Грамадства44

Працаваў у ДАІ, знайшоў Каліноўскага, прыдумаў пашпарт Новай Беларусі і пайшоў на вайну. Усё гэта — пра аднаго байца ПКК

Баец палка Каліноўскага Мікіта Забуга — асоба рознабаковая. Атрымаў тры дыпломы аб вышэйшай адукацыі (у тым ліку Акадэміі МУС і Оксфарда), займаўся бізнэсам у Літве, інвеставаў у будаўнічую галіну роднай Астравеччыны. Забуга цікавіцца гісторыяй і геральдыкай — удзельнічаў у раскопках парэштак паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, стварыў Геральдычную раду (якая ўзнавіла беларускія нацыянальныя ўзнагароды). Таксама ён аўтар ідэі пашпарта Новай Беларусі. «Люстэрка» пагутарыла з Мікітам Забугам пра ўсё гэта, а таксама пра тое, якімі ён бачыць сканчэнне вайны ва Украіне і будучыню Беларусі.

Мікіта Забуга ў Запарожжы, 2025 год. Фота: асабісты архіў
Мікіта Забуга ў Запарожжы, 2025 год. Фота: асабісты архіў

«Мішка залечыць свае зубы і кіпцюры — і працягне»

— У вас ёсць жонка і трое дзяцей. Як вы прынялі рашэнне пайсці добраахвотнікам у полк Каліноўскага?

— Жонка і дзеці ў мяне падрыхтаваныя. З самага пачатку вайны ва Украіне я шчыльна ўзаемадзейнічаў з палком. Гэта быў свядомы выбар — проста фармалізацыя таго, што павінна было здарыцца значна раней. Наша арганізацыя (Геральдычная рада) стварыла палкавы сцяг, арганізавала яго асвячэнне праз Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Я таксама валанцёрыў — дастаўляў палку аўтамабілі медыцынскай эвакуацыі, нават машыну цесця давялося перавезці. Так што рашэнне было прынята даўно.

— Здаецца, што нават калі сям’я падрыхтаваная, навіна пра тое, што бацька і муж ідзе на вайну, не можа застацца без эмоцый.

— Вядома, усе перажываюць, але яны ведаюць, што іх бацька — чалавек, які ідзе за праўдай. Я і на Майдане стаяў у 2013−2014 гадах. Напружанне ёсць, ніхто ад гэтага не застрахаваны. Усе людзі, усе перажываюць. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць.

Мікіта Забуга з жонкай і дзецьмі нясуць бел-чырвона-белы сцяг на мітынгу ў Вільнюсе. Жнівень 2020 года. Фота: асабісты архіў
Мікіта Забуга з жонкай і дзецьмі нясуць бел-чырвона-белы сцяг на мітынгу ў Вільні. Жнівень 2020 года. Фота: асабісты архіў

— Чым вы займаецеся ў палку?

— Зараз я знаходжуся на Запарожскім напрамку ў падраздзяленні беспілотных лятальных апаратаў. На гэты момант выконваю функцыі старшыны па забеспячэнні атрада.

— Цяжка цяпер ваяваць, асабліва маральна, на фоне размоў пра магчымы мір?

— Сярод нас ёсць хлопцы-героі, якія ваююць ужо па два, па тры гады. Зразумела, што прыходзіць маральная стомленасць, многія ўжо былі параненыя і вярталіся назад. Людзям цяжка маральна. За гэтыя гады яны сталі выдатнымі спецыялістамі з рознымі ваеннымі навыкамі — кіраванне БПЛА, дронамі-камікадзэ, выкананне разведвальных задач.

У палку розныя сітуацыі, як і розныя людзі. Але ў цэлым усе разумеюць, што канец вайны пакуль немагчымы. Гэта будзе толькі перадышка. Мішка залечыць свае зубы і кіпцюры — і працягне. У нас сур’ёзны і падступны вораг. Стомленасць ёсць, але ўсе разумеюць важнасць таго, што робяць.

— Ці адчуваеце вы асабіста стомленасць ад вайны? Як даеце рады?

