«Гэтая партыя прайграная». Беларускія даследчыкі — пра тое, у што ператварылася Акадэмія навук
«Наша Ніва» распытала навукоўцаў пра тое, што адбываецца з беларускай навукай. Беларуская акадэмія можа ператворыцца ў філіял Навасібірскага навукова-даследчага інстытута, вобразна апісвае перспектывы адзін з іх.

Галоўнае — прыкладныя задачы і ідэалогія
Хімік Сяргей Бесараб, некалі супрацоўнік інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук, расказвае пра працэсы, якія ідуць у Акадэміі навук апошнія некалькі гадоў і цяпер, выглядае, дасягнулі піку:
«Мне падаецца, што спраўдзілася мара [кіраўніка НАН] Гусакова пра тое, каб пераарыентаваць беларускую навуку цалкам на прыкладны характар. Амаль усе супрацоўнікі акадэміі з кола маіх знаёмых займаюцца прыкладнымі задачамі, працуюць па розных падрадах і субпадрадах. Гэтае спрашчэнне патрэбнае для эканомікі краіны, але не патрэбнае свету, ніхто ў НАН цяпер не здабывае новыя веды, яны выкарыстоўваюць старыя веды ва ўтылітарных мэтах.
Відавочна, што ў асноўным гэта вайсковая замова, але знаёмыя ў акадэміі кажуць, што гэта замова ад прадпрыемстваў. Напрыклад, там робяць даволі тэхналагічныя абразівы, змазвальныя матэрыялы, цяпер вельмі вырасла цікавасць да кампазітаў і функцыянальных палімераў. Кажуць, што ўсё гэта патрэбнае для беларускіх замоўцаў. Але я разумею, што апошнія 10 гадоў высокатрывалыя кампазіты нікому не былі патрэбныя, дык навошта яны трэба цяпер? Для кампазітнай лёгкай брані, для рам беспілотнікаў».
У выніку такіх працэсаў заробкі ў акадэміі растуць, кажа Бесараб, і многія навукоўцы задаволеныя.
Навукоўцы, якія з’ехалі пасля 2020-га і не маюць відавочнай небяспекі пераследу, вяртаюцца ў Беларусь.
«Цяпер настроі ў беларускай навуцы аналагічныя сітуацыі ў пачатку 2010-х, — разважае ён. —
Рэпрэсіі ў акадэміі ўсё роўна працягваюцца. Маштаб іх меншы, але часам у навукова-даследчыя інстытуты ўсё роўна прыходзяць па кагосьці».
Да тых, хто з’ехаў, у акадэміі ставяцца з крыўдай — маўляў, не спраўдзілі надзей. Ёсць і раздражненне за тое, што за мяжой увогуле ўздымаюць тэму таго, як жыве акадэмія. Навукоўцы проста жадаюць працаваць, а таксама каб ім ніхто не нагадваў пра 2020-ты.
Добрыя заробкі не гарантуюць стабільнасці. Дзмітрый Канановіч — беларускі навуковец, які працуе ў Талінскім тэхналагічным універсітэце — расказвае, што нават у замежжы шмат чуў пра звальненні беларускіх калег:
«Да мяне неаднаразова даходзілі навіны, што нехта з маіх знаёмых, сяброў знаёмых ці былых выкладчыкаў ва ўніверсітэце — ці быў звольнены, ці яму не падоўжылі кантракт, ці сам прыняў рашэнне звольніцца. Гэта нагадвала хвалю звальненняў. Хтосьці з гэтых людзей у выніку апынуўся за мяжой і цяпер працягвае навуковую працу тут».

Марына Шаптурэнка, былая навуковая супрацоўніца Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН, сочыць за падзеямі ў акадэміі і родным інстытуце праз навіны і публікацыі інстытута ў сацсетках.
«Калі аналізаваць кантэнт майго інстытута, наўрад ці можна яго назваць навуковым. Фактычна інстытут ператвараецца з навуковай установы, якая мусіць займацца фундаментальнымі і прыкладнымі даследаваннямі, у лабараторыю па генетычным тэставанні. Большасць публікацый інстытута скіраваная на тое, каб прыцягнуць людзей да гэтых платных паслуг. […]
Шмат увагі таксама надзяляюць ідэалогіі і прапагандзе. Мяне асабліва ўразіў удзел супрацоўнікаў інстытута ў мерапрыемстве «Складанне сітуацыйных задач з патрыятычным кантэнтам на ўроках па прадмеце Біялогія». Таксама ў інстытуце выступаюць лідары БРСМ, Ігар Тур, ладзяць іншыя мерапрыемствы, не звязаныя з навукай».
Марына адзначае — усё гэта не кажа пра тое, што Інстытут генетыкі больш не з’яўляецца даследчай установай. Ёсць негатыўныя тэндэнцыі, але пры гэтым сярод супрацоўнікаў інстытута дагэтуль ёсць прафесійныя навукоўцы. Але ў такіх умовах яны не могуць развівацца і вымушаныя прымаць правілы гульні, якія ім навязвае сістэма.
«Робяць калабарацыі з кітайцамі»
Некалькі гадоў таму для беларускіх навукоўцаў было праблемай публікаваць свае працы ў заходніх выданнях. Але і тут ёсць перамены, кажа Сяргей:
«Цяпер знайшлі абыходныя шляхі, напрыклад, робяць калабарацыі з кітайцамі, якія раней супрацоўнічалі з заходнімі навукоўцамі. Такія артыкулы з вялікай колькасцю аўтараў не трапляюць пад санкцыі. Як сказаў мне адзін хлопец, санкцыі мелі нязначны эфект, і публікавацца можна дзе заўгодна.
Ёсць буйныя арганізацыі, накшталт еўрапейскай арганізацыі CERN, і ім расійскія і беларускія навукоўцы не патрэбныя. Там фундаментальная навука сусветнага ўзроўню, але ўсё гэта не патрэбна беларускай навуцы, якая зрабілася прыкладной у апошні час. У больш простых выпадках можна рабіць публікацыі з кітайцамі».
У лютым 2025 года група беларускіх навукоўцаў, сярод якіх быў Сяргей Бесараб, выпусціла справаздачу па стане беларускай Акадэміі навук. Канановіч звяртае ўвагу, што ў гэтай працы разглядаецца ў тым ліку дынаміка публікацый, зробленых у апошнія гады беларускімі навукоўцамі ў паважаных заходніх базах Scopus і Web of Science.
Паводле гэтых даных, сучасны ўнёсак беларусаў у сусветную навуку носіць фрагментарны характар. Шмат у чым ён трымаецца на намаганнях асобных навукоўцаў і міжнародным супрацоўніцтве. Калі беларусы нешта публікуюць, то гэта або працы, зробленыя ў калабарацыі, дзе беларускі ўнёсак не з'яўляецца вядучым, або артыкулы ў менш уплывовых навуковых выданнях. Ёсць, кажа Дзмітрый, і публікацыі ў прэстыжных выданнях, але іх вельмі мала для еўрапейскай краіны з такой колькасцю насельніцтва, як Беларусь.
Канановіч расказвае, што яго кантакты з беларускімі калегамі пацвярджаюць гэтыя высновы:
«Узровень кваліфікацыі многіх даследчыкаў сапраўды высокі, ёсць цікавыя ідэі, асабліва ў тых, хто сочыць за актуальнай навуковай літаратурай. Але адчуваецца недахоп асабістага кантакту з сусветнай супольнасцю: удзелу ў міжнародных канферэнцыях, сумесных праектах, праграмах абмену. Такія кантакты — магутны стымул для пачатку новага даследчага напрамку, асабліва для маладых навукоўцаў. Гэтак і нараджаюцца прарыўныя ідэі, што і прыводзяць да моцных публікацый.
Без гэтага надыходзіць застой: дзесяцігоддзямі даследуюцца адны і тыя ж па сутнасці ўжо вычарпаныя тэмы, пры гэтым атрымліваюцца руцінныя і мала значныя вынікі, якія публікуюцца ў трэцясортных часопісах проста «для птушачкі».
Нават калі ўзнікае сапраўды перспектыўная ідэя, рэалізаваць яе вельмі цяжка або немагчыма. Праблема ў недахопе інфраструктуры: беларускім навукоўцам не хапае сучаснага абсталявання, неабходных рэактываў, доступу да дакладных прыбораў.

І ўсё ж нават у такіх умовах часам беларусы робяць цікавыя публікацыі, але яны адзінкавыя. Калі б тыя ж працы выконваліся ў добрых лабараторных умовах, вынікі маглі б быць на парадак вышэйшыя, упэўнены Канановіч.
Найбольш ударыць па прыродазнаўчых і тэхнічных навуках
Бесараб робіць песімістычныя высновы пра лёс беларускай навукі:
«Трэба нам, хто з гэтага боку, зразумець, што датычна навукі гэтая партыя прайграная, акадэмія адаптавалася, і там усё нармалёва. Шмат хто з навукі змяніў журава дэмакратыі на сініцу лукашызму.
Немагчыма сказаць, што проста цяпер яны жывуць дрэнна. Але калі ты пачынаеш узважваць доўгатэрміновыя наступствы, бярэшся за галаву».
Акадэмія навук, кажа Бесараб, стане вечным субпадрадчыкам для расіян:
«Расійскія навуковыя інстытуты будуць нешта замаўляць беларусам. Будзе стагнацыя, пакуль Нацыянальная акадэмія навук не ператворыцца ў нейкі філіял Навасібірскага навукова-даследчага інстытута. У Беларусі знікне нацыянальная навука як суб'ект.
Усё гэта датычыць прыродазнаўчых і тэхнічных навук, а не гуманітарных, дзе збольшага для працы трэба толькі папера, аловак і даследчык. Але ў цяперашнім свеце моц краіны трымаецца на тэхналагічных дасягненнях, і ў гэтым сэнсе тэхналагічная навука будзе знішчаная, яна ўжо не выдзяляецца практычна нічым. Усё гэта — частка інтэграцыі Беларусі ў Расію».
Знікне цэлы пласт спецыялістаў, разважае Сяргей. Немагчыма будзе іх замяніць сваімі сіламі, таму што навуковая адукацыя ў Беларусі таксама вычышчаецца.
Трэба будзе стымуляваць навуковую міграцыю, але і гэта будзе няпроста. Асноўныя цэнтры прыродазнаўчых навук знаходзяцца на Захадзе, то-бок у Беларусь наўрад ці хтосьці паедзе ў тым ліку і праз рэпутацыйныя рызыкі.
Атрымліваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў акадэміі, усё больш складана. Калі нехта даведаецца, што навуковец нечым падзяліўся з людзьмі па-за межамі акадэміі, яго чакае пакаранне, адзначае Сяргей:
«Гэта дамоўленасць, прапісаная ў калектыўнай дамове, якую падпісваюць з чалавекам, калі прымаюць яго на працу. Там могуць прапісаць умоўныя пакаранні, а вусна сказаць — маўляў, калі што, сядзеш на адзінаццаць гадоў».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Как говорится, для кворума маловато.