Канада сёння абірае новы парламент і прэм’ер-міністра на фоне канфлікту з Трампам
Сёння, 28 красавіка, канадцы ідуць на федэральныя выбары, якія могуць вызначыць не толькі будучыню ўнутранай палітыкі, але і адносіны з ЗША. Галоўныя сапернікі — цяперашні прэм’ер-міністр і лідар Ліберальнай партыі Марк Карні і кансерватыўны апанент П’ер Пуальеўр.

Карні, былы кіраўнік Банка Канады і Банка Англіі, заняў пасаду прэм’ера ў сакавіку пасля адстаўкі Джасціна Трудо. Ён абвясціў пра датэрміновыя выбары на фоне росту напружанасці з Вашынгтонам: прэзідэнт ЗША Дональд Трамп увёў 25% тарыфы на канадскія тавары і выказаў ідэю аб «анексіі» Канады як 51-га штата.
Гэтыя заявы выклікалі ўсплёск нацыяналізму і падтрымкі Карні, які заклікае да «моцнага ўрада» для абароны суверэнітэту краіны.
Пуальеўр, вядомы сваёй папулісцкай рыторыкай, спачатку лічыўся фаварытам, але яго блізкасць да Трампа і запозненая рэакцыя на пагрозы з боку ЗША адштурхнулі частку выбаршчыкаў. Апошнія апытанні паказваюць, што лібералы могуць атрымаць большасць месцаў у парламенце, у той час як кансерватары адстаюць прыкладна на 4—5%.
Гэтая выбарчая кампанія ператварылася ў рэферэндум аб тым, хто здольны лепш абараніць незалежнасць Канады ў часы знешняга ціску. Канчатковыя вынікі чакаюцца ўжо ў ноч з панядзелка на аўторак.
Каментары