— Мой рэцэпт: калі адчуваеш безвыходнасць — дапамагай іншым. Тады сілы прыходзяць. Калі робіш слушную справу, абараняеш гонар нацыі — сілы абавязкова знойдуцца. Але ва ўсіх па-рознаму. Хлопцы і дзяўчаты ў асноўным маральна падрыхтаваныя. Усе ваяры, што прайшлі праз полк, — тысячы людзей — гонар нацыі. Яны ўстойлівыя да перамен.

Мікіта Забуга з былымі камандзірамі палка Каліноўскага Вадзімам Кабанчуком і Дзянісам Прохаравым. Фота: асабісты архіў
Мікіта Забуга з былымі камандзірамі палка Каліноўскага Вадзімам Кабанчуком і Дзянісам Прохаравым. Фота: асабісты архіў

«Пры мне афіцэры насілі пагоны з «Пагоняй»»

— Раней вы працавалі ў ДАІ. Як туды трапілі і чаму сышлі?

— Я вучыўся спачатку ў беларускамоўнай школе, потым скончыў гродзенскі ліцэй, адзін з найлепшых у Беларусі. У 1997 годзе паступіў у Акадэмію МУС, прайшоў вялікі конкурс — восем чалавек на месца. Тады была іншая акадэмія, іншыя выкладчыкі. Пры мне афіцэры насілі пагоны з «Пагоняй». Я пайшоў у вышук ДАІ — шукаў кіроўцаў, што збеглі з месца ДТЗ. Адпрацаваў роўна год, потым паступіў у Літоўскі ўніверсітэт права і застаўся ў Літве.

— У вас тры вышэйшыя адукацыі, у тым ліку Оксфард. Можа, вучыцеся і цяпер?

— Пасля Літоўскага ўніверсітэта я скончыў магістратуру па фінансах у Оксфардзе, потым MBA (магістратуру бізнес-адміністравання. — Заўв. рэд.) там жа, але ў іншым каледжы. Мне падабаецца вучыцца. Хтосьці з філосафаў казаў, што імкненне да ведаў — найважнейшая якасць чалавека. Цяпер таксама вучуся, але не скажу дзе — спачатку скончу.

— Гэта працяг папярэдняга ці новы кірунак?

— Гэта вайсковая спецыяльнасць.

— Які ў вас быў бізнэс у Беларусі?

— Бізнэс у мяне ад самага пачатку быў у Літве, але ў Беларусі я інвеставаў у будаўніцтва гандлёвых цэнтраў, крамаў на сваёй малой радзіме, у Астравецкім раёне. Пабудаваў — і з’ехаў (смяецца). Застаўся без інвестыцый, якія калісьці ўклаў.

— Шмат страцілі?

— Не скажу. Лепш вярнуся ў Беларусь і аднаўлю свае правы на ўласнасць.

Мікіта Забуга на раскопках у пошуках парэшткаў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Вільнюс, Літва, 2018 год. Фота: асабісты архіў
Мікіта Забуга на раскопках у пошуках парэшткаў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Вільня, Літва, 2018 год. Фота: асабісты архіў

«Знайшлі парэшткі Каліноўскага ў 2018-м — і тут пачалося!»

— Вы ўдзельнічалі ў раскопках парэшткаў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Кажуць, што менавіта вы знайшлі яго магілу. Гэта праўда?

— Мне проста пашанцавала. Мой сябра, намеснік дырэктара Нацыянальнага музея Літвы, ведаў маё стаўленне да нашай агульнай гісторыі і запрасіў мяне прыняць удзел у раскопках на гары Гедыміна ў Вільні разам з групай археолагаў. Мы два гады шукалі паўстанцаў. У выніку знайшлі парэшткі 21 чалавека. Потым трэба было праводзіць ДНК-аналіз і ўстанавіць асобы.

Дапамагло тое, што экзекуцыі былі добра задакументаваныя расійскімі ўладамі — яны фіксавалі, каго павесілі, каго расстралялі. Звычайна паўстанцаў хавалі групамі. З часам нам удалося ўстанавіць усіх. Кастуся Каліноўскага апазналі паводле ДНК, пераломах шыйных пазванкоў і з дапамогай фотаэкспертызы чэрапа. Таму сумненняў быць не можа.

— Такая знаходка — вялікая ўдача для археолага. Што адчулі, калі зразумелі, каго знайшлі?

— Ёсць такі анекдот: Як справы ў Беларусі? Ну, знайшлі парэшткі Каліноўскага ў 2018-м — і тут пачалося!

Вядома, я быў задаволены. З дзяцінства Вільня была маім другім горадам — я вырас на беларуска-літоўскай мяжы. Калі быў маладым, выбітны дзеяч беларускай дыяспары Сяржук Вітушка з натхненнем распавядаў мне пра Каліноўскага, казаў, што ён пахаваны на гары Гедыміна. Я вырашыў, што абавязкова трэба знайсці, дзе менавіта. І праз дзесяцігоддзі змог асабіста ўдзельнічаць у раскопках, трымаць у руках яго парэшткі, знайсці ягоных нашчадкаў у Беларусі. Вядома, гэта крута і вельмі натхняла.

— Як вы адшукалі нашчадкаў?

— У нас у Геральдычнай радзе ёсць гісторык і спецыяліст па Каліноўскім, які працуе з архівамі. Ён аднавіў усю радаслоўную. У Сямёна Каліноўскага, бацькі Кастуся, было 19 дзяцей. Мы знайшлі іх нашчадкаў, яны жывуць на поўдні Беларусі. Гэтыя людзі нават не ведалі, што з’яўляюцца прапрапраўнукамі Каліноўскага. З іх дазволу мы ўзялі мазкі для ДНК-аналізу і такім чынам правялі ідэнтыфікацыю.

— Якімі людзьмі яны аказаліся?

— Абсалютна звычайнымі, простымі беларусамі.

— Чым займаюцца, кім працуюць?

— Шчыра кажучы, я не пытаўся. Гэта было для іх нечакана, таму не хацелі іх моцна турбаваць. Проста расказалі ім іх гісторыю, хто яны такія. Яны былі здзіўленыя, але пагадзіліся даць ДНК для параўнання.

Мікіта Забуга з асабістым экземплярам пашпарта Новай Беларусі. Вільнюс, Літва, 2025 год. Фота: асабісты архіў
Мікіта Забуга з асабістым экземплярам пашпарта Новай Беларусі. Вільня, Літва, 2025 год. Фота: асабісты архіў

«Хутка мы сустрэнемся ў Беларусі, паказаўшы на мяжы менавіта гэты пашпарт»

— Як вы трапілі ў Геральдычную раду і чым там займаліся?

— Адразу адзначу: я не геральдыст. Проста ўмею арганізоўваць людзей. Кажуць, у мяне гэта добра атрымліваецца.

З пачаткам вайны з’явілася патрэба ў вайсковай сімволіцы для беларускіх фарміраванняў. Сэнс геральдыкі — у вызначэнні «свой — чужы». Вайна абвастрыла неабходнасць стварыць нацыянальную Геральдычную раду, а не савецкую, дзе манкурты навязваюць нам чужую гісторыю.

Я пачаў шукаць геральдыстаў — знайшоў адных з найлепшых, такіх спецыялістаў у Беларусі амаль не засталося. Былі і вайскоўцы, і цывільныя геральдысты, спецыялісты па нумізматыцы. Мы ўзмацнілі каманду гісторыкамі і стварылі моцную Геральдычную раду, распрацавалі ўсю сістэму ўзнагарод. Некаторыя аднавілі, іншыя стварылі нанова. Я проста рады быў дапамагчы аб’яднаць гэтых светлых людзей.

— Наколькі нам вядома, вы — аўтар ідэі пашпарта Новай Беларусі. Гэта так?

— Так, ідэя першапачаткова была мая. Мы прыйшлі з ёй у Офіс Святланы Ціханоўскай. Гістарычна ўрады ў выгнанні заўсёды мелі свае дакументы. У Літвы быў такі пашпарт, яго выдавалі яшчэ 30 гадоў таму. І дзіўна, што цяпер літоўцы чыняць нам перашкоды — з маральнага пункту гледжання гэта няправільна.

Такія дакументы былі ў Латвіі, Эстоніі, Польшчы. Нацыянальны пашпарт — аб’яднаўчы дакумент, які дапаможа беларусам не стаць апатрыдамі. Рэжым хоча нас размыць, зрабіць апатрыдамі найлепшых беларусаў, што выехалі ў іншыя краіны.

— Падаецца, што праект пашпарта цяпер прыпынены, і ён пакуль не можа быць паўнавартасным дакументам.

— У вас памылковая інфармацыя. Калі зараз зойдзеце на сайт Беларускага пашпартнага цэнтра, зможаце падаць заяўку і атрымаць пашпарт. Біяметрычныя даныя збіраюцца ў Літве, але плануецца адкрыццё пунктаў ва Украіне і Польшчы. Адзінае — друк перанеслі ў іншую краіну, каб зняць напружанне ў літоўскіх партнёраў.

— Вы верыце, што пашпарт Новае Беларусі стане сапраўдным дакументам, а не застанецца сувенірам?

— Абсалютна. Таксама веру, што хутка мы сустрэнемся ў Беларусі, куды прыедзем, паказаўшы на мяжы менавіта гэты пашпарт. Нас спрабуюць уцягнуць у дэпрэсію — маўляў, нічога не атрымаецца. Але атрымаецца. У свеце 194 краіны. Некаторыя дакладна нас прызнаюць, і пашпарт стане паўнавартасным.

Паводле некаторых даных, з моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады з краіны выехалі больш за два мільёны чалавек. З кожным днём гэтае пытанне будзе станавіцца ўсё больш вострым.

— Якая краіна першай прызнае пашпарт і калі?

— Я ведаю, але не скажу — каб не сурочыць. Ідуць перамовы. Трымаем пальцы за наш агульнанацыянальны праект.

— Гэта будзе краіна ЕС? І ці адбудзецца прызнанне сёлета?

— Акрамя еўрапейскіх краін, ёсць яшчэ шмат іншых, у тым ліку астраўныя дзяржавы. Не магу сказаць — не маю паўнамоцтваў. Давайце пашыраць колькасць уладальнікаў пашпарта — і ў нас усё атрымаецца.

Мікіта Забуга (другі справа) на цырымоніі асвячэння сцяга палка Каліноўскага. Фота: асабісты архіў
Мікіта Забуга (другі справа) на цырымоніі асвячэння сцяга палка Каліноўскага. Фота: асабісты архіў

«У нас ёсць каласальны патэнцыял, але былыя байцы палка працуюць у «Жабках» і «Бедронках»»

— На пасяджэнні Каардынацыйнай рады вы прапанавалі стварыць міратворчыя падраздзяленні з беларусаў па ўсёй Еўропе. Навошта і што гэта дасць?

— Мы цяпер у турбулентнай сітуацыі — няма гарантый ні ад ЗША, ні ад Еўропы. Зараз ЕС мае патрэбу ў чалавечых рэсурсах. А ў нас ёсць матываваныя беларусы, якія жадаюць вярнуцца на радзіму.

Нас ужо сотні тысяч. За 30 гадоў шмат хто з беларусаў прайшоў вайсковую службу. Так, можна сказаць, што яны не ваявалі. Але мой досвед у палку Каліноўскага паказвае: розніца паміж тымі, хто ваяваў і хто не, знікае пасля пары баёў. Галоўнае — падрыхтоўка. Гэтыя людзі будуць патрэбныя ЕС. Еўрапейцы пачынаюць выходзіць з «цёплых ваннаў».

Пры адпаведным матэрыяльным забеспячэнні беларускіх вайскоўцаў згодна з іх пасадамі, спецыяльнасцямі і рангамі, а таксама легалізацыі ў Еўрасаюзе, многія з іх пагадзіліся б абараняць свой новы дом у Еўропе. І таксама рыхтавацца да вызвалення радзімы. Бо прыйшоў час вяртаць Беларусь.

Я размаўляў з першакласнымі беларускімі вайскоўцамі, якія ў баі даказалі сваю эфектыўнасць і веданне сучаснай вайны. Яны гатовыя дапамагаць і дзяліцца сваімі ведамі з еўрапейскімі арміямі.

— Нават прызнанне пашпарта праходзіць з цяжкасцю. Чаму вы думаеце, што ЕС пагодзіцца фактычна на іншаземную армію на сваёй тэрыторыі?

— Гэта адбудзецца арганічна. Ужо праз тры дні пасля нападу Расіі на Украіну прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб стварэнні Інтэрнацыянальнага легіёна. Гэта проста пытанне часу.

Зараз у ЕС не стае палітычнай волі, але ўмовы зменяцца. Мы павінны быць гатовыя да гэтага. Праз Каардынацыйную раду, Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс Ціханоўскай ужо цяпер трэба распрацоўваць методыку.

Ніхто не можа нам забараніць фарміраваць агульнанацыянальны супраціў. Такія моманты ўзнікаюць раз у сто гадоў. Зараз — наш шанец. У нас ёсць каласальны патэнцыял, але былыя байцы палка працуюць у «Жабках» і «Бедронках» (сеткі крамаў у Польшчы. — Заўв. рэд.). Гэта пілоты дронаў, сапёры, мінамётчыкі, снайперы. Еўропа магла б выкарыстаць гэты патэнцыял. Трэба гаварыць і прыбіраць раздражняльнікі. У нас няма імперскіх амбіцый — мы нацыя стваральнікаў. Наша місія — дапамагчы Еўропе. А заўтра Еўропа дапаможа нам.

— Як вы бачыце заканчэнне вайны ва Украіне і будучыню Беларусі?

— Беларусь я бачу толькі ў саюзе з еўрапейскімі краінамі. Магчыма, не НАТА, але саюз Міжмор'я — Польшча, краіны Балтыі, Украіна і Беларусь. Але дакладна магу сказаць: наша месца — у Еўропе. Прагнозаў наконт заканчэння вайны даваць не хачу. Праціўнік у нас сур’ёзны.

Каментары4

  • Юзік
    25.04.2025
    Мая павага , ганаруся такімі Беларусамі.
  • Дзякуй, Мікіта!
    25.04.2025
    Якая цікавая гісторыя, дзякуй за Ваш уклад у нашу краіну
  • 1
    25.04.2025
    Вось, калі ласка, магчымы добры кіраўнік дэмакратычнай Беларусі. Дзякуй вялікі за вялікія справы, спадар Мікіта! Ганарымся! Жыве Беларусь!

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі20

Лукашэнка: У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі

Усе навіны →
Усе навіны

2 і 6 мая ў Мінску правядуць генеральныя рэпетыцыі параду. У цэнтры горада будуць перакрывацца вуліцы1

23-гадовая беларуска выжыла ў жудасным ДТЗ, але цяпер не можа хадзіць. Яе гісторыя даказвае, што каханне існуе5

Учора ў Беларусі было да +25°С, а сёння стане рэзка халадаць

Украіна рыхтуецца да спынення падтрымкі з боку ЗША — Bild3

У сядзібе Агінскіх аднаўляюць дзве барочныя капліцы

Апублікаваны праект магілы Папы Францішка

Вялікабрытанія можа адмовіцца ад адпраўкі міратворцаў ва Украіну з-за рызыкі вайны з Расіяй12

За Расію ва Украіне ваююць тысячы наймітаў з як мінімум паўсотні краін свету. Хто яны?1

«Мякка кажучы, мяне трэсла». Беларуска атрымала рахункі на 40 тысяч еўра за чатыры дні ў швейцарскай бальніцы9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі20

Лукашэнка: У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць