Украінская пракуратура дала падрабязнасці пра справу, па якой, верагодна, праходзіць Мікіта Шацілін
Генеральная пракуратура Украіны паведаміла, што на Букавіне (Чарнавіцкая вобласць на мяжы з Малдовай і Румыніяй) была раскрытая маштабная схема незаконнай перапраўкі мужчын праз дзяржаўную мяжу. Як выглядае, гэта тая самая справа, па якой затрымліваўся сын кіраўніцы Місіі беларускіх дэмакратычных сіл ва Украіне Святланы Шацілінай Мікіта Шацілін.

Паводле звестак украінскай пракуратуры, у схеме ўдзельнічалі дзесяць чалавек, якія арганізавалі цэлы нелегальны бізнэс. Сярод тых, каго яны вывозілі за мяжу, былі не толькі вайсковаабавязаныя, але і дзейныя вайскоўцы.
Схема дзейнічала сістэмна: выкарыстоўваліся загадзя распрацаваныя маршруты, начная лагістыка, арандаваныя кватэры і гатэлі. Удзельнікі карысталіся GPS-навігацыяй, радыёстанцыямі, цеплавізарамі і дронамі. Ролі ў групе былі дакладна размеркаваныя.
Штомесяц удзельнікі групы незаконна перапраўлялі як мінімум 10 чалавек. Са снежня мінулага года такім чынам за мяжу выехалі каля 60 мужчын. Агульны прыбытак арганізатараў склаў больш за 700 тысяч даляраў.
Паведамляецца, што сярод удзельнікаў схемы былі дэпутат Ірпенскай гарадской рады (гэта, відаць, і ёсць Мікіта Шацілін) і супрацоўнік паліцыі з Чарнавіцкай вобласці. Паводле матэрыялаў следства, дэпутат займаўся перавозкай людзей і выкарыстоўваў свой статус, каб знізіць рызыку праверак, а паліцэйскі каардынаваў праезд праз блокпасты.
Пасля гэтага людзей хавалі, фармавалі ў невялікія групы і перапраўлялі ў Румынію па-за афіцыйнымі пунктамі пропуску.

Падчас расследавання правялі 27 вобшукаў у Чарнавіцкай вобласці і Кіеве. Былі канфіскаваныя дроны, GPS-трэкеры, цеплавізары, камеры відэаназірання, 58 мабільных тэлефонаў, радыёстанцыі, камп’ютары, дакументы, экіпіроўка, зброя і вялікія сумы наяўных грошай у розных валютах.

Усіх удзельнікаў затрымалі і паведамілі ім пра падазрэнні ў незаконным перапраўленні людзей праз мяжу, а таксама ў перашкоджанні дзейнасці ўзброеных сіл у асаблівы перыяд.
Суд ужо выбраў усім падазраваным меры стрымання. Паводле заканадаўства, ім можа пагражаць да 9 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Мікіта Шацілін — ветэран вайны, ён браў удзел у баявых дзеяннях на баку Украіны яшчэ ў 2014 годзе. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ўдзельнічаў у абароне Ірпеня, Барадзянкі і Макарава. Узнагароджаны ордэнам «За мужнасць» III ступені.
Сёння стала вядома пра ягонае затрыманне, але бліжэй да вечара мужчыну выпусцілі — ён запісаў відэа, на якім ідзе па вуліцы, пацвярджае сваё затрыманне, якое адбылося 26 мая. І дадае, што «даваць каментары па справе яму забаронена ўкраінскім заканадаўствам».
Каментары