Клункі, афэлак, расхрыстаны. Беларусы дзеляцца трапнымі беларускімі словамі, якія яны выкарыстоўваюць у рускай мове
Беларуская мова часта «прарываецца» нават там, дзе чалавек размаўляе па-руску — у бытавых дыялогах, сямейных жартах і нават у перапісцы. У Threads беларусы пачалі дзяліцца словамі, якія яны натуральна ўстаўляюць у рускую гаворку — і часта нават не заўважаюць гэтага. Аказалася, што «шуфлядка» — толькі вяршыня айсберга.

«Словы, якія я выкарыстоўваю ў рускай, але, хіба што таму, што я беларуска: клумкі (у значэнні «сумки»), расхрыстаная (у значэнні «одета нараспашку»), напой (у значэнні «напиток»), раскарэка (у значэнні «неуклюжая»)», —
такі пост пакінула ў Threads адна з карыстальніц і прапанавала іншым падзяліцца сваімі «такімі» слоўцамі.
Пад допісам адразу пачалася дыскусія: частка чытачоў заўважыла, што яны гавораць гэтыя словы крыху інакш — з іншымі націскамі і варыянтамі вымаўлення.
«КлуНкі», «раскарЯка», «правільна — «клуНкі» ці «клумакі», «у нас былі «клуНкі» і «расхЛістаная», «у нас «клуНкі», «расхрЭстаная», «раскІрэка», — удакладняюць каментатары.
Яшчэ адна ўдзельніца дыскусіі тлумачыць, што «клунак» — гэта не проста сумка, а больш канкрэтная рэч:
«Клунак — это такая штука, калі рэчы ўвязваюцца хусткай за чатыры вуглы ў цэнтр».
«Швэндацца», «лапсердак» і «штучны интеллект»
Пасля «клунка» і «раскарэкі» людзі пачалі падкідваць свае словы і тлумачыць сэнс:
кашала́ — «бестолковая женщина»
зэдлік — маленькая табурэтка
швэндацца — «слоняться без дела»
пашэрудзіць — пашукаць у сумцы або кішэнях
лапсердак — пінжак або яго аналаг
сам-насам — «наедине»
Адзін з чытачоў прызнаўся, што выкарыстоўвае такі моўны мікс як «штучный (замест «искусственный») интеллект».
«Дахалеры», «афэлак» і «лётуценнік»
Некаторыя словы ў каментарах выглядаюць як сапраўдныя знаходкі — з густам да вобразнасці і народнай характарыстыкі:
уконтрапупіць — моцна стаміць
шэрубунькі — «всякие ошмётки, чаинки»
блындаць — хадзіць недзе, боўтацца
ёлупень — «глупый»
бадзяцца — хадзіць дзе-небудзь без мэты
карапэт — чалавек малога росту
гарэга — абыякавы чалавек
дахалеры — вельмі многа
лушпайкі — «в смысле очистки или мелкие мусоринки, скорлупки»
афэлак — «придурок»
летуценнік — фантазёр, чалавек, які «лунае ў аблоках»
цяльпук — «упитанный, румяный и неуклюжий в одном флаконе».
«Боўдзіла — увалень» — напісаў адзін з удзельнікаў дыскусіі і адразу атрымлівае каментар:
«Увалень пра боўдзілу — гэта вы вельмі дыпламатычна пераклалі».
Некаторыя прызнаюць, што іх словы спецыфічныя — і не кожны беларус іх чуў.
«Ведаю слова «марынарка». Хутчэй за ўсё, мала хто яго чуў», — заўважае чытач, але значэння не тлумачыць.
«Лахудра», — напісала адна жанчына. Іншая дадала: «Я так называла ляльку дачкі, і яна таксама потым так называла».
«Цурубалкі», «варэпа» і «кандзібоберам пайшоў»
Адна з чытачак падзялілася змястоўным спісам слоў, якія жывуць у яе сям’і.
«Шалупайкі (калі бульбу абіраеш), цурубалкі (тое, што засталося тырчаць ад раслін — напрыклад, пасля жніва, або ад бульбы, сланечніка, кропа), варэпа (нехта непрыгожы, нязграбны), туябень, сплюшка, буська, няўломак (здаровы дзяцюк), скуёўдзіцца (збіцца, скамечыцца), лайдак, прысмакі, нашатЫрыцца (напрыклад, кот выгнуў спіну і распушыўся, вожык наставіў калючкі), кандзібоберам пайшоў (кот бокам наскоквае або выпендрываецца нехта), збаёдаць (невядома куды падзець і не знайсці або папсаваць)».
А нехта дадае ўслед: «А яшчэ «нішто» в значэнні «клевый, хороший».
«У мяне ўсё стандартна…»
Шмат хто з удзельнікаў абмеркавання проста пералічвае больш зразумелыя беларускія словы без тлумачэнняў іх значэння на рускай:
«У меня все стандартно: шуфлядка, буська, бульба, буряк, хата, добра, парадная, хлопец, дзякуй, ссобойка, байка, закатки, жировка, болька, ластик, тралик, кахаю, грошы», — напісала чытачка.
А вось словы, якія згадваюць іншыя: цвік, ровар, ануча, абы-што, камізэлька, пацеркі, жменька, нягеглы, недарэка, кіпцюры, капялюш, збянтэжаны, непрывабны, мець рацыю, цёгацца, трымай, пачвара, парэчкі, аб’ява, шкандыбаць, шуфель, цэтлік.
«Я нават не заўважаю, што ўстаўляю беларускія словы»
Адна з чытачак прызналася, што доўгі час не заўважала, як беларуская мова жыве ў яе рускай гаворцы:
«Я зразумела, што я нават не заўважаю, што ўжываю ў рускай гаворцы беларускія словы, калі да нас прыехалі расіяне. Тут я зразумела, што, ёлкі-палкі, мне вельмі складана свабодна размаўляць з імі праз тое, што яны вялікую частку слоў не зразумеюць».
Іншыя — наадварот — свядома любяць гэты моўны мікс:
«Патэпала — «пошла куда-то», шклянка — «банка». Першае, што прыйшло. А так шмат, я люблю выкарыстоўваць [беларускую] мову ў гаворцы», — піша адна з чытачак.
А можа — час на беларускую?
«А можна больш допісаў пра беларускую мову?» — цікавіцца нехта ў аўтаркі трэда. Аднак жанчына адказвае, што не з’яўляецца спецыялістам.
«Пара пераходзіць на беларускую мову і перастаць хваліцца асобнымі славечкамі», — прапануе адзін з каментатараў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары