Грамадства

Настасся Махамет: «Гэта не быў службовы раман. Я перастала быць начальнікам, а потым у нас пачаліся адносіны»

Былая камандзірка медыцынскай роты Палка Каліноўскага ў інтэрв'ю выданню «Салідарнасць» расказала пра праблемы беларусаў ва Украіне, ПТСР, каханне і творчасць.

Настасся Махамет. Усе фота з архіва гераіні

За стварэнне медслужбы Палка Каліноўскага былая камандзірка медроты Настасся «Север» Махамет ад беларускіх уладаў атрымала абвінавачанне па 12 артыкулах крымінальнага кодэкса, а ад украінскіх — ордэн «За мужнасць» 3‑й ступені, ад беларускіх дэмсіл — медаль «Гонар і годнасць».

Зараз Настасся ў Аб'яднаным пераходным кабінеце займаецца праблемамі нашых добраахвотнікаў і іх сем'яў. Праз паўтара года пасля звальнення са службы яна працягвае жыць ва Украіне, думае, ці вяртацца ёй у медыцыну, і піша кнігу пра беларусаў.

«Беларусы з часовым відам на жыхарства не маюць права карыстацца банкаўскімі паслугамі»

— Турэмны тэрмін, да якога вас прысудзілі ў Беларусі — 18 гадоў — нават гучыць страшна. Як вы даведаліся пра прысуд?

— Даведалася, як усе, з СМІ, — смяецца Настасся. — Ён дакладна калі не самы вялікі, які далі жанчыне, то адзін з самых вялікіх.

Цікава, што я нібыта нават не падвяргалася рэпрэсіям, у мяне было адно затрыманне, звязанае з прафсаюзам студэнтаў, але тады мяне адпусцілі і адміністрацыйную справу закрылі. А потым адразу суд — і 18 гадоў.

Я не стаўлюся сур'ёзна да гэтага прысуду і да гэтай лічбы, таму што для мяне гэты рэжым не з'яўляецца прававым, адпаведна, усе іх рашэнні — гэта фількіна грамата.

З іншага боку, такі прысуд і ўсё, што яны твораць, пазбавіў мяне маральнай дылемы пры змене грамадзянства. Цяпер я ўкраінка.

Настасся са сваім сабакам Шэрым, якога прывезла з фронту

— Беларусам вельмі складана атрымаць грамадзянства ва Украіне.

— На шчасце, у дачыненні да вайскоўцаў змянілася заканадаўства, і новыя ўмовы для дазволу на эміграцыю і атрымання грамадзянства значна рэалістычнейшыя за ранейшыя.

Адно тое, што цяпер вайскоўцы не абавязаныя падаваць усе гэтыя даведкі, у тым ліку аб несудзімасці, ужо вялікая справа для тых, хто ваюе або ваяваў за Украіну.

Таксама цяпер можна падавацца з пратэрмінаванымі пашпартамі, чаго раней нельга было. І гэта таксама актуальна для беларусаў, якія не могуць вярнуцца ў краіну.

Стала прасцей падавацца тым, хто звольнены ў сувязі з рашэннем ВЛК (Вайскова-лекарская камісія) пасля ранення, тым, у каго ёсць дзяржузнагароды.

І яшчэ вельмі важна, што зараз дастаткова адслужыць год па кантракце, а не тры, як раней, каб падавацца на грамадзянства.

Адсутнасць дакументаў можа сапсаваць жыццё любому. Для вайскоўцаў, нарэшце, з'явілася магчымасць іх атрымаць. Таму ва Украіну хочуць вярнуцца хлопцы, якія з'ехалі і жывуць у іншых краінах.

Напрыклад, мой знаёмы некалькі гадоў не мог распісацца з украінкай, бо ў яго не было дакументаў. Таму пасля звальнення ён з'ехаў і нават атрымаў абарону ў Польшчы, але цяпер вернецца, спадзяюся, атрымае грамадзянства і, нарэшце, ажэніцца з каханай жанчынай.

На жаль, у плане легалізацыі нічога не змянілася для цывільных асоб. Як і раней, каб падавацца на грамадзянства, трэба пяць гадоў жыць ва Украіне легальна.

Але ў многіх беларусаў заканчваюцца пашпарты, а вярнуцца ў сваю краіну яны таксама не могуць з-за рэпрэсій.

Асабліва мяне непакояць змяшаныя шлюбы, у незразумелым становішчы знаходзяцца беларускі — жонкі ўкраінскіх вайскоўцаў. Іх дзеці атрымліваюць украінскае грамадзянства, а самім жанчынам даюць «посвідку на постійне проживання» (украінскі аналаг ПМЖ).

Пры гэтым, калі заканчваюцца іх беларускія пашпарты, для выдачы ўкраінскіх дакументаў ад іх патрабуюць даведкі аб несудзімасці. Зразумела, жонка вайскоўца не можа ні паехаць у РБ, ні звярнуцца па такую даведку ў консульства ў Польшчы.

Да таго ж, каб выехаць з Украіны, патрэбен пашпарт. Без яго можна толькі падавацца на бежанства ў Польшчы, але тады яны вельмі доўгі час не змогуць трапіць ва Украіну.

Яшчэ адна катэгорыя беларусаў, якія жылі ва Украіне і дзесяць, і дваццаць гадоў, і нават усё жыццё. Проста яны ніколі не задумваліся аб змене грамадзянства, таму што гэта не адыгрывала ніякай ролі. І яны таксама апынуліся ў прававой пастцы ў выпадку заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта.

Нават калі б хтосьці з іх вырашыў звярнуцца ў консульства ў Польшчы, то, зноў-такі, каб выехаць, патрэбна віза. Але паставіць яе няма куды.

І ўсё ж такі змены, якія адбываюцца апошнім часам, у тым ліку і дзякуючы змене стаўлення ўкраінскай улады да беларускіх дэмакратычных сіл, усяляюць надзею, што ўсе гэтыя бюракратычныя пытанні зрушацца з мёртвага пункта.

І наша задача, мая ў тым ліку, працягваць гаварыць пра беларусаў і агучваць тое, што нас хвалюе.

— Вы займаецеся непасрэдна праблемамі добраахвотнікаў. Што гэта за праблемы?

— Больш за ўсё, як сказала, звязана з легалізацыяй. Прычым не толькі саміх вайскоўцаў. Па законе беларусы, якія служаць, могуць прывезці сюды сваіх родных, і тыя будуць мець права атрымаць дазвол на жыхарства.

Але загваздка ў тым, што беларусы з часовым дазволам на жыхарства не з'яўляюцца рэзідэнтамі, а значыць, не маюць права карыстацца банкаўскімі паслугамі.

З-за таго, што яны не могуць адкрыць рахунак у банку, яны не могуць і афіцыйна пайсці працаваць. Таму хтосьці падпрацоўвае нелегальна, а хтосьці жыве за кошт мужа-вайскоўца. Калі, не дай Бог, той загіне, сям'я наогул застаецца без сродкаў да існавання.

І вось рэальны кейс: у жонкі зніклага без вестак, якая, па сутнасці, была «нелегалкай», застаўся адзіны шлях — выехаць у Польшчу і падавацца там на бежанства. Але тады яна нават на пахаванне не зможа прыехаць.

І такіх узаемавыключальных момантаў шмат, калі людзі трапляюць ва ўмовы, пры якіх у любым выпадку могуць парушыць закон.

Тыя ж вайскоўцы абавязаныя на тэрыторыі Украіны легалізавацца, і гэта, як ужо сказала, стала значна прасцей. Але ёсць людзі, у каго страчаны пашпарт, напрыклад, згарэў, то-бок няма фізічна нават пратэрмінаванага.

І вось ніякай працэдуры без пашпарта або па яго аднаўленні не існуе. А падавацца на бежанства камбатанты не могуць.

Насамрэч я і раней па меры магчымасці дапамагала вырашаць нейкія праблемы добраахвотнікам, проста тады рабіла гэта кропкава, канкрэтным людзям. А цяпер пашыраю аб'ём дапамогі.

«Перастала хадзіць на пахаванні — і ў мяне ўжо вялікая колькасць сяброў і знаёмых у бясконцых камандзіроўках»

— Памятаю, калі вы сыходзілі з Палка Каліноўскага, вам і самой было цяжка, і некаторыя таварышы па службе, з якімі я размаўляла, проста да слёз гэта ўспрымалі. Як вам удалося закрыць гэтую старонку?

— Насамрэч, пытанне было літаральна ў выжыванні. У мяне аўтаімунны тырэяідыт. Спаліла сабе шчытападобную залозу да такой ступені, што яна не працуе, і я цалкам на замяшчальнай тэрапіі.

У мяне практычна адсутнічае імунітэт. Вось нядаўна трапіла пад дождж, але нават прамокнуць не паспела, і ўсё роўна тут жа пачалася ангіна. У франтавых умовах гэта наогул было жахліва.

За год да звальнення я два разы перахварэла на гаймарыт, піяланефрыт, проста бясконца хварэла на нейкія вірусы і прастуды, не магла аднавіцца.

Пасля звальнення мне спатрэбіўся год, каб больш-менш прыйсці ў норму, з дыетамі, з усімі неабходнымі прэпаратамі. То-бок я разумею, што далей службу проста не вытрымала б фізічна.

— Вы расказалі пра фізічнае аднаўленне. А як з ПТСР, з тым, што называецца «накрывае». У вас бывае такое?

— У мяне вельмі вострая рэакцыя на некаторыя гучныя рэзкія гукі, напрыклад, калі пляскаюць металічнымі дзвярыма або калі едзе цягнік.

Мой арганізм спачатку палохаецца, а потым я ўжо ўсведамляю, што гэта не небяспечны гук. І гэта калі гукі не падобныя на нешта страшнае.

Калі ж гэта гукі, падобныя на нешта страшнае, тады наогул усё дрэнна, можна злавіць «панічку» (панічную атаку). Не ведаю, чаму ва Украіне яшчэ не забаранілі мапеды, звычайныя, на якіх ездзяць.

Рэч у тым, што іх гук вельмі падобны на гук дрона, які ляціць, іх нават так называюць — «мапеды». І вось на гэтых звычайных транспартных сродках любяць ездзіць чамусьці рана раніцай, калі яшчэ няма іншых гукаў.

А ў мяне пасля кантузіі праблема — я не магу вызначаць кірунак гуку, то-бок чую, але не разумею, адкуль ён — поўная дэзарыентацыя.

Неяк гулялі з сабакам на золку ўвосень, яшчэ не развіднела да канца. І вось чую, як мне падалося, дрон, які хутка набліжаецца. Гэта быў звычайны мапед, але і я, і сабака злавілі панічную атаку. Абодва вельмі моцна перапужаліся.

Мой Шэры таксама «пэтээсэрнік», у яго было асколачнае раненне, мабыць, да гэтага часу свішча вуха, прынамсі, ён паводзіць сябе так, быццам свішча. І ў мяне з часам стала свісцець у вуху, гэта вельмі непрыемныя адчуванні.

Я абсалютна не выношу шум. Не магу ездзіць у метро без шумапаглынальных навушнікаў. Яны ў прынцыпе добра працуюць. Таксама стараюся пазбягаць паездак у гадзіну пік.

Інакш у мяне пачынаецца паніка разам з агрэсіяй, хочацца проста ўсіх вакол раскідаць, каб каля мяне нікога не было. Некалькі разоў нават прыйшлося выйсці з метро, каб супакоіцца.

Але ўсё роўна ў мяне, можна сказаць, лайтовы варыянт ПТСР, я хаця б сплю па начах і не падаю пад лаўкі метро, калі гучна едзе цягнік.

А вось да абстрэлаў, наадварот, мабыць, я так звыкла, што нават калі нешта выбухнула недалёка ад майго дома, прачнулася, паглядзела, што вокны цэлыя, і заснула зноў.

— Ці камунікуеце з былымі пабрацімамі? Наўрад ці, напэўна, у вас з'яўляецца жаданне вярнуцца?

— А вось, не паверыце, хочацца вярнуцца. Разумею, што рабіла і што магла б яшчэ зрабіць.

Я ўжо дастаткова глыбока была пагружаная ў дэталі, магла арганізаваць любую эвакуацыю. Яшчэ да вайны цікавілася вайсковай медыцынай, вывучала. І ў мяне атрымлівалася прадумваць нават нейкія нестандартныя планы. Гэта адчуванне, што ты на сваім месцы і дакладна ведаеш, што рабіць, асаблівае.

А цяпер, будучы грамадзянкай Украіны, я наогул магла б стаць афіцэрам і пабудаваць вайсковую кар'еру. Але ўсведамляю, што проста заб'ю сябе на службе. На жаль, гэта больш несумяшчальна з маім станам здароўя.

Вядома, ёсць людзі, з якімі працягваю камунікаваць. Бывае, што тэлефануюць калегі, пра нешта спытаць або расказаць.

— Вы таксама даведваецеся пра раненні былых пабрацімаў і пра гібель. Адсюль гэта неяк па-іншаму ўспрымаецца?

— Вельмі перажываю, калі ў кагосьці цяжкія раненні. А вось да смерці ў мяне стала дзіўнае стаўленне. Я не бачу хлопцаў забітымі, перастала хадзіць на пахаванні — і ў мяне ўжо вялікая колькасць сяброў і знаёмых у бясконцых камандзіроўках. Я не бачыла іх мёртвымі, і яны для мяне не мёртвыя.

— Я ў мінулым годзе запісала інтэрв'ю з нашым добраахвотнікам з пазыўным «Лыч», і праз тыдзень ён загінуў. Да гэтага часу не выдаліла наш чат, дзе мы з ім абмяркоўвалі інтэрв'ю, да гэтага часу не верыцца.

— «Лыч» быў хлопец гарэзлівы. Памятаю, яшчэ ў 2022 годзе яны з сябрам узялі машыну, каб павучыцца вадзіць, перакуліліся і ледзь не загінулі. Я вельмі спалохалася тады за іх, сварылася на «Лыча», які сядзеў за рулём.

Ён жа зусім малады, практычна падлетак. Калі загінуў, я гэта цяжка перажыла і таксама не пайшла на пахаванне. Для меня ён усё яшчэ жывы.

Больш скажу, мой найлепшы сябар загінуў у Бахмуце разам з Міраславам Лазоўскім. Нядаўна было тры гады з дня іх гібелі, а я да гэтага часу пішу яму паведамленні.

«Я ўпершыню ў адносінах, дзе магу дазволіць сабе ленавацца і нічога не рабіць»

— Як вы перажылі гэтую зіму ва Украіне?

— Я жыву ў Браварах, дом у мяне «электрычны», кватэра на 11‑м паверсе. У нас бывала па 2‑3 сутак без святла, ацяплення, а часта і без вады.

Але я падрыхтавалася: у мяне ёсць экафлоу (партатыўная зарадная станцыя), газавая гарэлка, зімовы спальнік, электрычная прасціна. Дома хадзіла ў тэрмабялізне, флісавым камбінезоне, часам і ў шапцы, каб вушы не адмарозіць.

Я жыву з кошкай і сабакам. Сабака грэў мяне, а я кошку, тая была са мной на канапе на электрапрасціне.

Кошка Рыша грэецца на электрапрасціне

Зараджаеш экафлоу, а потым разлічваеш, каб электрычнасці хапіла на прасціну, на зарадку чаго-небудзь і па дробязях. Тыя, хто скардзіўся, што прадукты ў халадзільніку псуюцца без электрычнасці, проста не былі на фронце. Вывесі ўсё за фортку, і не будзе праблем.

Наогул, пасля службы не магу сказаць, што для мяне гэтая зіма была цяжкай, яна была месцамі нязручнай, бо трэба было ўвесь час падладжвацца, напрыклад, даюць святло толькі на дзве гадзіны, іх трэба злавіць. Але, па маім успрыманні, гэта не было катастрофай.

— Ці было ў вас жаданне паехаць з Украіны і жыць у іншых умовах?

— Па-першае, у мяне ёсць другая палова, мужчына, які служыць, і без яго я з'ехаць не магу. Па-другое, тут я разумею, чым магу займацца.

Дапусцім, каб вярнуцца ў медыцыну, мне трэба перавучвацца ў іншай краіне практычна цалкам, паколькі не паспела прайсці інтэрнатуру. Пакуль не бачу ў сабе рэсурсу.

— А калі вернецеся ў медыцыну, якім спецыялістам?

— Я павінна была стаць анкахірургам, асіставала на аперацыях. Некаторыя былі даволі складаныя і доўжыліся 8‑9 гадзін. Такую нават фізічна вытрымаць цяжка. Разумею, што ў сваім цяперашнім стане так не змагу.

Але калі я ўсё ж такі знайду ў сабе сілы і стану зноў вучыцца, то, бадай, занялася б афтальмалогіяй. Мне гэта таксама цікава. Гэта таксама хірургія, але менш фізічна затратная.

Настасся з блізкай сяброўкай з Данецка Элай, якую лічыць сваёй «названай сястрой», і яе дачкой Жэняй

— Наконт другой паловы, вы пазнаёміліся на фронце ці ўжо пасля звальнення?

— Пазнаёміліся на вайне. Ён таксама беларус, які прыехаў ваяваць у Полк Каліноўскага. Яго пазыўны «Цёзка». Некаторы час ён служыў у маім падраздзяленні на медэваку, то-бок я была яго начальніцай. Але гэта не быў службовы раман. Я перастала быць начальніцай, а потым пачаліся нашы адносіны.

— Кажуць, што на вайне пачуцці больш абвостраныя?

— Успрыманне абвостранае, эмоцыі выглядаюць рэальна ярчэйшымі. Ты кожны раз усведамляеш, што гэта можа быць твой апошні дзень, таму вастрэй усё адчуваеш.

— А як ва ўмовах фронту праходзіць пачатковы цукеркава-букетны перыяд?

— У нас быў кавава-бутэрбродны перыяд (смяецца). Гэта калі ўціхую зварыць каву, зрабіць бутэрброды і падсунуць мне. Такая нечаканая турбота. І ўсё астатняе складалася з нейкіх такіх жа дробязяў, вельмі важных у патрэбны момант.

А потым ты проста разумееш, што гэта твой чалавек. Дакладней, спачатку замест таго, каб слухаць, што ён кажа, ты раптам заліпаеш на яго вочы…

— То-бок каханне ўсюды пачынаецца аднолькава.

— Насамрэч я ўпершыню ў адносінах, дзе магу дазволіць сабе ленавацца і нічога не рабіць. Вось ён прыязджае, я кладуся пад бачок, мы замаўляем піцу, каб не гатаваць, — і ўвесь свет пачакае.

— Ці часта атрымліваецца сустракацца?

— Часам бачымся раз у паўгода, але стараемся часцей. Зараз «Цёзка» — сувязіст. Бывае, ён суткамі заняты і спіць па дзве гадзіны, але бывае, што ў яго звычайная загрузка, і тады я магу яго наведаць.

Але мы пастаянна на сувязі, у бесперапыннай перапісцы 24 на 7, без «прывітанне» і «да пабачэння». Ён мне дасылае фотачкі сабачак, ведае маё слабае месца. Жартуе, што аднойчы прыедзе, а ў мяне восем сабак у кватэры. Але і сам любіць жывёл.

— Ці марыце вы пра час пасля вайны ці хаця б пасля службы?

— Мы хочам сабе дом на хутары, удалечыні ад усіх, адрас якога нікому не скажам (смяецца). Пажадана, каб ён знаходзіўся каля вады. І яшчэ там дакладна будуць арэлі. Гэта мая ўмова.

— Што, акрамя камунікацыі з блізкімі і жывёламі, вас радуе і займае зараз?

— Я не магу без творчасці. Напрыклад, шмат вяжу, вяжу ўсё запар: цацкі, адзенне. Мне гэта падабаецца і мяне гэта супакойвае. Вось зараз мы з вамі гаворым, а я давязваю кардыган.

Вось такія цацкі вяжа Настасся ў вольны час

А яшчэ, не паверыце, мяне цягне пісаць. Знайшла сваю кнігу пра пратэсты, калісьці яна была апублікаваная на ЛітРэс, але, паколькі гэта руская платформа, там даўно нічога няма.

Я хачу аднавіць гэтую кнігу, прычым ёсць магчымасць перакласці яе на беларускую мову.

— Пра што яна?

— Яна была напісаная ў 2021 годзе і прысвечаная падзеям, звязаным з Раманам Бандарэнкам. Там усё — ад моманту, калі мы даведаліся пра яго, потым пра тое, як перажывалі за яго, пра яго жахлівую смерць, і, вядома, пра пратэсты.

Гэта такая дакументальна-мастацкая кніга з выдуманымі персанажамі, але пра рэальныя падзеі. Плюс я ўжо задумала другую частку пра гэтых самых герояў, толькі на вайне.

Каментары

Цяпер чытаюць

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду10

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Усе навіны →
Усе навіны

У Гродне сабак везлі ў адкрытым багажніку, адзін з іх выпаў падчас руху ВІДЭА1

Шалёны манеўр матацыкліста ў Гомелі трапіў на ВІДЭА2

Статкевіч: Лідары руху за дэмакратыю павінны заставацца ў краіне, нават калі кошт гэтага вялікі. Дыяспара можа адыграць толькі дапаможную ролю60

Спачатку закапалі цела, потым адкапалі і спалілі, а прах развеялі. У Гомелі раскрылі забойства2

Брытанская разведка: На вайне ва Украіне загінулі амаль паўмільёна расійскіх салдат8

Ці абавязаныя рэстараны даваць ваду кліентам: гучнае рашэнне суда ў турыстычнай Італіі3

Хто той хлопец, які чакаў дзяўчыну пад дажджом у Мінску? Вы дакладна бачылі тое рамантычнае відэа20

Еўрасаюз пакуль не будзе прызначаць перамоўшчыка з Пуціным2

Байдэн судзіцца з адміністрацыяй Трампа праз уласныя мемуары2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду10

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць