«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год
Сяргея Ціханоўскага перастала цікавіць блогерства праз неэфектыўнасць у дасягненні агульнабеларускіх мэт. Але што ён знаходзіць эфектыўным цяпер? Запыталі ў яго наўпрост.

Тэкст Сяргея публікуецца па яго просьбе без правак. Гэта была яго ўмова.
«Мэта №1 — вяртанне Беларусі нейтральнага статусу»
«У 2026‑2027 гадах я збіраюся працягнуць тое, што ўжо пачаў. Лічу, што калі мы хочам вызваліць краіну з палону, то нам патрэбна пазбыцца ілюзій, паставіць рэалістычную мэту і метадычна рухацца да яе ажыццяўлення. Адзінай рэалістычнай мэтай на бліжэйшыя гады для мяне з'яўляецца вяртанне Беларусі нейтральнага статусу.
Мая логіка простая. Грунтуючыся на бягучай сітуацыі, у Беларусі ёсць два сцэнарыі развіцця падзей:
1. Стаць адсталай і няшчаснай расійскай калоніяй, сатэлітам у ценю новай жалезнай заслоны.
2. Стаць цывілізаванай, але нейтральнай краінай — як Фінляндыя ў час халоднай вайны.
Ёсць тыя, хто лічыць, што існуе і трэці варыянт — развал Расіі і хуткая еўраінтэграцыя Беларусі. Гэта выдатны, але ілюзорны сцэнар. Ён не патрабуе ад нас высілкаў — трэба толькі чакаць міфічнага развалу Расіі. А там, дзе няма высілкаў, не будзе і вынікаў. Чым даўжэй мы сядзім на месцы і чакаем, тым менш у нас шанцаў змяніць сітуацыю. Тым часам справы цяпер ідуць так, што па змоўчванні рэалізуецца менавіта варыянт калоніі, а вось за варыянт нейтральнай Беларусі давядзецца пазмагацца».
«У маім плане няма Лукашэнкі»
Для таго, каб усё гэта адбылося, на думку Сяргея, неабходныя тры рэчы.
«Па-першае, пераканаць у перспектыўнасці гэтага сцэнарыя ЕС і ЗША і вярнуць іх у вялікую гульню. Пакуль што заходнія стратэгі праводзяць мяжу супрацьстаяння па Бугу і глядзяць на Польшчу як на памежную крэпасць.
Па-другое, варта пераканаць у перспектыўнасці гэтага сцэнара беларусаў у краіне. Мяркуючы па апытаннях грамадскай думкі, зрабіць гэта будзе нескладана. І менавіта на людзях у краіне варта рабіць фокус: дыяспара прадказальна будзе супраць ідэі фінляндызацыі, бо яна і так жыве на свабодзе і для яе натуральна прасоўваць максімалісцкія патрабаванні.
Па-трэцяе, мы мусім дамагчыся згоды на гэты сцэнарый на Усходзе. Нехта скажа, што гэта немагчыма, аднак калі добра падумаць, то менавіта да гэтага Масква прыйдзе ва ўмовах дэфіцыту рэсурсаў і ў пошуках новага балансу сіл.
Звярніце ўвагу: у гэтым плане няма Лукашэнкі. Па-першае, час Лукашэнкі сканчаецца, па-другое: падчас выканання трох вышэй пералічаных умоў нейтральнасць Беларусі будзе забяспечана незалежна ад яго жаданняў».
«У 2026 годзе я засяроджуся на працы з ЗША»
Сяргей плануе пераключыць увесь свой фокус увагі на працу з ЗША.
«На маю думку, менавіта там у першую чаргу трэба даказаць рэалістычнасць маёй дактрыны. Акрамя таго, ЗША пакуль застаюцца адзіным бокам, што рэальна ўплывае на вызваленне нашых закладнікаў, і абарона нашых інтарэсаў тут проста патрэбная».
У сувязі з маштабнымі планамі ўзнікае лагічнае пытанне: дзе на ўсё гэта будуць брацца грошы, рэсурсы і каманда, якой на гэты момант у палітыка няма?
«Каманда для працы ў ЗША патрабуецца кампактная. Паплечнікі ўжо ёсць, патрэбныя палітычныя саюзнікі. Я гатовы працаваць з усімі, хто падзяляе мае погляды і гатовы прыкладаць высілкі да дасягнення нашай мэты. Першапачатковы бюджэт забяспечаны за кошт беларускага бізнэсу ў выгнанні.
Я вельмі ўдзячны гэтым шляхетным і разумным людзям за іх падтрымку і веру ў мяне, а таксама ўсім, хто дапамагае мне не за гранты і прывілеі, а ад шчырага сэрца. Толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця».
Каментары