У адказ на запушчаныя з беларускага боку метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі Літва закрыла на нявызначаны час памежныя пункты з Беларуссю. У панядзелак прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене склікала пасяджэнне Нацыянальнай камісіі па бяспецы. Пасля яе яна абвясціла, што будзе рабіць урад праз цяперашнюю сітуацыю на мяжы.

У панядзелак Інга Ругінене склікала пасяджэнне Нацыянальнай камісіі па бяспецы.
«Мы не толькі абмеркавалі тое, што адбылося на выходных, што спрацавала, якія сродкі не спрацавалі, але і падрыхтавалі дакладны алгарытм нашых будучых дзеянняў», — расказала яна ў сваёй заяве, піша LRT.
Паводле слоў Ругінене, кожнае міністэрства атрымала заданні і ўжо пачало або пачне дзейнічаць. Перш за ўсё, выдзеліла прэм'ер-міністр, паліцыя і памежнікі кансалідуюць свае сілы для барацьбы з кантрабандай.
«Падрыхтаваны ўвесь план дзеянняў, як змагацца супраць кантрабанды, і ўжо, як вядома, на мінулым тыдні былі затрыманыя асобы — далей гэтыя дзеянні будуць толькі інтэнсіфікавацца», — праінфармавала прэм'ер-міністр.
Паводле яе слоў, у кіраванне сітуацыяй далучаецца Міністэрства замежных спраў. Найперш, яно разам з Міністэрствам па справах ЕС узгодніць пакет дадатковых санкцый супраць Беларусі.
«Гэта будзе зроблена хутка. Таксама актыўна дасягаюцца дамоўленасці і вядуцца камунікацыі з нашымі саюзнікамі і з нашымі суседкамі — Польшчай і Латвіяй. Любое нашае дзеянне ўзгоднена з імі, мы не асобная дзяржава, мы — частка НАТА і ЕС. Усё, што мы робім, узгадняем з імі», — сказала Ругінене.
Прэм'ер-міністр таксама паведаміла, што Літва кансультуецца з саюзнікамі, не адкідаецца магчымасць гаварыць пра актывацыю 4‑га артыкула НАТА.
«Гэтыя дзеянні знаходзяцца ў нашым парадку дня», — сказала Ругінене.
4‑ы артыкул НАТА азначае кансультацыі Альянсу, падчас якіх разглядаецца, ці ўзнікае пагроза для дзяржавы, якая актывавала артыкул, і як на гэта рэагаваць.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, ужо цяпер урад падрыхтаваў рашэнне на неабмежаваны час закрыць мяжу з Беларуссю.
Праўда, будуць дзейнічаць пэўныя выключэнні.
«Гэта значыць, дыпламаты, дыпламатычная пошта змогуць перамяшчацца, таксама нашыя і грамадзяне ЕС змогуць з Беларусі трапіць да нас, але ўвесь астатні рух будзе закрыты. Так мы пасылаем сігнал Беларусі і кажам, што да ніякіх гібрыдных атак тут не будуць талерантнымі, мы распачнём самыя жорсткія меры для спынення такіх атак», — заявіла Ругінене.
Паводле яе слоў, з панядзелка армія пачне прымаць «усе меры», неабходныя для спынення шароў, якія ўлятаюць, і ўжываць кінетычныя сродкі для збівання шароў.
«Так мы пасылаем сігнал, што мы гатовыя прыняць нават самыя жорсткія меры, калі парушаецца наша паветраная прастора», — сказала Ругінене.
Праўда, яна не канкрэтызавала, якімі сродкамі будуць збівацца шары, што ўляцелі ў Літву.
«Гэта адчувальная інфармацыя, але армія ўжо падрыхтавала план дзеянняў і будзе працаваць дакладна паводле алгарытму. (…) Алгарытм распрацаваны ў арміі, шары будуць збівацца», — дадала Ругінене.
За кантрабанду будуць караць пазбаўленнем волі
Прэм'ер-міністр заявіла, што ў сераду на пасяджэнні ўрада будзе прадстаўлены новы праект паправак да Крымінальнага кодэкса, якім збіраюцца ўзаконіць «самы высокі і жорсткі» прысуд за кантрабанду — пазбаўленне волі.
«Раней мы гаварылі пра грашовыя штрафы і іх павелічэнне, а сёння ўжо абмеркавалі, што гэта магло б быць і пазбаўленне волі», — сказала прэм'ер-міністр.
Прэм'ер-міністр сказала, што Літва разглядае шары, якія ўлятаюць у Літву, як гібрыдную атаку, а беларускі рэжым у гэтым працэсе ўдзельнічае сваёй бяздзейнасцю.
«Як вы ведаеце, бяздзейнасць — гэта таксама дзеянне. Калі Беларусь нічога з гэтым не робіць і не змагаецца, мы таксама адпаведна ацэньваем гэтыя дзеянні. (…) Мы бачым удзел [беларускага рэжыму] праз бяздзеянне. Вось так. Мы, безумоўна, расцэньваем гэта як гібрыдную атаку», — сказала Ругінене.
Метэаралагічныя шары траплялі ў Літву і раней, напрыклад, летась у верасні такі шар з кантрабандай прызямліўся на тэрыторыі Віленскага аэрапорта. Па ацэнцы прэм'ер-міністра, сёння сітуацыя іншая з-за наяўнасці абсталявання, якое дазваляе раней і лепш заўважаць аб'екты, што ўлятаюць у Літву, таму аэрапорт закрываюць, калі шары яго яшчэ не дасягнулі.
«Летась мы былі сляпымі куранятамі і шмат чаго не бачылі. Дзякуй Богу, не адбылося катастрофы. Мы пэўных аб'ектаў, якія рухаюцца, не бачылі, з-за гэтага не было рашэнняў закрываць паветраную прастору. (…) Сёння мы маем нашмат лепшае абсталяванне, можам бачыць нашмат больш, з-за гэтага ацэньваем рызыкі, лічым, што павінны прымаць меры, каб абараніць сваіх грамадзян», — заявіла прэм'ер-міністр.
Ругінене таксама падкрэсліла, што сёння Літва можа назіраць кірунак руху метэаралагічных шароў.
«Яшчэ больш дакладна зможам іх каардынаваць, назіраць, арганізоўваць працу аэрапорта», — сказала Ругінене.
Яна адзначыла, што апошнім часам для метэаралагічных шароў спрыяльныя ўмовы надвор'я.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, сёння мы жывём у «абсалютна новай» рэальнасці: «На жаль, так ёсць, не магу парадаваць. Жывём у новай рэальнасці, і была адна атака, калі мігранты ішлі да нас праз мяжу. (…) Спынілі — цяпер з'явіўся новы сродак. Спынім новы сродак — ніхто не абаронены, што не з'явіцца яшчэ адзін».
Каментары
Ізноў гэтае спадзяванне літоўцаў на Лукашэнку.
Чыя гібрыдная атака? Лукашэнкіна? Дык прычым тут "бяздзейнасць"? Наадварот тады "дзейнасць".
Ці атака Пуцінская? А Лукашэнка зачыняе на яе вочы. Тады так, правільна: "ўдзельнічае сваёй бяздзейнасцю".
Але чаму тады літоўцы не кажуць адкрыта , што гэта РАСЕЙСКАЯ гібрыдная правакацыя?
Бо менавіта Расея распрацоўвае план захопу Літвы і далучэння яе да Расеі.
Дык усё ж такі абсталяванне, якое дазваляе раней і лепш заўважаць аб'екты ёсць. Чаму тады не збіваюць аб'екты, якія заўважылі з дапамогай гэтага абсталявання?
Проста назіраць і зачыняць аэрапорты?
Гэта тое, што трэба Маскве. Дэстабілізацыя . Чаму б проста не збіваць гэтыя шары і не зачыняць аэрапорты?