Раней Трамп абвяшчаў аб тым, што скончыў гэту вайну.

Тайланд і Камбоджа ў суботу падпісалі пагадненне аб спыненні агню, каб пакласці канец шматтыднёвым узброеным сутыкненням на мяжы з-за тэрытарыяльных прэтэнзій.
Пагадненне аб спыненні агню, якое ўвайшло ў дзеянне апоўдні паводле мясцовага часу, абавязвае абодва бакі не рабіць ніякіх далейшых ваенных дзеянняў і не парушаць паветраную прастору ў вайсковых мэтах, паведамляе Euronews.
Са звестак міністэрства абароны Камбоджы, Тайланд нанёс авіяўдары па тэрыторыі Камбоджы ў суботу раніцай.
Пагадненне аб замірэнні таксама патрабуе, каб Тайланд пасля 72 гадзін зацішша вярнуў 18 камбаджыйскіх жаўнераў, якіх ён трымае ў палоне з моманту пачатку баявых дзеянняў у ліпені. Гэта было асноўным патрабаваннем Камбоджы.
Пагадненне было падпісана міністрамі абароны дзвюх краін на кантрольна-прапускным пункце на мяжы. Гэтаму папярэднічалі перамовы на больш нізкім узроўні паміж вайсковымі чыноўнікамі, якія праводзілі сустрэчы на працягу трох дзён у межах ужо створанага Генеральнага памежнага камітэта.
Дакумент мае абавязацельствы па 16 мерах па дээскалацыі.
У дакуменце адзначаецца, што гэты крок будзе зроблены «ў духу Куала-Лумпурскай дэкларацыі», падпісанай старанамі ў канцы кастрычніка ў прысутнасці прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Першапачатковае ліпеньскае перамір’е было дасягнута пры пасрэдніцтве Малайзіі і пад ціскам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які прыстрашыў пазбавіць Тайланд і Камбоджу гандлёвых прывілеяў, калі яны не пагодзяцца.
Больш падрабязна яно было аформлена ў кастрычніку на рэгіянальнай сустрэчы ў Малайзіі, на якой прысутнічаў Трамп.
Нягледзячы на гэтыя дамоўленасці, дзве краіны працягвалі весці жорсткую прапагандысцкую вайну, а невялікія транспамежныя сутыкненні перарасталі ў пачатку снежня ў шырокамаштабныя цяжкія баі.
З абодвух бакоў зафіксаваны дзясяткі ахвяр.
Са звестак мясцовых улад, з 7 снежня Тайланд страціў 26 салдат і аднаго цывільнага ў выніку баявых дзеянняў, а таксама загінулі 44 мірныя жыхары.
Камбоджа не апублікавала афіцыйных звестак аб стратах сярод вайскоўцаў, але сцвярджае, што ахвярамі эскалацыі сталі 30 мірных жыхароў і 90 атрымалі раненні. Сотні тысяч чалавек былі эвакуаваны з небяспечных раёнаў па абодва бакі мяжы.
Кожны бок абвінавачвае іншы ў пачатку баявых дзеянняў, і кожны сцвярджае, што дзейнічаў у мэтах самаабароны.
Пагадненне таксама заклікае абодва бакі прытрымлівацца міжнародных пагадненняў, якія забараняюць устаноўку мін, што з’яўляецца адной з галоўных праблем Тайланда. У гэтым годзе тайскія салдаты на мяжы былі параненыя прынамсі ў дзевяці інцыдэнтах, выкліканых, з іх слоў, нядаўна ўсталяванымі камбаджыйскімі мінамі. Пнампень (сталіца Камбоджы) сцвярджае, што міны засталіся пасля дзесяцігоддзяў грамадзянскай вайны, якая скончылася ў канцы 1990‑х гадоў.
Яшчэ адзін пункт абвяшчае, што абодва бакі «згаджаюцца ўстрымлівацца ад распаўсюджвання фальшывай інфармацыі або навін».
У пагадненні таксама гаворыцца, што раней прынятыя меры дэмаркацыі мяжы будуць адноўленыя. Абодва бакі таксама згодныя супрацоўнічаць у барацьбе з транснацыянальнымі злачынствамі. Гэта адсылка да анлайн-махлярства, якое ўчыняецца буйнымі злачыннымі групоўкамі, што штогод вымантачваюць у ахвяр па ўсім свеце мільярды даляраў. Камбоджа лічыцца цэнтрам такіх злачынных прадпрыемстваў.
Памежны канфлікт паміж дзвюма краінамі ў гэтым годзе выкліканы даўнімі тэрытарыяльнымі спрэчкамі, нядаўнім палітычным супрацьстаяннем паміж кіроўнымі сем’ямі і эканамічнай напружанасцю, звязанай з транспамежнай злачыннай дзейнасцю.
Каментары