Грамадства22

Кобрынца, які застаўся без нагі пасля выбуху машыны, пасадзілі за кантакт з журналістамі. Пасля вызвалення ён расказаў сваю гісторыю

57‑гадовы Аляксандр Краўчук некалькі гадоў судзіўся з дзяржавай за справядлівасць, пакуль сам не трапіў за краты як палітвязень. Мужчына расказаў «Нашай Ніве» сваю гісторыю.

Фота: архіў суразмоўцы

Аляксандр збірае грошы на замену пратэза. Калі вы можаце паўдзельнічаць, то дапамажыце, калі ласка, тут.

«Што гэта за расследаванне?»

Аляксандру Краўчуку 57 гадоў, і большую частку з іх ён пражыў у родным Кобрыне. Мужчына завёў там сям’ю, а таксама ўзначаліў два бізнэсы — вытворчасці па дрэваапрацоўцы і продажы піламатэрыялаў. 

У 2011‑м Аляксандр набыў сабе газавы фальксваген. Праз тры гады, у 2014-м, яму пазванілі з прадстаўніцтва дылера Volkswagen «Атлант-М» і сказалі, што варта замяніць балоны ў машыне — праз заводскі брак некаторыя з іх выбухнулі ў Еўропе. Аднак замянілі толькі заднюю пару і загадалі чакаць званка наконт астатніх балонаў.

Аляксандр і не чакаў, што нешта можа пайсці не так:

«Мне да гэтага памянялі маленькія балоны, а вялікія балоны пакінулі. Не было ніякіх забаронаў карыстацца тым абсталяваннем. Дадаткова спытаў пра гэта і мне пацвердзілі, што карыстацца можна. Адзінае што мне пазванілі і папрасілі, каб я да іх пад’ехаў і яны агледзелі тыя балоны, якія засталіся. 

Калі я першы раз да іх заехаў, яны перакрылі газавае абсталяванне, каб я ім не карыстаўся. А калі ўсё памянялі, яны ўсё адкрылі. Я давяраў ім і лічыў, што гэта салідная фірма і яны павінны былі б неяк адрэагаваць, калі б нешта было не так».

У жніўні 2016‑га мужчыне пазванілі, і ён разам з жонкай і сынам паехаў у Мінск на агляд тых самых балонаў. Па дарозе яны заехалі на запраўку «Газпром трансгаз Беларусь», і там балоны выбухнулі. Жонка і сын Аляксандра амаль не пацярпелі, а вось яму самому аскепкамі адарвала нагу ніжэй за калена.

З запраўкі мужчыну на хуткай адвезлі ў бальніцу, і хутка пачалося расследаванне. Праўда, вялікай актыўнасці ў ім сілавікі доўга не праяўлялі.

«Калі мяне перавялі з рэанімацыі ў палату, прыходзіць да мяне следчы Палуянчык з баранавіцкага Следчага камітэта. Кажа, няма там ніякіх праблем, і выбух — проста выпадковасць. Я яму задаў некалькі пытанняў, спытаў, ці мералі ціск, а ён кажа — маўляў, не, мы ўсё стравілі, гэта небяспечна. Што гэта за расследаванне? 

Аляксандр Краўчук. Фота: «Радыё Рацыя»

Яны нават не распачалі крымінальную справу — казалі, навошта яе распачынаць, калі гэта выпадковасць, зладзілі нейкую праверку замест гэтага. Дык па факце можна было распачынаць!»

Паўтара года пасля выбуху Аляксандр пісаў скаргі на тое, як ідзе расследаванне, звяртаўся ў СМІ. У лістападзе 2017‑га мужчына сустрэўся з кіраўніком Следчага камітэта Іванам Наскевічам, і ў той жа дзень, 2 лістапада, нарэшце з’явілася крымінальная справа па выбуху.

