адрозненне ад Байдэна, Трамп выдатна разумее, што свет жыве па-новаму. Замест таго, каб трымацца за старое, як гэта робіць большасць еўрапейскіх лідараў, цяперашні прэзідэнт ЗША гатовы адаптавацца ў новым асяроддзі», — ацэньвае беларуская прапаганда.

«Трамп — перадусім бізнэсмен»

І тое, што менавіта Трамп пасля прэзідэнцкіх выбараў стаў ля руля, для Злучаных Штатаў можа стаць вельмі важным крокам наперад, а галоўнае — своечасовым. Трамп перш за ўсё бізнэсмен. А, як вядома, нішто так хутка не падладжваецца пад змены, як бізнэс. Цяперашняя адміністрацыя ЗША выдатна бачыць тыя праблемы, якія назапасіліся ў краіне.

У кадэнцыю Трампа эканамічныя мэты, хутчэй за ўсё, будуць пераважаць над палітычнымі. Ужо сёння можна меркаваць, што галоўная мэта Трампа — зрабіць Амерыку яшчэ багацейшай.

Мэта ЗША — умацаванне сувязяў з Расіяй

Расія, Кітай і ЗША будуць адстойваць свае інтарэсы, канкураваць, змагацца за першынство і шукаць рычагі ціску. Варта чакаць настойлівых спроб Вашынгтона ўкліньвацца ў адносіны Масквы і Пекіна. Мэтай

ЗША будзе ўмацаванне сувязяў з Расіяй, найперш эканамічных, што ў Вашынгтоне можа разглядацца як своеасаблівая гарантыя таго, што Масква не ўступіць у антыамерыканскі альянс.

Адказнасць за свае праблемы Еўропа павінна ўзяць на сябе

Пасля прыходу Трампа да ўлады еўрапейцы перажываюць адно ўзрушэнне за іншым. Ці ёсць у Еўропе падставы адчайвацца? Анягож. Але віною таму не Трамп. Трамп — прэзідэнт ЗША, і яго праца заключаецца ў тым, каб абараняць інтарэсы амерыканцаў.

У еўрапейскіх краінах свае лідары — прэзідэнты, канцлеры, прэм'еры. На гэтых людзей ускладзены абавязак абараняць інтарэсы сваіх краін і народаў. І калі зараз еўрапейскія лідары наракаюць на ЗША, то тым самым толькі дэманструюць сваю некампетэнтнасць і няздольнасць эфектыўна кіраваць сваімі краінамі, кляймуе іх БелТА.

ЗША не пакінуць Еўропы

У чым можна быць упэўненымі, дык гэта ў тым, што ЗША не пакінуць Еўропы і не адмовяцца ад свайго ўплыву, ні палітычнага, ні эканамічнага. І, хутчэй за ўсё, сваю прысутнасць у вайсковым плане амерыканцы таксама захаваюць. Хаця і зробяць так, каб лаяльнасць еўрапейскіх эліт абыходзілася амерыканскаму бюджэту танней.

Трамп — сімвал глабальнага паўстання супраць ліберальных эліт і «глыбіннай дзяржавы»

«Агрэсіўная рыторыка Маска на адрас еўрапейскіх эліт, выступ Вэнса ў Мюнхене, сімпатыі Трампа і яго адміністрацыі на адрас правых і ўльтраправых палітыкаў у Еўропе, адмова ад фінансавання рупараў радыкальнай прапаганды, лібералаў «Голасу Амерыкі» і «Радыё Свабода» — усё гэта не пакідае сумневаў у тым, што трампісты гатовыя адціскаць лібералаў на ўсіх франтах, і ў ЗША, і за іх межамі».

Калі думаць стратэгічна, амерыканцам было б нявыгадна цалкам выкарчоўваць лібералаў з вялікай палітыкі. Бо іх месца зоймуць правыя сілы, якія, па сваіх поглядах, даволі разнамасныя. Кантраляваць іх, падпарадкоўваючыся сваім інтарэсам, можа быць значна складаней, чым інфантыльных і баязлівых лібералаў. Таму для ЗША было б зручней паспрабаваць аслабіць ліберальныя эліты, дзе-нідзе замяніўшы іх на лаяльныя правыя сілы, мяркуе аналітык БелТА.

Лёс Украіны: ЗША і Расія згуляюць у пары

Для ЗША на гэтым этапе выгадней завяршыць канфлікт, пасля чаго можна пакапацца ва ўкраінскіх нетрах або інтэграваць украінскія парты ў гандлёвыя шляхі, над якімі амерыканцы імкнуцца атрымаць кантроль. А цяпер гаворка ідзе і пра валоданне энергетычнай інфраструктурай ва Украіне.

Расійскі бок зацікаўлены ў тым, каб выбудаваць новую архітэктуру бяспекі як на еўрапейскім кантыненце, так і ў цэлым у свеце. З прыходам да ўлады Трампа дыялог у гэтым кірунку стаў магчымы, і Масква гэтую магчымасць будзе выкарыстоўваць максімальна, у тым ліку праз уцягванне ЗША ў сумесныя эканамічныя праекты, кажа БелТА.

У цяперашняй няпростай сітуацыі з Украінай і спробамі еўрапейцаў гэтую сітуацыю эскаліраваць Расія і ЗША будуць не проста лавіраваць паасобку, але, магчыма, згуляюць у пары, дапускае беларускае дзяржаўнае агенцтва.

Чаго чакаць Беларусі?

Пакуль лідары еўрапейскіх дзяржаў уласнаручна заганялі сваю эканоміку ў кут, беларускае кіраўніцтва пад ціскам санкцый пашырала эканамічныя гарызонты і шукала новыя магчымасці, сцвярджае БелТА. Дзякуючы гэтаму сёння, ва ўмовах геапалітычнай турбулентнасці, якая працягваецца, мы можам моцна стаяць на нагах.

Многія пытанні будуць вырашацца ў рамках трохкутніка Расія, Кітай, ЗША. Але трэба разумець, што кожная з трох вяршынь будзе абапірацца на сваіх саюзнікаў і ў той жа час прадстаўляць свае інтарэсы. Як мінімум, з дзвюма вяршынямі ў Беларусі цесныя сувязі. З амерыканцамі нам таксама дзяліць няма чаго, калі яны не стануць ствараць пагрозы ля беларускіх меж.

Мы не чакаем ад Амерыкі нейкіх падачак, але мы хочам з імі супрацоўнічаць, разумеючы, што гэта ўсё ж такі вядучая краіна ў свеце.

Ну, чаго нам сварыцца? Мы з Амерыкай глабальных пытанняў вырашаць у свеце не будзем. Мы ведаем сваё месца. А вось супрацоўнічаць наша краіна можа і з ЗША, і ў перспектыве з Украінай, і з той жа Польшчай, калі яе кіраўніцтва будзе прытомным, абяцае БелТА.

Такім чынам, лукашэнкаўцы больш не прагназуюць падзення Украіны і гатовыя прыстасоўвацца да новай раскладкі сілаў на міжнароднай арэне. Асноўная крытыка цяпер скіраваная на краіны Еўрасаюза. З Амерыкай Трампа Мінск мае намер заігрываць.

Каментары6

  • Украінскі аглядальнік
    24.03.2025
    Трамп хоча па-сямейнаму ўладарыць ў ЗША праз спадкаемную перадачу ўлады. А таксама хоча захапіць як мага большай часткі Зямлі. Трамп - дактатар і крамлёўскі агент. Калі гэта прыняць за аксіёму, то адразу становяцца зразумелымі ўсе ягоныя быццам бы "выбрыкі", а насамрэч планамернае падмінанне пад сябе ўсёй паўнаты ўлыды ў Амерыке. Адсюль і ягонае сяброўства і захапленне ўсімі нават самымі цьмянымі дыктатарамі свету.
  • Прапанандыстам
    24.03.2025
    Вазьміце сабе на ўзбраення іншую аксіому, нешта яна не бьецца з рэальнасцю. Obama gave sheets, Trump gave javelins.
  • Answer
    24.03.2025
    Нужно развить данную методичку дальше:
    1. Трамп - Лидер США.
    2. США - Лидер НАТО.
    3. Трамп - друг путина.
    4. НАТО - Друг РФ.
    5. Беларусь, Украина, Молдова, Армения, Грузия, Азербайджан должны вступить в НАТО ради безопасности РФ и в рамках дружбы между Трампом и путиным.

Цяпер чытаюць

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?2

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — Дзень Волі. 107 гадоў таму беларусы ўпершыню абвясцілі незалежнасць2

Блогер паказаў, як пераварыў самы гнілы «Фальксваген Гольф» у Беларусі3

Перамовы Расіі і ЗША ў Эр-Рыядзе завяршыліся, пра вынікі паведамяць заўтра2

У Мінску за апошнія суткі выпалі дзве траціны месячнай нормы ападкаў2

Разам з прапагандыстам Федарчаком загінулі яшчэ два прадстаўнікі расійскіх СМІ11

Блогер Vadimati распісаўся анлайн са сваім партнёрам, з якім разам ужо больш за 10 гадоў14

Расія на перамовах у Саудаўскай Аравіі патрабуе ўсю тэрыторыю чатырох украінскіх абласцей21

У «Мінск-Свеце» вырашылі пытанне з аплатай за шыльды на дамах

Дарадца Трампа па нацбяспецы выпадкова дадаў журналіста ў сакрэтны чат у Signal. Раскрытыя механізмы прыняцця рашэнняў18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?2

У шасці гарадах Беларусі пачалася эпідэмія рэспіраторных інфекцый. А якая сітуацыя ў цэлым?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць