У Пячэрскім лесапарку Магілёва падлетак атрымаў цяжкія апёкі пасля таго, як яго ўдарыла токам на тэрыторыі былой лыжнай базы. Як паведаміў тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў», аб’ект доўгі час стаяў без нагляду, не быў агароджаны і не меў ніякіх папераджальных знакаў.

Трое школьнікаў зайшлі на закінутую базу і пачалі аглядаць памяшканні. Іх увагу прыцягнулі правады. Адзін з хлопцаў дакрануўся да аголенага дроту і страціў прытомнасць — ток аказаўся пад напружаннем.
Двое сяброў пабеглі па дапамогу і дабраліся да найбліжэйшай станцыі Таварыства выратавання на водах. Дарослыя выклікалі хуткую дапамогу, але калі медыкі прыбылі, хлопец ужо ачомаўся. Яго даставілі ў бальніцу з апёкамі рук трэцяй ступені. Цяпер ягонаму жыццю нічога не пагражае.
Пасля інцыдэнту тэрыторыю былой базы агарадзілі і размясцілі на плоце папераджальныя надпісы.
Каментары