Следства, кажа мужчына, доўжылася пяць гадоў. У выніку знайшлі вінаватых:

«За тры месяцы да выбуху я рабіў праверку тых балонаў у адной кобрынскай фірме. Дык распачалі крымінальную справу датычна яе кіраўніка, потым і прысуд яму вынеслі — 2,5 года ўмоўна. Усё было так нацягнута.

Перад тым нешта ўсё затармазілася, я яшчэ сустрэўся з Сергеенкам (кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі з 2019 па 2024 гады — НН). Патлумачыў сітуацыю — кажу: што ж гэта ў вас робіцца? І тады рух пайшоў».

У выніку Аляксандру прысудзілі 10 тысяч рублёў маральнай шкоды. Яго сын, які таксама пацярпеў падчас выбуху, атрымаў 1000 рублёў. 

Краўчук, аднак, не здаўся і працягнуў падаваць наглядныя скаргі, спадзяючыся дамагчыся перагляду сваёй справы, і не пакідаў гэтага да красавіку 2024-га, калі яго арыштавалі. 

«Калі адашлеце наглядную скаргу, таксама сядзеце, а дачка пойдзе ў прытулак»

Мясцовая прапаганда перыядычна прысвячала Краўчуку цэлыя пасквілі. Напрыклад, у маі 2021‑га кобрынскі праўладны сайт надрукаваў нататку пра штрафы Аляксандра за «экстрэмісцкія» пасты і лампадкі ў горадзе ў гонар Рамана Бандарэнкі. Слоў там не шкадавалі:

«Нястрымная нянавісць і пякельная злосць… Менавіта так можна ахарактарызаваць перманентныя паводзіны кобрынца Аляксандра Краўчука. Гэты грамадзянін заўжды марыў праславіцца сярод пэўнага кола асобаў гэткім Дон Кіхотам, які нібыта змагаецца са зненавідным яму рэжымам».

Фота: tut.by

Пасквілямі справа не абмяжоўвалася. У мужчыны было каля дзесяці вобшукаў дома, на яго ў суме завялі не менш за 30 адміністратывак. Штрафы Аляксандр не аплочваў — грошы на іх яму вылічвалі з пенсіі.

Але жыццё працягвалася. Аляксандр з жонкай прадалі дом і перабраліся на хутар, дзе адкрылі аграсядзібу, таксама бюджэт папаўнялі за кошт невялікай пенсіі Аляксандра па другой групе інваліднасці і грошай з продажу хаты, былі і падпрацоўкі. На жыццё хапала, хаця і на сціплае.

«У 2020‑м прыехаў на прыём да Ірыны Касцевіч, тагачаснай міністаркі працы. Напісаў на плакаце «Дапамажыце інваліду прававой сацыяльнай дзяржавы».

Следчая пазней пыталася ў мяне, што гэта было. Я ёй адказваў — маўляў, прасіў міласціну, таму што пасля таго, як я страціў нагу, фінансавае становішча было не найлепшае. Пасля гэтага мне больш ніякіх пытанняў не задавалі», — успамінае Аляксандр.

22 красавіка 2024‑га Краўчук вярнуўся з паездкі ў Польшчу, а ранкам 23‑га здарылася, як ён кажа, маскі-шоу — прыйшлі сілавікі.

У той жа час, як яны былі на хутары, туды прыйшоў ліст з чарговай нагляднай скаргай, якую вярнулі Аляксандру.

«Там было напісана, каб я аплаціў дзяржпошліну і зноў адаслаў тую скаргу. Кажу жонцы — добра, аплаці і дашлі. Ужо разумеў, што мяне будуць арыштоўваць. Тады адзін з сілавікоў кажа — маўляў, калі вы гэта зробіце, вы таксама сядзеце, а дачка пойдзе ў прытулак», — кажа мужчына.

Аляксандра ў выніку адвезлі ў брэсцкае СІЗА-7. Там ён, 55‑гадовы мужчына з другой групай інваліднасці, правёў дзевяць месяцаў.

Пра ўмовы ён расказвае стрымана: «Як там было? Розныя насякомыя, цесната, няма вентыляцыі, спёка, падвальныя камеры былі асабліва страшэнныя.

