Ізраіль вывозіць з ускрайку Індыі супольнасць, якую лічаць адным са «страчаных кален» Ізраілевых. Заадно рашаецца пытанне працоўных рук
На памежжы Індыі і М’янмы разгортваецца надзвычайная гісторыя сучаснага «выхаду»: прадстаўнікі супольнасці Бней-Менашэ, якія лічаць сябе адным з дзесяці страчаных кален Ізраілевых, пакідаюць свае бамбукавыя хаціны дзеля жыцця на гістарычнай радзіме.

У адным з аддаленых паселішчаў на паўночным усходзе Індыі каля мяжы з М’янмай, дзе пануе субтрапічны клімат і стаяць бамбукавыя хаты, людзі вывучаюць Тору, моляцца і спрабуюць захоўваць яўрэйскія традыцыі. Яны менш заклапочаныя пытаннем гістарычнай дакладнасці свайго паходжання, чым захаваннем веры.
Прадстаўнікі супольнасці Бней-Менашэ вераць, што з’яўляюцца нашчадкамі Манасіі — цара Іўдзеі, выгнанага каля 2800 гадоў таму, і што іх продкі прайшлі праз Азію, пакуль не апынуліся ў джунглях, за больш чым 5700 кіламетраў ад Ізраіля.
З падрабязнасцямі гэтай гісторыі і маштабнай рэпатрыяцыі знаёміць The New York Times.
Антраполагі ставяцца да легенды пра паходжанне менашэ скептычна. Менашэ належаць да народа кукі, іх мовы ўваходзяць у тыбета-бірманскую групу, а карані вядуць у раёны сучаснага Кітая. Большасць кукі прынялі хрысціянства ў пачатку XX стагоддзя пад уплывам амерыканскіх місіянераў.
Тым не менш, як адзначаюць аўтары, у 1970‑х гадах ізраільскія антраполагі звярнулі ўвагу на падабенства некаторых мясцовых традыцый да яўрэйскіх: песні, легенды пра выхад з Егіпта і нават выкрыкі падчас стыхійных бедстваў, падобныя да слова «Манасія». З таго часу гэтая супольнасць пачала ўспрымацца як адно з «згубленых каленаў».
Кіраўнік Рады Бней Менашэ Індыі У. Л. Хангшынг (W.L. Hangshing) прызнае, што навуковых доказаў мала. Але, як ён сцвярджае, гэта і не дзіўна: «Мы называемся згубленым каленам — і згублены значыць згублены». Спробы знайсці генетычнае пацверджанне, на яго думку, бессэнсоўныя: «Гэта можа зрабіць толькі Бог».
Хоць доказы іх паходжання выглядаюць спрэчнымі, Ізраіль гатовы прыняць іх «дома», але з адной умовай: па прыбыцці ў краіну яны павінны прайсці гіюр — афіцыйны абрад прыняцця іўдаізму, каб зняць усе пытанні наконт іх статусу.
Як піша NYT, усяго сёння налічваецца каля 10 000 прадстаўнікоў Бней-Менашэ — яны жывуць у індыйскіх штатах Маніпур і Мізарам, а таксама ў Ізраілі, куды амаль палова супольнасці перабралася пачынаючы з 1990‑х гадоў. Частка першых перасяленцаў апынулася, у прыватнасці, у Хеўроне на Заходнім беразе і ў ізраільскіх паселішчах у Газе (да 2005 года).
У лістападзе мінулага года ўрад Ізраіля пагадзіўся дапамагчы астатнім 5800 прадстаўнікам супольнасці пераехаць у краіну. Гэта здарыцца да 2030 года, а 1200 пераедуць ужо сёлета, узяўшы на сябе частку выдаткаў. У межах аперацыі «Крылы світання» пры канцы красавіка ізраільскія ўлады арганізуюць пералёт для прыкладна 250 чалавек праз Дэлі ў Тэль-Авіў.
Матывацыя Ізраіля ў гэтым пытанні мае не толькі рэлігійны, але і прагматычны складнік. Прэм’ер-міністр Беньямін Нетаньяху называе падтрымку гэтай эміграцыі «важным сіянісцкім рашэннем», якое дапаможа ўмацаваць поўнач краіны і Галілею — рэгіёны, якія пакутуюць ад абстрэлаў «Хезбалы».
Акрамя таго, Ізраіль востра мае патрэбу ў працоўных руках. Вайна, якая пачалася пасля нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года, прывяла да мабілізацыі значнай часткі насельніцтва, адтоку мігрантаў з Непала і Тайланда, а таксама забароны на працу для палесцінцаў.
Большасць менашэ ў Індыі займаюцца сельскай гаспадаркай або працуюць на падзённых працах, у той час як у Ізраілі яны часта становяцца кіроўцамі, будаўнікамі або рабочымі на фабрыках. Пераход ад аграрнага жыцця да высокатэхналагічнага грамадства, як адзначае адна з прадстаўніц супольнасці Джэсіка Тангжом (Jessica Thangjom), зусім не просты.

Самі перасяленцы кіруюцца як духоўнымі, так і сацыяльнымі прычынамі. У Маніпуры менашэ жывуць у вельмі сціплых умовах: сярэдні даход на душу насельніцтва там складае ўсяго каля 1200 даляраў за год, у той час як у Ізраілі гэты паказчык перавышае 55 000 даляраў. Аднак галоўным стымулам яны называюць рэлігію. У індыйскіх джунглях ім цяжка выконваць усе запаветы іўдаізму, знаходзіць дастаткова людзей для малітваў (міньян) ці купляць кашэрныя прадукты.
Як адзначае NYT, унутраная сітуацыя ў Маніпуры таксама падштурхоўвае людзей да ад’езду. З 2023 года штат ахоплены жорсткім этнічным канфліктам паміж народам кукі (да якога належаць менашэ) і этнічнай большасцю мейтэй. Гэтая вайна ўжо прывяла да шматлікіх ахвяр, разбурэння дамоў і з’яўлення закрытых зон, якія немагчыма перасекчы.
Нягледзячы на тое, што Ізраіль сам знаходзіцца ў стане пастаяннай напружанасці і вайны, многія прадстаўнікі супольнасці гатовыя ехаць туды любой цаной.
«Мы верым у Тору. Мы цалкам давяраем ізраільскаму ўраду. Яны паабяцалі, што ўсе Бней-Менашэ пераедуць у Ізраіль да 2030 года. У нас ва ўсіх ужо гатовыя пашпарты», — цытуе выданне аднаго з прадстаўнікоў супольнасці.
Каментары