Свет88

«Увечары тэлефануе лекар з паліклінікі і распавядае вынікі аналізаў — гэта проста шок!» Беларусы распавялі пра медыцыну ў Літве

Ці лёгка трапіць да лекара ў Літве, колькі каштуюць платныя прыёмы, ці хопіць дзяржаўнага медыцынскага страхавання для камфортнага жыцця і як наогул ставяцца да беларусаў лакальныя медыкі, распавядае «Белсат».

Лякарня ў Літве. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik

«Тэрапеўтка адказала, што комплекснае абследаванне я магу зрабіць у Крамлі»

Наталля (імя зменена) жыве ў Літве з мужам і трыма дзецьмі. За чатыры з паловай года сям'я абышла ў Вільні шмат лекараў.

«Калі ты легальна працуеш і плаціш унёскі SoDra (аналаг беларускага ФСАН), то ўся медыцына бясплатная, як у нас у Беларусі было. Вось толькі ўзровень дзяржаўных больніцаў і паліклінік у Літве ў разы вышэйшы, чым у Беларусі. Іх узровень дзяржаўных паліклінік такі ж, як у нас быў узровень у прыватных тыпу «Экамедсэрвіс» або «Ладэ». І пры гэтым усе лекары 35+ гадоў гавораць на расейскай мове», — кажа Наталля.

Але ёсць адно але: прыёму да вузкапрофільных спецыялістаў даводзіцца чакаць месяцы. Калі да лекара хочацца патрапіць раней, то можна пайсці платна ў медычны цэнтр або паводле прыватнай страхоўкі.

«Кажуць, у прыватных клініках лепшы ўзровень абслугоўвання, але я розніцы моцнай не пабачыла. Тут выдатнае дзяржаўнае медычнае страхаванне. У Літве цябе бясплатна абслужаць лепш, чым у прыватным сэрвісе ў Польшчы ці Беларусі. Але калі табе трэба да лекара тэрмінова, то гэтага не відаць. У мяне быў кейс, калі мне стала дрэнна ў траўні, а лекар хацела даць мне накіраванне на візіт у жніўні», — кажа беларуска.

Спачатку ў Наталлі была яшчэ і прыватная страхоўка на працы, але ў выніку ад яе жанчына вырашыла адмовіцца — розніцы асаблівай не заўважыла: «Поўны чэкін крыві каштуе дзесьці € 150, кансультацыя ў сярэднім € 15—20, аналіз вітаміну D — € 30. Мой прыватны пакет пакрываў паслугі на € 500 на месяц: у цэлым, гэтага заўсёды хапала. Толькі аднойчы я рабіла ў прыватнай клініцы разгорнуты чэкін з МРТ, абследаваннем усіх органаў, кардыёлагам, УГД і ўсімі расшыфроўкамі. Усё гэта выйшла ў € 700, у выніку я заплаціла € 200, астатняе пакрыла страхоўка».

А вось няпрофільных лекараў нават у паліклініцы чакаць не даводзіцца: да тэрапеўта або педыятра практычна заўсёды можна трапіць без чаргі.

«Можа, мне проста шанцуе, вядома, але калі ты з дзецьмі ідзеш, то яны наогул вельмі прыязныя і імкнуцца вельмі хутка ўсё зрабіць. Калі дзіця захварэла, яны цябе ставяць па-за чаргой. Але самы вышэйшы пілатаж, ад якога ўсе беларусы ледзь не страчваюць прытомнасць — гэта калі табе ператэлефаноўваюць з дзяржаўнай паліклінікі і распавядаюць вынікі аналізаў. Для нас гэта проста шок! Пры гэтым многія літоўцы лічаць, што ў іх медыцына дрэнная. Я кажу, хлопцы, супакойцеся, у вас выдатная медыцына!» — распавядае Наталля.

З хуткай дапамогай праблемаў, як у Польшчы, таксама няма: у аддзяленні неадкладнай дапамогі звычайна аператыўна дапамагаюць і не трэба сядзець у чарзе дзень.

«Муж неяк зламаў адразу руку і нагу. Можна было выклікаць хуткую, але я вырашыла, што мы хутчэй дабяромся самастойна. Я прыехала з ім у аддзяленне, пасадзіла яго ў вазок (у іх там усюды вазкі) і ўзяла квіток у электронную чаргу, — успамінае наша суразмоўніца. — Хвілін 15 мы пачакалі, потым нам за паўгадзіны зрабілі ўсё — УГД, КТ, наклалі гіпс і сказалі што спатрэбіцца яшчэ аперацыя. Каб яго доўга не катаваць, потым аперацыю праводзілі адразу дзве брыгады: адна на руках (разам з пластычнымі хірургамі з іншай бальніцы), адна на нагах».

Таксама Наталля адзначыла электронную сістэму, у якой заўсёды можна знайсці і паглядзець вынікі аналізаў і рэцэпты, а не хадзіць за імі да лекара: «У Літве вельмі добра працуе электронны дакументазварот, і сістэма паляпшаецца штогод усё больш і больш. Калі раней там нейкія былі багі, то цяпер у іх гэта наогул выдатна працуе».

За ўвесь час пражывання ў Літве беларуска толькі аднойчы сутыкнулася з дыскрымінацыяй паводле нацыянальнай прыкметы.

«У літоўцаў наогул хамства няма, і з беларусамі яны спрабуюць паразумецца. Мне толькі аднойчы не пашанцавала з тэрапеўткай-літоўкай. Неяк я спытала: дзе магу зрабіць комплекснае абследаванне? І яна на рускай мове кажа: «У маскоўскай больніцы». Я не зразумела і спытала, дзе гэта. Яна адказвае: «У Крамлі». Ну, я ад’ехала, вядома ж, і адразу памяняла сабе тэрапеўтку. Можа, яна не ў гуморы была і вырашыла, што я з Масквы, не ведаю».

«У Літве ўсе вынікі даследаванняў адлюстроўваюцца ў асабістым кабінеце — вельмі нязвыкла пасля таямніц з медкартай у Беларусі»

Лера перажыла дзве эміграцыі — спачатку Украіна, потым Літва. У Літве дзяўчына перажыла дзве шпіталізацыі і кажа, што досвед моцна адрозніваўся ад Беларусі.

«Дыягназ «Рэкурэнтная дэпрэсія» мне паставілі даўно, яшчэ ў Беларусі. А потым быў 2020 год, які моцна мяне падкасіў. Я спрабавала піць антыдэпрэсанты, але, на жаль, мне няправільна падабралі лекі. Мала таго, што ніякай радасці ад жыцця не засталося, дык я яшчэ ўвесь час страчвала прытомнасць, і ў нейкі момант апынулася ў рэанімацыі з вельмі нізкім ціскам. Аказалася, гэта пабочны эфект антыдэпрэсантаў. Я зараклася — ніякіх больш таблетак, проста жывём далей.

Пры гэтым лекар у Беларусі пісаў мне ў бальнічным «Грып», каб не пісаць дэпрэсія. Інакш пастаноўка на ўлік у РНПЦ псіхічнага здароўя і шмат праблемаў праз гэта ў дадатак. Так што мой максімум па такім бальнічным быў тры дні. Тры дні, каб неяк выбрацца са стану «хочацца здохнуць»», — кажа дзяўчына.

Паводле яе, першыя гады ў эміграцыі жылося «на драйве», потым стала накрываць ранейшая дэпрэсія:

«Памятаю, я ішла па Вільні і думала: вось тут можна зваліцца з моста або з тэрасы гэтага бара. Я разумела, што гэта не тыя думкі, якія павінны быць у маёй галаве: у мяне адказная праца, дзіця і муж. Але ў нейкі момант я апынулася на мосце, і зразумела, што мне патрэбная дапамога. Я проста сабрала валізку з рэчамі і прыехала здавацца ў Віленскі гарадскі крызісны цэнтр».

Леру ў гэты ж дзень паклалі ў бальніцу, у аднамесную палату, прызначылі заспакаяльнае і снатворнае. Пры гэтым старанна сачылі за дзеяннем і пабочнымі эфектамі: калі нешта не дапамагала, прэпарат замянялі:

«Праз два дні я выйшла з палаты на двор, а там гамакі, арэлі, хлопцы ў суполках займаюцца ёгай і маляваннем, у кагосьці пікнік з роднымі пад вокнамі бальніцы. Я проста асалапела — у Беларусі, калі я шукала дапамогу, мне знаёмыя распавядалі зусім іншае — іх у асноўным глушылі лекамі, нельга было на вуліцу выходзіць, толькі глядзець у вакно праз краты».

У крызісным цэнтры дзяўчына правяла 10 дзён — думак пра суіцыд больш не было. Але на гэтым лячэнне не скончылася: наступныя тры месяцы Лера правяла на дзённым стацыянары ў паліклініцы. Усё лячэнне было бясплатным, паколькі дзяўчына працавала ў Літве і рабіла ўнёскі ў дзяржаўны фонд SoDra.

«Пасля выпіскі з крызіснага цэнтра мяне адразу накіравалі да псіхіятра. У Еўропе гэта не стыгма, проста сведчанне таго, што табе патрэбны спецыяліст. Ён прапанаваў мне дзённы стацыянар на тры месяцы — групавыя сеансы, ароматэрапія, музычныя заняткі, ёга, кансультацыі псіхолага. У першай палове дня я хадзіла ў паліклініку на ўсе гэтыя працэдуры і заняткі, астатні час была ў хаце», — успамінае Лера.

Дэпрэсія з таго моманту не вярталася, але візіты беларускі да лекараў не скончыліся. Аднойчы ноччу прыйшлося ехаць у хуткую дапамогу — праз моцны боль у жываце і ваніты:

«Муж ноччу адвёз мяне ў прыёмны пакой хуткай дапамогі. Калі вочы скасіць да носа, каб не бачыць указальнікі на літоўскай, то будзе дакладна прыёмнік бальніцы хуткай дапамогі ў Менску. І чакаць там прыйшлося не менш: хоць у мяне хутка ўзялі аналізы, правялі першасны агляд, УГД, і абязболілі, але заключэння лекара я так і не дачакалася. Як толькі боль адпусціў, я з'ехала дадому».

Паколькі сістэма ў Літве цалкам цэнтралізаваная, то на наступны дзень лекар у паліклініцы паглядзеў усе даследаванні і агучыў дыягназ — камяні ў жоўцевай бурбалцы, патрэбна лапараскапія.

«У паліклініках я не бачыла чэргаў: ты запісваешся на прыём, прыходзіш на прызначаны час — і ўсё. Што ў Літве здзівіла: пацыент сам можа выбраць клініку і лекара. Таму я з'ездзіла на кансультацыю да хірурга ў абраную бальніцу, які потым мяне і аперыраваў», — кажа Лера.

Ежа і палаты вельмі былі падобныя на тыповыя беларускія, таму выпісцы на наступны дзень дзяўчына толькі ўзрадавалася. Але стаўленне медсясцёр і лекараў кардынальна адрознівалася ад беларускіх — літоўцы былі добразычлівыя і вельмі ўважлівыя:

«Калі ты прыходзіш да лекара, у вас адносіны не па прынцыпе «хачу бальнічны — я табе яго не дам», а «што баліць і як дапамагчы» — лекары не скупяцца выпісваць напрамкі на аналізы, даследаванні і кансультацыі. Увогуле, на маім асабістым досведзе ўсё выглядае вельмі добра».

З іншых плюсаў — электронная сістэма, дзе можна паглядзець вынікі ў сваім асабістым кабінеце: «Пры гэтым лекар табе ўсё растлумачыць і лекі прапіша, што таксама вельмі нязвыкла пасля таямніц з медкартай у Беларусі. У Літве сістэма такая, што ўсе вынікі даследаванняў адлюстроўваюцца ў тваім асабістым кабінеце. І ты можаш сам паглядзець усё, таму што даецца тваё значэнне і нармальнае значэнне. Таксама можна здаць кроў на вітаміны і лекар сам раскажа, што табе лепш папіць. А ў Беларусі ты здаў аналізы — і сядзіш, гадаеш, што там у цябе, потым распытваеш лекара».

Паводле Леры, з моўнымі праблемамі ў Літве яна не сутыкалася: «Часцей я размаўляла з лекарамі на расейскай, часам на ангельскай. Нават групавыя заняткі ў крызісным цэнтры мне таксама падабралі так, каб там былі ў асноўным расейскамоўныя. Гэта значыць, моўных праблем не было наогул».

Беларуска лічыць, што прыватная страхоўка можа спатрэбіцца тым, хто часта ходзіць да лекараў і не хоча чакаць сваёй чаргі тыднямі. Ва ўсіх астатніх выпадках звычайна хапае дзяржаўнай медыцыны: «На маім мінулым месцы працы была і прыватная страхоўка, але я ніколі ёй не карысталася. Але калегі, напрыклад, хадзілі ў прыватныя цэнтры, каб не чакаць кансультацыі вузкага спецыяліста. Мае пытанні неяк хутка вырашаліся ў паліклініцы».

Каментары8

  • Антыпрапаганда
    05.03.2026
    Што гэта за лухта? У Літве каб звычайную пломбу паставіць, трэба чакаць 3 месяцы! І ніякія Содры не пакрываюць цалкам медыцынскіх выдаткаў - будзеце кожны раз даплочваць за "дадатковыя матэрыялы і паслугі"!
  • как в РФ, как в Иране, как в КНДР, как в Китае
    05.03.2026
    Ну и как бэ, на и в скотном дворе лукашенко всё зависит от того, в какой группе населения ты, твои близкие, находишься, если в категории чиновников, красауцау всех мастей, то там, всё ок, не хуже чем в Литве. И больнички, госпитали, поликлиники, санатории отдельные, и внимание, и лекарства импортные, и оборудование современное, и персонал умеющий его юзать и всё бесплатно, если сам не "благодаришь".
    Если ты - просто из народца, то там, как повезёт и на кого попадёшь во всей, тебе, необходимой цепочке врачей и врачебных услуг, но, в основном на от....бись и твои проблемы, и это не зависит от твоих, финансовых "благодарностей", там всё по протоколу, инструкции и ещё раз на от....бись.
    В РБ - две, параллельные системы медицины и медуслуг, одна, - для красауцау, чиновников и членов их семей, вторая, - для остального народца.
  • **
    05.03.2026
    В поликлиниках РБ сейчас, не поверите - но нет никаких очередей. Анализы крови - максимум два человека в электронной очереди. Результат тебе распечатают в доврачебном кабинете, а дальше что хочешь с ними делай. Врачей не хватает, те что из среднеазиатских республик приехали - не задерживаются долго, их даже высокие зарплаты, в районе 4000 руб РБ не удерживают. Реально - все или в приемные больниц едут, или в платные клиники, потому что в поликлиники обращаться бесполезно, там пустые коридоры и пустые кабинеты.

Цяпер чытаюць

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»8

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхароў мінскага мікрараёна напужаў ружовы снег у двары2

Іранскі пасол пасля сустрэчы з Лукашэнкам: Амерыканскі ўдар па школе быў ахвярапрынашэннем духу д’ябла5

Ізраіль нанёс удар па Хаменеі са стратасферы. Без папярэдняга ўдару па СПА, як звычайна ў сучасных войнах17

Сенсацыйная знаходка ў Германіі: адшуканы невядомы раней асобнік найрадзейшага «Псалтыра» Францішка Скарыны 1522 года15

З’явілася ВІДЭА тарпеднага ўдару па іранскім фрэгаце Dena. Яго аж узняло над вадою1

Камандзір «Ахмата»: Пасля Ірана гарантавана будзем мы14

Беларускі ПЭН прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»2

З'явілася ВІДЭА знішчэння расійскага дрона на Гомельшчыне

Памёр Алесь Астраўцоў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»8

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць