Паводле экспертаў, свет уступае ў эпоху глыбокіх эканамічных змен: людзі будуць даўжэй працаваць, дзяржавам стане цяжэй утрымліваць сацыяльныя сістэмы, а тэхналогіі і штучны інтэлект могуць стаць адказам на дэфіцыт рабочай сілы. З падрабязнасцямі знаёміць Financial Times.

У англійскім графстве Шропшыр у дамах паджылых людзей ужо працуюць робаты з элементамі штучнага інтэлекту. Яны нагадваюць аб прыёме лекаў, сочаць за здароўем і дапамагаюць арганізоўваць візіты сацыяльных работнікаў або родных.
Гэта толькі адзін з прыкладаў таго, як свет рэагуе на змены, выкліканыя падзеннем нараджальнасці, якая за апошнія 60 гадоў у развітых краінах скарацілася ўдвая. На фоне павелічэння працягласці жыцця колькасць працаздольнага насельніцтва няўхільна змяншаецца. Гэта прымушае экспертаў прагназаваць будучыню, дзе мадэль рабочай сілы будзе грунтавацца на сумеснай працы людзей і робатаў.
Трансфармацыя ахоплівае не толькі рынак працы. Насельніцтва такіх краін, як Японія, Кітай, Італія і дзяржавы Цэнтральнай Еўропы, знаходзіцца ў стадыі відавочнага скарачэння. У Беларусі ў 2024 годзе смяротнасць амаль удвая перавысіла нараджальнасць.
1. Людзі будуць працаваць значна даўжэй
Спецыялісты адзначаюць, што людзям давядзецца працаваць даўжэй. Многія будуць рабіць гэта добраахвотна, бо праца забяспечвае сацыяльныя сувязі, сеткавае ўзаемадзеянне і пачуццё ўласнай значнасці. У Японіі ўжо чвэрць насельніцтва, старэйшага за 65 гадоў, застаецца занятай. Паказчык расце і ў многіх іншых краінах праз змены ў заканадаўстве і фінансавыя патрэбы. Гэта рэзкі паварот у параўнанні з канцом XX стагоддзя, калі ўзрост выхаду на пенсію няўхільна зніжаўся.
Аналіз звестак паказвае, што за апошнія два дзесяцігоддзі колькасць працоўных месцаў сярод людзей, старэйшых за 50 гадоў, расла ўдвая хутчэй, чым сярод моладзі. Пры гэтым усё больш людзей захоўваюць добрае здароўе як мінімум да 70 гадоў.

Эксперты заклікаюць адмовіцца ад стэрэатыпаў, паводле якіх старэйшыя за 65 гадоў людзі лічацца цяжарам для эканомікі. Замест гэтага яны прапануюць больш інвеставаць у «чалавечы капітал другой паловы жыцця» — адукацыю, здароўе і навыкі старэйшых людзей, а таксама рабіць працоўныя месцы больш прыстасаванымі да іх патрэб.
2. Насельніцтва адначасова старэе і змяншаецца
Многія рэгіёны свету, асабліва ў Еўропе і Усходняй Азіі, сутыкаюцца з дэпапуляцыяй, якую даследчыкі называюць «павольнай эўтаназіяй». Закрыццё крам і адсутнасць базавых паслуг у італьянскіх вёсках, дзе гадамі не нараджаюцца дзеці і насельніцтва імкліва старэе, паказвае, як дэмаграфічнае змяншэнне падрывае і мясцовую вытворчасць, і попыт на тавары і паслугі.
У Паўднёвай Карэі гэтыя змены набылі гратэскавыя формы: дзіцячыя сады ператвараюцца ў дамы састарэлых.
Паводле прагнозаў міжнародных арганізацый, да 2060 года дэмаграфічныя чыннікі значна запаволяць рост узроўню жыцця ў многіх багатых краінах. У Японіі — на 70%, у Вялікабрытаніі і Паўднёвай Карэі — на 40%, а ў Германіі — на 80%. У Італіі і Грэцыі магчымае нават не запаволенне, а абсалютнае падзенне ўзроўню жыцця. Пры гэтым у ЗША эфект будзе амаль незаўважным.
Эканамісты падкрэсліваюць: з меншай колькасцю людзей становіцца цяжэй пакрываць пастаянныя выдаткі дзяржавы і забяспечваць навуковы прагрэс. Хоць міграцыя часова змякчае гэтыя працэсы ў такіх краінах, як Іспанія ці Вялікабрытанія, узмацненне правіл уезду і недастатковы прыток кадраў у іншых дзяржавах не дазваляюць лічыць гэта канчатковым рашэннем.

3. Штучны інтэлект можа стаць ключом да прадукцыйнасці
Сярод экспертаў існуюць розныя погляды на ролю тэхналогій. Частка даследчыкаў мяркуе, што дэфіцыт рабочай сілы паскорыць укараненне штучнага інтэлекту, што выкліча новы віток росту. Яны сцвярджаюць, што зніжэнне нараджальнасці гістарычна спрыяла фармаванню больш якаснага чалавечага капіталу і росту росквіту.
Аднак іншая група спецыялістаў настроена скептычна. Яны адзначаюць, што прадукцыйнасць працы ў развітых краінах няўхільна запавольваецца яшчэ з 1970‑х гадоў, і пакуль няма прыкмет таго, што ШІ карэнным чынам змяніў гэтую сітуацыю.
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ацэньвае, што пры сцэнары высокага ўздзеяння ШІ зможа забяспечыць у сярэднім каля паловы росту прадукцыйнасці, неабходнага для кампенсацыі дэмаграфічных наступстваў у асобных краінах ЕС.
Некаторыя эканамісты сцвярджаюць, што эканомікі, якія старэюць, пераходзяць да спажывання больш працаёмкіх паслуг (масаж, адпачынак, догляд), дзе павысіць прадукцыйнасць вельмі складана.
Эксперты таксама папярэджваюць: паджылае насельніцтва менш схільнае да рызыкі, што можа прывесці да канцэнтрацыі інвестыцый толькі ў тых краінах, якія маюць лепшыя дэмаграфічныя перспектывы.

4. Сацыяльныя сістэмы апынуцца пад моцным ціскам
Эксперты звяртаюць увагу на тое, што сённяшняя дэмаграфічная і эканамічная рэальнасць больш не адпавядае старым мадэлям сацыяльнай дзяржавы. Калі ў 1910‑х гадах у Германіі пенсійны ўзрост быў усталяваны на ўзроўні 65 гадоў, чаканая працягласць жыцця была ніжэйшая за 50. Цяпер яна вырасла да больш чым 81 года, тады як пенсійны ўзрост плануецца павялічыць толькі да 67.
Нягледзячы на павышэнне пенсійнага ўзросту ў многіх краінах, ціск на бюджэты аховы здароўя і пенсійных фондаў расце.
Эканамісты папярэджваюць: падтрымку сталых людзей давядзецца скарачаць, у той час як падатковая нагрузка на працоўных застанецца высокай або нават павялічыцца.
Гэта можа паглыбіць няроўнасць: заможныя грамадзяне будуць пераходзіць на прыватную медыцыну і пенсійнае забеспячэнне, тады як астатнія будуць залежаць ад дзяржаўных сістэм, магчымасці якіх будуць паступова змяншацца.
Праблема ўскладняецца і палітычнымі чыннікамі. Спецыялісты ўводзяць паняцце «герантаноміі» — эканомікі, у якой старэнне насельніцтва вядзе да застою і росту палітычнай вагі старэйшага пакалення. У такіх грамадствах дзяржаўная палітыка ўсё часцей арыентуецца на пенсіі і медыцыну, а не на інвестыцыі ў адукацыю, навуку і будучы рост.
Прыклад Японіі паказвае, наколькі радыкальна можа змяніцца дэмаграфічны баланс. У 1960‑я гады там на аднаго чалавека, старэйшага за 65 гадоў, прыпадала 8—9 чалавек працаздольнага ўзросту. Сёння — крыху больш за аднаго. У такой сітуацыі простае павышэнне пенсійнага ўзросту на некалькі гадоў не вырашае праблему.
Надзея на тое, што дастаткова будзе крыху даўжэй працаваць і ўкараніць больш тэхналогій, выглядае занадта аптымістычнай. Дэмаграфічны спад патрабуе значна глыбейшых пераўтварэнняў.
5. Пераасэнсаванне эканамічных стымулаў
Спецыялісты ў галіне дэмаграфіі сцвярджаюць, што грамадству неабходны маштабны разварот у бок паджылых работнікаў, падобны да таго, як у мінулыя дзесяцігоддзі ствараліся ўмовы для актыўнага залучэння жанчын на рынак працы. Галоўнай перашкодай тут застаецца прадузятасць працадаўцаў пры найме людзей сталага ўзросту.
Што тычыцца нараджальнасці, то для яе аднаўлення эксперты лічаць неабходнымі радыкальныя сацыяльныя змены. Асноўная задача — зрабіць выхаванне дзяцей працэсам, які не будзе шкодзіць кар’еры.

Эксперты папярэджваюць, што адно толькі паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту можа не прывесці да росту нараджальнасці. Сучасныя жанчыны атрымалі аўтаномію і цяпер бачаць магчымасць сумяшчаць адукацыю, кар’еру і сям’ю толькі пры ўмове, што бацька будзе надаваць значна больш часу догляду дзяцей.
У выніку спецыялісты прыходзяць да высновы, што вырашэнне эканамічных праблем, выкліканых дэмаграфіяй, патрабуе рэформаў ва ўсіх сферах: ад адукацыі і міграцыі да гендарнай палітыкі і тэхналогій. Адзінага і простага выйсця з гэтай сітуацыі не існуе.
Чалавек здольны змяніць многае, а што з уласным старэннем?
Пажылым карэйцам купляюць «робатаў-унукаў» — каб дапамагчы справіцца з адзінотай
«Праз пакаленне ў Афрыцы будзе нараджацца палова ўсіх дзяцей свету». Чаму Паўднёвая Карэя вымірае і чым цікавы прыклад Ізраіля
Беларусам загадалі больш нараджаць і жыць даўжэй. Але як вырашыць праблемы з дэмаграфіяй?
Каментары