Збольшага ўвесь ціск быў праз тое, каб я прызнаў віну. А паколькі віны я не прызнаваў, ціск быў даволі сур’ёзны ўсе дзевяць месяцаў. Шчыра кажучы, я ўжо хацеў, каб хутчэй прайшоў суд і я паехаў у калонію».

Аляксандра абвінавацілі па арт. 361‑4 ч. 1 і 2 («спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Усё праз тое, што мужчына расказваў пра ўсе спробы дамагчыся справядлівасці па сітуацыі з нагой журналістам з «Радыё Рацыя». 

Віны ён у выніку так і не прызнаў. Аляксандр кажа, што гутарыць з журналістамі — яго права.

Мужчына прызнаецца, што ў СІЗА яму было вельмі цяжка:

«Было складана і праз умовы, і праз пастаянны зневажальны ціск на мяне. Увесь час мяне змяшчалі ў камеры з дрэннымі ўмовамі. Так разумею, ціск быў праз тое, каб я прызнаў віну, бо да людзей, якія яе прызнавалі, стаўленне звычайна было лаяльнае. У СІЗА, здаецца, 38 ці 39 камер, і не было камеры, дзе я б не пасядзеў.

Фота: архіў суразмоўцы

Мы прасілі, каб мяне пакінулі пад хатнім арыштам ці выпусцілі пад заклад, ва ўсім адмовілі, то-бок было ясна, што яны мяне хочуць замкнуць. Проста 20 снежня заканчваўся тэрмін падачы нагляднай скаргі».

Краўчук пісаў чыноўнікам, што ягоны пераслед звязаны з грамадзянскай справай па выбуху — маўляў, чыноўнікі не хочуць, каб Аляксандр мог абскардзіць яе вынікі. А яму адказвалі, што тэрміны падачы скаргі сышлі.

Такіх, як Аляксандр Краўчук, шмат. Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны 9594 людзей, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы) зачапілі каля 500 тысяч беларусаў. Некалькі соцень тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну. 

4 лютага 2025‑га Аляксандр апынуўся ў бабруйскай калоніі №2, большую частку таго тэрміну ён правёў у медчастках і турэмных бальніцах. Чарговы раз Аляксандр вярнуўся ў калонію ў снежні 2025-га. А праз некалькі дзён, 13‑га снежня, яго нечакана разбудзілі а 4:30 раніцы і сказалі збіраць рэчы. Краўчук зразумеў, што гаворка пра вызваленне.

«Рукі і ногі замотвалі скотчам — думаю, гэта каб людзі не маглі паўтарыць учынку Мікалая Статкевіча»

Аляксандр быў адным са 123 палітзняволеных, каго вызвалілі ў той дзень і выслалі з Беларусі. Ён успамінае абставіны той дэпартацыі:

«Мех на галаву, як некаторым іншым, мне не апраналі. Проста нацягнулі мне на вочы шапку, я спрабаваў яе падняць, а яны падыходзілі і зноў нацягвалі.

Нас вывозілі. Стараліся, каб людзі нічога не бачылі: каму шапкі на вочы нацягвалі, каму пакеты на галаву насоўвалі. Рукі і ногі замотвалі скотчам — думаю, каб людзі не маглі паўтарыць учынку Мікалая Статкевіча, які застаўся ў Беларусі падчас спробы дэпартацыі. Я быў на мыліцах, і мне ні рукі, ні ногі не замотвалі — разумелі, што і так я нікуды не збягу».

Пасля некалькіх дзён ва Украіне былых палітвязняў вывезлі ў ЕС, і Аляксандр вырашыў застацца ў Польшчы, дзе ў яго ўжо жылі родныя. Цяпер ён жыве з дачкой у Варшаве.

У апошні час у мужчыны з’явілася новая праблема — ягоны пратэз ледзь трымаецца, бо на ім зламалася ступня. Знаёмы дапамог крыху адрамантаваць той пратэз, але Краўчук усведамляе, што трэба рабіць новы. Цяперашні, які яму рабілі дзесяць гадоў таму ў Беларусі, можа разваліцца ў любы момант.

Фота: архіў суразмоўцы

А калі ўжо рабіць, то сапраўды якасны пратэз. Аляксандр прызнаецца, што з тым, беларускім, ён фактычна пакутаваў:

«Ампутацыя была вельмі блізка да калена, таму ў Беларусі не ўдалося мне зрабіць добры пратэз, на ім было складана хадзіць. З’яўляліся пацёртасці, сляды ад ціску пратэза, і часта даводзілася чакаць, пакуль усё загоіцца, бо карыстацца пратэзам было немагчыма. 

А ўжо ў Польшчы мне сказалі, што для людзей з кароткімі кульцямі ёсць спецыяльныя тэхналогіі, і яны няблага сябе зарэкамендавалі. То калі атрымаецца зрабіць такі пратэз, магчыма, буду лепш хадзіць».

Замаўляць пратэз мужчына плануе ў нямецкай кампаніі Ottobock. Яшчэ падчас судоў па назе ў Беларусі Аляксандр паказваў паперы пра магчымасці той кампаніі, але яго адправілі рабіць пратэз за кошт дзяржавы.

Калі будзе функцыянальны пратэз, Аляксандру стане прасцей знайсці сабе працу. У Польшчы шмат зроблена, каб палегчыць працу для людзей з інваліднасцю — напрыклад, дзяржава выплачвае працадаўцу грошы за тое, што ў яго працуе інвалід. Трэба толькі падвучыць польскую мову, каб адчуваць сябе больш упэўнена ў пошуках.

Пры канцы гутаркі мужчына дзеліцца вялікім расчараваннем. Ёсць шмат беларусаў замежжа, якім цяжка і якія не маюць дастатковай падтрымкі з боку дэмсіл, на якую шмат хто з іх разлічваў:

«Тут не вырашанае пытанне дапамогі беларусам пенсійных гадоў, інвалідам. Мне прасцей, бо ў мяне і карта паляка ёсць, і польскае пасведчанне аб інваліднасці, налічылі трохі дапамогі на арэнду кватэры. А як іншыя людзі жывуць? Выдатна разумею, што шмат хто не можа працаваць і не мае ні ад каго дапамогі.

Дзякуй вялікі людзям, якія нам дапамаглі, але тыя грошы заканчваюцца. А як далей жыць? Людзі ж сюды не на дзень прыехалі, і гэтых людзей не так шмат. Мне прасцей — сын тут працуе і дапамагае, ёсць нешта ад польскай дзяржавы, у будучыні, думаю, знайду працу».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • пан Гулува
    09.06.2026
    трэ было на Фальксваген у́ суд падаць
  • 09082020
    09.06.2026
    No comments. Збор падтрыманы

Цяпер чытаюць

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»17

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»

Усе навіны →
Усе навіны

22‑гадовы хлопец, якога шукалі валанцёры, знойдзены мёртвым1

Вайна ва Украіне дагнала па працягласці Першую сусветную1

На Кубані следам за анексаваным Крымам пачаліся перабоі з бензінам3

Ніводнага мінскага, гомельскага, італьянскага ці французскага. Затое ў Магілёве будуюць ужо чацвёрты расійскі дворык, гэтым разам — з мядзведзем13

Статкевіч: Для Беларусі можа стварыцца такая сітуацыя, што ўсе дзяржавы вакол нас будуць мець ядзерную зброю5

Зяленскі прапанаваў Лондану накіраваць грошы Абрамовіча на ўзмацненне ўкраінскай СПА1

Новы трэнд у вясельнай модзе: на змену сукенцы прыходзіць касцюм са спадніцай3

Украіна атакавала цэнтр вытворчасці беспілотнікаў на аэрадроме пад Разанню

Зяленскі правёў «вельмі пазітыўную размову» са Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»17

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць