Паліграфолаг Віталь Савюк стварае новую партыю. Кожны з кіраўнікоў пройдзе дэтэктар хлусні
Ён разам з паплечнікамі збіраецца зарэгістраваць у Польшчы юрыдычную асобу, якая стане беларускай партыяй «Краіна для жыцця».

Грамадскі рух «Краіна для жыцця» хоча перафарматавацца ў палітычную партыю. Актывісты ўжо правялі ў Варшаве ўстаноўчы сход.
Кіраўнік аргкамітэта па стварэнні партыі, паліграфолаг Віталь Савюк, расказаў «Нашай Ніве» пра сваю ініцыятыву.
Савюк прызнаецца, што ні яго «Краіна для жыцця», ні іншыя беларускія эміграцыйныя палітычныя аб'яднанні не могуць мець рэгістрацыю як палітычныя партыі. Таму гэта будзе проста юрыдычная асоба, якая пачне прэзентаваць сябе як партыя.
«Мы плануем рэгістраваць юрасобу ў Польшчы, таму што тут найбольшая колькасць актывістаў, якія жывуць за межамі Беларусі», — тлумачыць ён.
Колькі ж удзельнікаў у «Краіне для жыцця»? Канкрэтнага адказу няма.
Па словах Савюка, на арганізацыйным з’ездзе партыі ў Варшаве прысутнічала каля 50 чалавек. Пры гэтым агульнага фота няма, а на апублікаваным здымку відаць сяброў іншых палітычных рухаў.

«Магу сказаць з упэўненасцю, што ў нас прыхільнікаў не менш, чым у любой іншай апазіцыйнай партыі. Нават тая колькасць людзей, што сабралася на з’ездзе, кажа пра тое, што цікаўнасць да нашай дзейнасці ёсць. Акрамя таго, у нас немалая колькасць кантактаў з людзьмі ў Беларусі. Так, яны не змогуць афіцыйна далучыцца да партыі, але кантактамі з імі мы вельмі даражым, таму што без людзей знутры Беларусі мы ніякіх перамен не дасягнем»», — разважае Савюк.
«Краіна для жыцця» ўдзельнічала вясной 2024 года ў выбарах у Каардынацыйную раду і заняла апошняе месца з 61 голасам у сваю падтрымку — 0,91% ад агульнай колькасці.
У выбарчы спіс «Краіны для жыцця» ўваходзілі 17 чалавек: Віталь Савюк (лідар), Ева Сапрыгіна, Уладзімір Лаўранюк, Аляксандр Кавалёў, Ганна Івашкевіч, Аляксандр Салавей, Наталля Глазкова, Святлана Скакун, Валерый Панкратовіч, Сяргей Сасункевіч, Сяргей Жыбуртовіч, Васіль Скакун, Таццяна Жыбуртовіч, Анастасія Лейчанка, Арсеній Салавей, Ірына Дудко, Кацярына Марэцкая.
Летам 2024 года актывісты руху аб'ядналіся з удзельнікамі «Народнай грамады» і адной з Беларускіх хрысціянскіх дэмакратый — і выступілі супраць статусу Святланы Ціханоўскай як лідаркі дэмакратычнай супольнасці.
Дык навошта Савюку партыя?
«Калі я ўдзельнічаў у розных мерапрыемствах у Еўрапарламенце, то пабачыў, што прадстаўнікі палітычных партый маюць больш магчымасцяў для каардынацыі дзеянняў. У Еўропе існуе шэраг саюзаў палітычных партый, дзе можна паспрабаваць вырашаць пытанні беларусаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, і паспрабаваць уплываць з палітычнага пункту гледжання на тое, што адбываецца і ў Беларусі. Карацей, у Еўропе дэпутаты могуць куды больш, чым проста актывісты», — тлумачыць ён матывацыю, навошта называцца менавіта партыяй.
З канкрэтных пунктаў будучай праграмы, акрамя супрацоўніцтва з саюзнымі партыямі ў іншых краінах і прапаноў для беларускіх дэмакратычных сілаў, Савюк называе стаўку на працу з добраахвотнікамі.
«Калі нават з палітвязнямі ёсць нейкія праграмы дапамогі, рэабілітацыі (хаця таксама шмат недапрацовак), то з добраахвотнікамі, сем’ямі загінулых ва Украіне пытанняў вельмі шмат. Шмат нашых рабят вярнуліся, з іх ужо ў партыі нехта, і мы не бачым, каб пра іх нехта, па вялікім рахунку, думаў, а вайна ідзе больш за тры гады ўжо», — каментуе ён.
Віталь Савюк — бадай, самы вядомы паліграфолаг Беларусі. У прыватнасці, ён быў адным з вядучых адпаведнай праграмы «Шчыра кажучы» на «Белсаце». Відаць, гэта накладвае адбітак на спецыфіку будучай партыі.
Прынята рашэнне, што кожны сябар партыі на кіруючай пасадзе у абавязковым парадку пройдзе паліграф.
«Некалькі чалавек з аргкамітэта яго ўжо праходзілі. Калі да іншага члена партыі будуць падазрэнні, мы таксама прапануем прайсці паліграф. У грамадскім руху «Краіна для жыцця» ўжо была такая практыка: некаторыя пагаджаліся на працэдуру, іншыя адмаўляліся, і тады мы адхілялі іх ад пэўнай інфармацыі, таму што прымусіць прайсці паліграф чалавека мы не можам», — расказвае Савюк.
На яго думку, Сяргей Ціханоўскі быў бы рады, даведаўшыся пра ідэю стварэння партыі. «Яго галоўная ідэя была ў аб’яднанні людзей. Фонд патрэбны, каб дапамагаць людзям, медыягрупа — каб нешта вяшчаць, а вось грамадскі рух ці партыя — гэта ўжо для прамой барацьбы».
Каментары
Але калі даверу адзін да аднаго няма, гэтага ніякі паліграф ня выправіць.