Зміцер Дашкевіч: Ты не маеш права інтарэсы Беларусі ставіць вышэй за сям’ю
У новым выпуску праекта «ТОК» былы палітвязень і лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч падзяліўся вельмі асабістымі і балючымі момантамі, якія ён перажыў у зняволенні.

Зміцер згадаў выпадак, пра які даведаўся з ліста, што яму напісала жонка Наста. Па яго словах, гэты выпадак «проста збіў з ног» яго і прымусіў пераацаніць сваё жыццё.
У сваім лісце Наста расказала пра выпадковую сустрэчу з суседкай, якая паспачувала, як ёй цяжка адной спраўляцца з дзеткамі, пакуль муж за кратамі. Наста пагадзілася, што са Змітром было прасцей. Але іх сын Давід, якому тады было каля 7 гадоў, запярэчыў маці: «Няпраўда, тата калі быў з намі, ён увесь час пісаў лісты».
«Мяне гэта так ударыла ў камеры. Разумееш, вось што дзіця запомніла, як ён гэта перажываў. Табе здаецца, гэта святая справа, трэба напісаць людзям, падтрымаць, а ты занядбаў сваё дзіця. І ён узгадвае там праз год: «Тата лісты пісаў». Ён хацеў, можа, недзе там пагуляцца ці каб я яму час прысвяціў, а я ўвесь вольны час пасля працы сядаў і пісаў. (…)
Гэта разуменне гадамі да мяне прыходзіла, наколькі сям’я важнейшая за любы актывізм. Калі ты занядбаў сваю сям’ю сваім актывізмам — гэта ўсё марна, гэта можа быць няправільнае ўкладанне.
Хоць табе здаецца, што ты робіш святую і важную справу. І яна сапраўды святая і важная. Але ты не маеш права, ты не можаш яе рабіць коштам сваёй сям’і. Я, на жаль, часта ў гэтым грашыў. Коштам сваёй сям’і я змагаўся за Беларусь і прысвячаў сябе змагарам».
Па словах Змітра, галоўнай навукай апошніх гадоў стала разуменне: «Ты не маеш права інтарэсы Беларусі і Беларусь ставіць вышэй за сям’ю. Першае, што ты павінен рабіць, і першае, дзеля чаго ты павінен ахвяравацца, — гэта для сваёй сям’і. І толькі пасля гэтага ты можаш нешта рабіць для Беларусі».

Дашкевіч прызнаецца: пасля прысуду ў 2022‑м яму яшчэ здавалася, што можна проста адседзець тэрмін і вярнуцца дадому, што тэрор скончыцца сам сабой. Аднак за некалькі гадоў зняволення было шмат дзён, якія ён называў «самы жахлівы дзень у маім жыцці». І гэтымі днямі былі дні, калі яго пераарыштоўвалі ў той момант, калі ён павінен быў выйсці на волю.
«Вось я павінен быў выходзіць, жонка, дзеці чакаюць мяне дома. Мне бранзалеты на рукі на КП. «Дзеці, тата ваш сёння не прыйдзе». Дзеці ў слёзы: «А заўтра?» — «І заўтра не прыйдзе». — «А калі прыйдзе?» Гэта былі страшныя, страшныя дні. Ну, мы ўсё прайшлі, слава Богу.
І дзякуй кожнаму чалавеку, які падтрымліваў нас, маліўся, карміў нашу сям’ю, дапамагаў. Гэта многія-многія людзі, якія неслі са мной гэты крыж, якія гадавалі маіх дзетак, падтрымліваючы і знаходзячыся ў Беларусі, і знаходзячыся ў выгнанні», — кажа былы палітвязень.
Каментары
Усё правільна. Асабліва, калі ў цябе чацвёра маленькіх дзяцей. Трэба выгадаваць дзяцей.
Але ў сапраўднай палітыцы ўсё наадварот. Інтарэсы краіны, за якую палітык бярэ адказнасць, ў палітыка павінны быць вышэй за сям'ю. Толькі тады можна ісці ў палітыку. Ахвяраваўшы ўсім сваім самым блізкім.
Вывад: у палітыку павінны ісці людзі, якія ўжо выканалі доўг перад блізкімі. Людзі 45-50+ гадоў.
Астатнія, больш маладыя, павінны ў іх вучыцца, у вопытных людзей, і рыхтавацца да прыходу ў палітыку.
Палітык павінен фактычна адрачыся ад сваёй сям'і, калі ён кіруе дзяржавай. Інакш бяда ўсяму народу.
Палітыка - вышэйшая форма грамадскай дзейнасці. Дзе не павінна быць месца эмоцыям, залежнасцям ад іншых і асабістых пытанняў.
Плюсам з'яўляецца тое, што людзі бачаць яго вынікі: здаровая сям'я, разумныя паспяховыя дзеці, а раз змог на мадэлі сваёй сям'і зрабіць паспяховае кам'юніці, значыць і на ўзроўні краіны зможа.