За нібыта хаатычнай стратэгіяй Трампа стаіць хітры разлік. Вось чым гэта пагражае іншым народам
Новыя мыты — гэта не проста абарона эканомікі ЗША, а частка маштабнай стратэгіі, у якой Трамп спрабуе адначасова зменшыць дзяржаўную запазычанасць, перазапусціць прамысловасць і змяніць сусветны парадак. Пра гэта піша экспертка ў галіне глабальнай макраэканомікі і лічбавых валют Танві Ратна.

Экспертка ў галіне глабальнай макраэканомікі і лічбавых валют Танві Ратна (Tanvi Ratna) ўзначальвае аналітычны цэнтр Policy 4.0 і кансультуе ўрады па пытаннях эканамічнай стратэгіі. Яе артыкулы публікуюць The Economist, The Diplomat і Foreign Policy.
У тэксце, апублікаваным на яе сайце, Ратна паказвае, што
за вонкава агрэсіўнай і хаатычнай гандлёвай палітыкай Трампа стаіць прадуманы стратэгічны разлік. Яна лічыць яго небяспечным.
Чаму ўсё пачалося
У 2025 годзе ЗША трэба будзе рэфінансаваць 9,2 трыльёна долараў дзяржаўнага доўгу, прычым 6,5 трыльёна — ужо да чэрвеня. Гэта велізарная сума, і плаціць па ёй будзе вельмі дорага, асабліва калі працэнтныя стаўкі застануцца высокімі.
Як знізіць стаўкі? Традыцыйна — праз кантроль над інфляцыяй. Але ва ўмовах, калі інфляцыя ўсё яшчэ высокая, у адміністрацыі застаецца іншы шлях: стварыць няпэўнасць на фінансавых рынках. Гэта прымусіць інвестараў шукаць «ціхую гавань» — надзейныя дзяржаблігацыі ЗША. Калі попыт на аблігацыі расце, іх даходнасць падае, і ЗША можа пазычаць грошы танней.
Аднак ніжэйшая даходнасць сама па сабе не ўратуе хісткага фінансавага здароўя Амерыкі. Пазыка, нават танна рэфінансаваная, застаецца небяспечна нестабільнай без больш глыбокіх структурных дзеянняў.
Так уступае ў дзеянне другі стоўп стратэгіі: дысцыплінаванае скарачэнне выдаткаў. З Іланам Маскам і камандай DOGE, нацэленымі на скарачэнне выдаткаў прыкладна на 4 мільярды долараў у дзень, адміністрацыя прагназуе ашаламляльнае скарачэнне дэфіцыту на трыльён долараў да канца 2025 года.
«Гэта, прынамсі на паперы, можа стаць фіскальнай дэтаксікацыяй у нечуваных маштабах», — адзначае экспертка.
Мыты: не абарона, а стымул
Ратна адзначае, што апошняе ўвядзенне пошлін Трампам — гэта не столькі абарончая мера, колькі наўмыснае змяненне прамысловых стымулаў Амерыкі.
Традыцыйна мыты патрэбныя, каб абараніць мясцовую вытворчасць. Але цяпер гэта — інструмент для перазапуску амерыканскай прамысловасці. Робячы імпарт менш даступным, Трамп хоча прымусіць кампаніі і спажыўцоў рабіць стаўку на тавары, вырабленыя ўнутры краіны. Гэта можа даць штуршок да росту рабочых месцаў і вытворчасці ў ЗША.
Аднак хутка разгарнуць вытворчасць унутры краіны складана. Пакуль ланцужкі паставак перабудоўваюцца, цэны вырастуць, і людзі гэта адчуюць на сабе.
Каб змякчыць наступствы, адміністрацыя рыхтуе часовае зніжэнне падаткаў для спажыўцоў. Акрамя таго, даходы ад мытаў, якія могуць прынесці больш за 700 мільярдаў долараў у год, дапамогуць часткова закрыць бюджэтныя дзіркі.
Аднак, як адзначае экспертка, гэта рызыкоўная гульня: або пераразмеркаванне попыту і рост унутранай прамысловасці, або інфляцыйны шок і незадаволенасць насельніцтва.
Геапалітыка: мыты як рычаг
Мыты — не толькі эканамічны інструмент, але і геапалітычны рычаг ціску.
Да іх ўвядзення адміністрацыя Трампа ўжо дыстанцыявалася ад НАТА і традыцыйных еўрапейскіх саюзнікаў і пачала будаваць дыялог з Расіяй, Саудаўскай Аравіяй і краінамі Персідскага заліва. Такім чынам, адзначае Ратна,
задоўга да таго, як былі ўведзеныя дадатковыя мыты, адміністрацыя Трампа пачала дэмантаж міжнароднага парадку, што склаўся пасля «халоднай вайны». Мэта — вытаргаваць для ЗША лепшыя ўмовы ў сусветнай палітыцы і эканоміцы.
Трамп хоча пазбавіцца ад старой сістэмы, дзе ЗША гадамі цярпелі гандлёвы дэфіцыт, залежалі ад імпарту з Кітая і трацілі грошы на міжнародныя саюзы. Мыты цяпер становяцца разменнымі манетамі ў больш шырокай, больш грандыёзнай здзелцы. Зараз краіны будуць запрашацца на сепаратныя перамовы, дзе зніжэнне мытаў будзе абумоўлівацца саступкамі з іх боку.
Стаўка на ўнутраны поспех
Гэтая стратэгія можа спадабацца прамысловым рэгіёнам ЗША, дзе людзі адчуюць рэальную выгаду. Але пацярпяць тыя, хто залежыць ад таннага імпарту — асабліва ў рознічным гандлі і будаўніцтве. Трамп робіць стаўку на тое, што тых, хто выйграе, будзе больш.
Але ў гэтай авантуры, адзначае экспертка, ёсць свой тэрмін прыдатнасці: прамежкавыя выбары ў лістападзе 2026 года. Выбарцы будуць галасаваць за ўсіх членаў Палаты прадстаўнікоў і частку Сената. Выбары стануць свайго роду рэферэндумам аб даверы да палітыкі Трампа.
Калі за гэты час не будзе адчувальных вынікаў (напрыклад, па цэнах і заробках), выбарцы могуць расчаравацца. Таму ўлады павінны ўмець тлумачыць свае дзеянні і пераканаўча звязваць пункты паміж кароткатэрміновымі ахвярамі і доўгатэрміновай нацыянальнай моцай.
Трамп ідзе на маштабную і рызыкоўную эканамічную авантуру. Ён ламае старую сістэму, каб пабудаваць новую — больш устойлівую, менш залежную ад свету і выгадную для ЗША. Але калі нешта пойдзе не так — ад інфляцыі да палітычнай незадаволенасці — наступствы могуць быць цяжкімі.
«Мы з'яўляемся сведкамі адной з найвялікшых палітычных авантур сучаснай палітычнай эканоміі, наступствы якой выходзяць далёка за межы адных толькі пошлін. Што б ні здарылася далей, гэта абяцае змяніць не толькі эканоміку Амерыкі, але і сам сусветны парадак. За гэтай гісторыяй варта ўважліва сачыць», — піша Танві Ратна.
Каментары